Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › N.R.M. у Познані

N.R.M. у Познані

3 верасьня ў Познані адбыўся канцэрт N.R.M.. Разам з Варшавай, Уроцлавам і Беластокам Познань стаўся адным з гарадоў, якія ўвайшлі ў польскую трасу гурта. Музыкі зайгралі на адкрытай пляцоўцы на Лэнгах Дэмбінскіх, месца цесна зьвязанае зь дзейнасьцю “Салідарнасьці”. Канцэрт быў прымеркаваны да 25 гадавіны пачатку супрацьстаяньня савецкай дыктатуры. Побач з N.R.M. на сцэну выходзілі іхнія польскія сябры “Страхі на Ляхі”, познаньскія рэпэры з “Мэза”, украінскія рэвалюцыянэры з “Greenjoly” і забаронены ў часы камунізму “Маnaам”. Беларусы выступалі двойчы, на пачатку і бліжэй да закачэньня. Акрамя старых гітоў, як “Одзірыдзідзіна”, “Лепей ня будзе” і “Партызанскай” прагучалі таксама дзьве новыя песьні “Go home” і “Мы пераможам”, якія з роўным энтузіязмам былі прынятыя тутэйшымі фэнамі рока. “Беларускі гурт №1”, як шматкроць называлі N.R.M. вядоўцы, прасьпявалі супольна з музыкамі з “Страхі на Ляхі” песьню “Тры чарапахі” і гімн Салідарнасьці “Муры”. Пасьля другога выхаду на сцэну N.R.M. выклікалі на біс і яны яшчэ раз зайгралі “Трох чарапах”. Калі музыкі сыходзілі, публіка некалькі разоў праскандавала “Вольна Бялорусь” і “Дзенкуемы”. На працягу ўсяго канцэрта N.R.M. падрымлівалі шматлікія сябры Беларускага Культурна-Асьветніцкага Цэнтра ў Познані, якія разгарнулі бел-чырвона-белыя палотнішчы. Увесь канцэрт трансьляваўся польскай рэгіянальнай тэлевізіяй і познаньскімі радыёстанцыямі. Па канцэрце праваруч ад сцэны выстраілася чарга ахвотных набыць альбомы і аўтографы. Праграму закончылі вагнявое шоў і фэерверкі.

Паведамляе "Тузін гітоў"

Апублікавана 16.09.2005 by  Slaver. Абмяркаваць на форуме