Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Дзень Волі з НРСМ

Дзень Волі з НРСМ

Дзень ВоліДзень Волі 2007 атрымаўся сонечным, вясёлым, зацятым і вельмі аптымістычным. Гэтым разам ўлады абралі тактыку “блякіраваць і рассякаць”. Ад раніцы плошча Каліноўскага была ачэпленая спецназам. Пасьля адзінаццатай кардоны міліцыянтаў з’явіліся за два кварталы па ўсіх напрамках ад яе. Прайсці маглі альбо жыхары прылеглых дамоў (пры наяўнасьці пашпарту), альбо наведвальнікі балету ў Палацы Рэспублікі (па квіткох). У выніку, большая частка людзей (блізу дзесяці тысячаў) сабралася каля Цырку, а меньшая (дзьве-тры тысячы) – каля ГУМу. Апошнія, каб злучыцца з асноўнай группай, вырашылі спусьціцца па Інтэрнацыянальнай да Багдановіча і адтуль па вуліцы Янкі Купалы выйсьці да Цырку.

Дзень ВоліАле, ўжо на рагу з Інтэрнацыянальнай нас сустрэў кардон АМОНу. Пасьля невялікай сутычкі было вырашана ісьці праз Гарадскі Вал. Мінуўшы будынак КДБ Мілінкевіч забраўся на прыступкі і зьвярнуўся да людзей. АМОНаўцы паспрабавалі акружыць яго і арыштаваць, але мітынгоўцы адбілі атаку. Увогуле, такія сутычкі адбываліся пад час усяго руху калёны. Нарэшце, выйшлі да гандлёвага дому “На Нямізе”. З міліцэйскіх рацыяў чулася: “Няхай ідуць куды жадаюць”, але каля маста людзей сустрэў чарговы кардон. Ён быў нейкі хліпкі, ў адзін шэраг чорнакашульнікаў, і хлопцы ўжо амаль вырашылі прарваць яго, але Мілінкевіч зьбіў парыў і павёў усіх да Палацу Спорту дзе... людзей чакаў чарговы кардон спэцназу. У выніку калёна была падзеленая на дзьве часткі па розных бакох прашпекту Машэрава. Тыя, што апынуліся каля Палацу Спорту арганізавана пайшлі да Акадэміі Навук, а другая частка, адціснутая ўрэшце да мэтро Фрунзенскай, дабіралася рознымі шляхамі. Прынамсі мы ехалі спачатку на мэтро, потым на тралейбусе і ўжо ад Камароўкі дабіраліся пешшу. Трэба падзякаваць міліцыі за тое, што пра нашу акцыю даведалася нашмат болей жыхароў сталіцы, чым звычайна. Адзін “захоп” цягніку ў мэтро са сьцягамі і клічам “Жыве!” дарагога каштуе...

Дзень ВоліЛя Акадэміі сабралося багата людзей. У паветры луналі бел-чырвона-белыя і сінія эўразьвязаўскія сьцягі. Замест абяцанага канцэрту прагучала колькі фанаграмаў. Што і зразумела: трапляць у чорны сьпіс нікому ня хочацца, а ягоныя сталыя рэзідэнты знаходзіліся у гэты момант далёка -- у Варшаве. Нарэшце, прысутныя сябры НРСМ сабраліся разам. Былі: К., К., G., W., R., K. (выбачайце, калі каго не ўспомніў, альбо ня змог ідэнтыфікаваць!). Пастаяўшы гадзіну, ўважліва паслухаўшы прамовы выступоўцаў, добра папляскаўшы ў ладкі ды ад душы паскандаваўшы “Жыве Беларусь!”, па заканчэньні мітынгу, пастанавілі: ісьці на піва ў ськвер за Філярмоніяй. Там сабралося багата нашых і... некалькі аўтазакаў з АМОНам. Настрой ва ўсіх быў добры, мы іх не чапалі, яны нас таксама. Нават ня гледзячы на невялічкі б-ч-б сьцяжок. Цікава было назіраць, як гэныя бравыя хлопцы па тры (каб не пабілі?) наведвалі Філярманічную прыбіральню. Былі сярод іх і свайго роду “нефармалы”, што апраналі бейсболкі брылём назад...

Пасьля таго, як першая партыя піва была выпіта і ўсе чыпсы пад’едзены, сьвята плаўна перамясьцілася на сядзібу Z. Але, гэта ўжо зусім іншая гісторыя...

PS: выкладайце фотаздымкі на форуме, калі хто рабіў.

Фота Юліі Дарашкевіч.

Апублікавана 28.03.2007 by  Андрэй. Абмяркаваць на форуме