Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Адбыўся акустычны канцэрт

Адбыўся акустычны канцэрт

Калі зіма не зіма і не вясна, і не восень, лекаваць дэпрэсіўны настрой можна толькі музыкай нашага ўлюбёнага гурта. 27-га студзеня адбыўся чарговы акустычны паўпадпольны канцэрт у Графіці. Клюб, пасля страты ліцэнзіі на гандаль алкаголем, перажывае ня лепшыя часы. Сіратліва глядзяцца пустыя палічкі ў бары. Хаця б запоўнілі іх бутэлькамі пэпсі якой...

Але, уласна на канцэрт, гэта не паўплывала. Усё было вельмі цёпла і душэўна. Музыкі жартавалі, па-добраму кпілі з "віртуоза" Паўлава, адказвалі на глядацкія пытаньні. Нават выканалі ўсе тры паза-альбомныя песьні: "Таварыш дэпутат", "Пете Пафф" і "Дарагія мае старыкі". Што праўда, з апошняй успомнілі толькі адзін куплет. Гледзячы, як добра успрымае публіка гэтыя кампазіцыі, падумалася: а чаму б не ўключыць іх у новую плытку (хаця б, у якасці бонуса)?. Як заўсёды, выхад новага альбому быў абяцаны праз месяц-два. Лявон паабяцаў на ім шмат сюрпрызаў і новае гучаньне ад НРМ -- з духавой сэкцыяй і губным гармонікам. Губны гармонік у Графіці быў, а вось духавая сэкцыя напэўна не змясьцілася.

Выконвалі з Народнага Альбому (нават рэп пра Казіка ды Юзіка), з "Я нарадзіўся тут" і, натуральна, з уласнай творчасьці. Былі старыя-старыя песьні (Адзірыдзідзіна), проста старыя (Фабрыка, Пакаленьне, Худсавет...), новыя-старыя (Гадзючнік, Мінск-Менск) і амаль-што зусім новыя (Мы жывем на падводнай лодцы).

Шэрагі НРСМу на гэты раз былі вельмі нешматлікія. Заўважаны былі Касьцюшка, Кэт, Ля... Дзяўчынкі і хлопцы! А-ў-у, дзе ж вы падзеліся?!

Апублікавана 05.02.2007 by  Андрэй. Абмяркаваць на форуме