Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Гурт “Крамбамбуля” выдаў адразу два дыскі

Гурт “Крамбамбуля” выдаў адразу два дыскі

Гурт КрамбамбуляГурт “Крамбамбуля”, вядомы флагман беларускай пазітыўнай музыкі, адзначыў 5-годдзе і выдаў адразу два дыскі – выніковую складанку “Крамбамбуля The Best” і цалкам новы альбом “Крамбамбуля Святочная”.
VIP-прэзентацыя абедзвюх плытак праходзіла ў рэстаране “Савецкі”, былой дачы савецкіх міністраў. Мерапрыемства было вытрымана ў стылістыцы лепшых гадоў застою: з хлебам-соллю, транспарантамі, мітынгам, кількай, “Беламорам” і г.д. Галоўнай часткай імпрээзы натуральна стаў выступ гурта, падчас якога прагучалі і лепшыя хіты, і песні з новага альбому.

У госці да “Крамбамбулі” завіталі самыя розныя людзі, сярод якіх былі музыкі Аляксандр Кулінковіч і Аляксей Шадзько, актрыса Святлана Зелянкоўская, трэнер ФК “Дынама” (Мінск) Аляксандр Хацкевіч, драматург Андрэй Курэйчык, пісьменннік Адам Глобус, тэлевядучыя Тамара Лісіцкая і Люся Лушчык, мадэльер Іван Айплатаў, вядучы беларускага Comedy Club Яўген Булка, дыпламаты з Чэхіі, Літвы і Швецыі, прадстаўнікі беларускага бізнэсу і мас-медыя.

Трэба адзначыць, што “Крамбамбуля” выдала адразу два дыскі пасля 2,5-гадовай паўзы. Лідар гурта Лявон Вольскі патлумачыў гэта наступным чынам: “Калі мы пабачылі, што альбом гатовы, вырашылі не цягнуць з выданнем, нягледзячы на “бэст”, прымеркаваны да 5-годдзя. За два гады вельмі надакучыла адказваць на пытанне “калі ўжо новы альбом”, і яшчэ 3-4 месяцы гэтых роспытаў было б вельмі цяжка вытрымаць”.

Складанка “Крамбамбуля The Best” утрымлівае 15 лепшых песень за 5 год, сярод якіх эксклюзіўны трэк “Край гарачых добрых сонцаў”. Таксама дыск мае мультымедыйную секцыю, якая змяшчае тры відэакліпы, чатыры дадатковыя песні ў mp3, фотаздымкі, а таксама тэксты і акорды ўсіх песень.

Новы альбом “Крамбамбуля Святочная” – гэта 12 песень, прысвечаных розным святам, сярод якіх урачыстыя (Новы год, дзень нараджэння), рамантычныя (дзень св. Валянціна), смешныя (дзень дурня), інтэрнацыянальныя (дзень св. Патрыка, Хэлаўін) ды інш. Мультымедыйны трэк утрымлівае тэксты песень і падрабязную інфармацыю пра гісторыю кожнага свята.

music.tut.by

Апублікавана 31.05.2007 by  Андрэй.