Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › “Басовішча 2007”: калі, дзе і як?

“Басовішча 2007”: калі, дзе і як?

Сёлетні фэстываль “Басовішча” будзе ўжо 18-м па ліку. Ён пройдзе 20-21 ліпеня каля мястэчка Гарадок на Беласточчыне. Па сваёй структуры “Басовішча” ня будзе надта адрознівацца ад папярэдніх фэстаў. У першы дзень наведнікаў чакае вялікая праграма з выступу леташніх пераможцаў і гасцей. Другі фэстывальны дзень распачне конкурсная частка, пасля якой выступяць зоркі беларускай рок-сцэны.

Пра конкурс

Традыцыйна ў конкурсе на “Басовішчы” бяруць удзел 10 маладых гуртоў. Папярэдне ўдзельнікі вызначаюцца ў Беларусі - на так званым “Адборышчы”. Дарэчы, ужо стартаваў збор заявак ад удзельнікаў. Каардынаваць увесь працэс падрыхтоўкі да “Басовішча” ў Беларусі будзе сябра рэдакцыі інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” Аляксей Мінчонак. З патрабаваньнямі да заявак і са спосабамі іх адпраўкі можна пазнаёміцца на адмыслова створанай старонцы - www.music.fromby.net/bas.

Удзельнікаў конкурсу на “Басовішчы” будзе абіраць экспэртнае журы, у склад якога войдуць вядомыя музычныя журналісты, прадусары, а таксама асобы, абазнаныя ў беларускай музыцы. Менавіта гэтыя людзі сфармуюць сьпіс 20-ці гуртоў, якія й возьмуць удзел у “Адборышчы”. Яны ж будуць вызначаць пераможцаў адборачнага канцэрту.

Адметнасьць 2007 году: стаць сябрам журы зможа любы ахвочы. Дзеля гэтага ён мусіць узяць удзел у інтэрнэт-галасаваньні на “Тузіне Гітоў”.

Пра інтэрнэт-адбор

Практыка інтэрнэт-адбору аднаго ўдзельніка конкурснай часткі “Басовішча” зьявілася два гады таму. У 2005-м наведвальнікі “Тузіну Гітоў” абралі да ўдзелу гурт “Recha”, а ў 2006-м - гурт “Моцарт”.

Сёлета арганізатары вырашылі крыху змяніць правілы інтэрнэт-адбору. Па-першае, да ўдзелу ў галасаваньні дапусьцяць толькі гурты з кароткага сьпісу (20 камандаў), што вызначыла журы. Як і раней, гурт, які заняў 1-е месца, аўтаматычна едзе на конкурс без удзелу ў “Адборышчы”. А вынікі астатніх 9-ці пераможцаў будуць даданыя, як голас асобнага сябры журы, на адборачным канцэрце падчас вызначэньня ўдзельнікаў конкурсу. Пры гэтым, наведнікі “Тузіну Гітоў” змогуць галасаваць адразу за 1, 2 ці 3 гурты, а не выключна за 1, як гэта было ў мінулыя гады.

Што будзе на фэстывалі?

Праграма “Басовішча” канчаткова будзе вызначаная напрыканцы траўня. Ужо цяпер вядуцца перамовы з вядомымі беларускімі гуртамі, якія пастаянна выступаюць на “Басовішчы”. Гэта “Крама”, N. R. M., Neuro Dubel і г.д. Арганізатары плянуюць запрасіць да удзелу ў фэсце гурты з іншых краінаў - Польшчы, Украіны, Літвы і Італіі. Пакуль пад сумневам знаходзіцца правядзенне так званай "Вольнай сцэны" (гэта частка фэсту, падчас якой выступаюць гурты, якія ня ўдзельнічаюць у конкурсе). Паводле арганізатараў, мэтазгоднасьць "Вольнай сцэны" вызначыцца пасьля сканчэньня прыёму заявак на конкурс.

Апублікавана 10.05.2007 by  Андрэй.