Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Новы кліп Піта Паўлава - заўтра на MTV

Новы кліп Піта Паўлава - заўтра на MTV

Pit PaulauНарэшце на Беларусі зьявіўся музычны кліп, што практычна ні ў чым ня саступае высакаякасным замежным відэа – хіба толькі мае куды меншы бюджэт. Я маю на ўвазе кліп гурта GARADzKIJA “Kaubasic dy pluscyc”. Прэзэнтацыя відэароліка адбудзецца ў пятніцу 15 чэрвеня ў 21:30 на канале беларускага MTV. Пра тое, як і дзе праходзілі здымкі, хто прыклаў да іх сваю руку і адкуль у кліпе столькі прывабных дзяўчын, "Тузіну Гітоў" распавёў лідэр гурта – “гарадзкі” чалавек, сталічны моднік і знакаміты гітарыст Піт Паўлаў.

Garadzkija. Каўбасіць ды плюшчыць“Сцэнар кліпу я трымаў у галаве гады тры, – кажа Піт. – Але на той час на ягоныя здымкі не было грошаў. Дакладней, сродкі былі, але не такія вялікія, каб зьняць усё так, як я гэта бачыў”. Магчыма, з тае прычыны і зьявіўся кліп на песьню “Jak manekien”, зьняты адным плянам – памятаеце, у ім Піт сядзіць на прыпынку – “як манэкен” – і чагосьці чакае. Сядзіць цэлы дзень і чакае, пакуль людзі сьпяшаюцца па сваіх справах. “Але менавіта “Kaubasic dy pluscyc” мусіў стаць нашай візытнай відэакарткай”, – адзначае спадар Паўлаў.

Ролік зроблены вельмі якасна і сапраўды выглядае нятанна – зразумела ў межах нашых беларускіх рэаліяў. “Доўгі час мы шукалі добрага рэжысэра, які б здолеў зьняць усё так, як я сам сабе гэта ўяўляю. Нарэшце Ўладзімер Максімкоў параіў зьвярнуцца да Юрыя Стаюнічава. Сьпярша мы сумняваліся, бо Юры ніколі спэцыяльна не займаўся музычным відэа. Добра, што пагадзіліся – атрымалася тое, што атрымалася”. Прадусарам выступіў чалавек зь імем Багдан.

Сюжэт наступны: герой Піта прачынаецца зранку ў сваім ложку і, мусіць, не зусім пазнае дзяўчыну, што ляжыць побач – “здавалася, пасьпееш толькі вочы расплюшчыць, як адразу пачынае цябе каўбасіць ды плюшчыць...” – ён хуценька апранаецца і выходзіць з хаты. Трапляе ён на глямурную паці, дзе ягоныя сябры “запальваюць” у кампаніі тузіна вельмі прыгожых дзяўчын. “Мы ладзілі спэцыяльны кастынг – у кадар трапілі самыя прывабныя. У маёй галаве ўвесь час круціўся адзін з кліпаў Pussycat Dolls, дзе яны таньчаць і катаюцца на машыне”.

Беларускія дзяўчыны апынуліся нічым ня горшымі за амэрыканскіх “лялек” – глямурна апранутыя, з якасным яскравым мэйк-ап'ам і стылёвымі фрызурамі, яны ўсьміхаліся ў камэры, аблізвалі вусны, пацягвалі дарагія кактэйлі і зусім па-галівудзку перакідвалі свае доўгія ногі.

Але дзявочае хараство ня надта цікавіць нашага героя – ён накіроўваецца да кампутара з пазнавальныя лёгам ADSL.BY (а менавіта яны пакрылі значную частку выдаткаў на здымкі відэа) і празь яго трапляе… на дах! Там ужо яго чакаюць музыканты, і іх усіх пачынае “каўбасіць і плюшчыць” у самых лепшых традыцыях Linkin Park. Апроч іх узгадваецца і адзін з кліпаў расейскіх “Зьвяроў”. “Але ў іх там усё выглядае нуднавата. Яны проста стаяць на даху і граюць”, - кажа Піт. “Гарадзкія” ж і скочаць, і танчаць, і дэманструюць файнае валоданьне музычнымі інструмэнтамі. Сцэну здымалі на даху дома, дзе месьціцца майстэрня Андрэя Вялікжаніна. “Ён выкладае ў Акадэміі Мастацтваў і вельмі дапамог нам у некаторых тэхнічных пытаньнях”, – адзначае Піт. А прабуджэньне героя і вечарыну здымалі ў студыі фатографа Данілы Парнюка.

Некаторыя паборнікі маралі могуць абвінавацяць Піта ў залішнім эратызьме зьместу роліка. Маўляў, зашмат прыгожых дзяўчын, зашмат аголенага цела (упс!), занадта задаволена блішчаць вочы ў хлопцаў… Музыка з такім меркаваньнем ня згодны: “Якая эротыка? Усё вельмі сьціпла. Магчыма, адзін такі момант і ёсьць на ўвесь ролік – калі адна з дзяўчын робіць масаж Алезісу”.

Але тут Піт крыху лукавіць – возьмем той момант, калі галоўны герой раптоўна правальваецца праз дах і акурат трапляе на канапу да дзьвюх пекных блізьнятак. Тыя адразу ж бяруць яго ў свае абдымкі – “а я ніколі не бяру да ўвагі шчырыя сяброўскія заўвагі…”. Герой катэгарычна адмаўляецца ад прапанаваных кактэйлю ды цыгарэты, але ў цэлым выглядае вельмі задаволеным. “Сёстраў Касю ды Волю Кароль я ўпершыню заўважыў у “0,5”. Наступным разам, як толькі іх убачыў, прапанаваў ім зьняцца ў кліпе”. Эфэктныя брунэткі падышлі да справы вельмі адказна – падабралі адпаведную вопратку і прывялі сваю ўласную грымёршу.

Прэм'ера кліпа адбузецца на беларускім MTV, у пятніцу ў 21:30.

УВАГА: першы, хто здагадаецца, на даху якога са сталічных будынкаў праходзілі здымкі роліка і дашле смс з правільным адказам на нумар 69-88-277, атрымае ад Піта Паўлава і гурта GARADzKIJA прыемны падарунак.

Кася Сарокіна, "Тузін Гітоў"

Апублікавана 14.06.2007 by  Андрэй.