Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Чаго чакаць ад "Басовішча-2007"?

Чаго чакаць ад "Басовішча-2007"?

Ці ўзьняўся ўзровень маладых беларускіх гуртоў? Якія ўражаньні пакінуў адборачны канцэрт і хто рэальна прэтэндуе на прызы сёлетняга "Басовішча". На гэтыя ды іншыя тэмы разважаюць прадусарка Ганна Вольская, аглядальніца Тацяна Заміроўская і музыка Слава Корань. Да адной з галоўных музычных падзеяў у Беларусі - фэстывалю "Басовішча" застаўся ўсяго месяц. Пры канцы мінулага тыдня журы адборачнага тура фэстывалю назвала 10 камандаў, якія будуць змагацца за галоўныя прызы ў Гарадку. Галоўны зь іх - паўнавартасны запіс дыску на беластоцкай студыі "Rembrandt".

"Басовішча 2007"Свае заяўкі на ўдзел у сёлетнім "Басовішчы" падала рэкордная колькасьць камандаў. Калі звычайна прэтэндэнтаў набіраецца ля трох дзясяткаў, то сёлета ажно 53 гурты даслалі запісы. Зь іх у наступны тур прайшлі 20. Журы і наведнікі інтэрнэт-парталу "Тузін Гітоў" меліся абраць зь іх самых годных - дзесяць гуртоў - якія ўрэшце паедуць на фэстываль. Адборачны канцэрт праходзіў у Менску ў два дні і агулам цягнуўся ля васьмі гадзінаў. Прадусар і жонка лідэра N.R.M. Ганна Вольская ў журы "Адборышча" ўжо другі год. Яна кажа, што досыць няпроста было адслухаць такую колькасьць музыкі.

- Журыць - няпростая справа, бо трэба слухаць кожнага. Уражаньні ад самога працэсу - цяжкія. Чалавек, якому не падабаецца той ці іншы калектыў, можа проста выйсьці, а сябру журы даводзіцца адслухоўваць усіх.

Ганна Вольская заўважыла, што шмат якія ўдзельнікі "Адборышча" папросту пераклалі свае тэксты з расейскай, а таксама прапанавала зладзіць на "Басовішчы" асобны фолькавы конкурс, бо гурты гэтага кірунку ня здольныя канкураваць у межах фэсту з альтэрнатыўнай музыкай. Ганна якраз вылучыла фолкавыя гурты "Джамбібум" і Happy 3 Friends, якія, аднак, праз "Адборышча" не прайшлі.

- Заўважна падзяленьне камандаў у сувязі з мовай. Адразу адчуваецца, калі каманда перакладае сваю песьню на беларускую. Такіх было нямала. Але ёсьць і тыя, хто сьвядома пяе па-беларуску. Шкада фолькавых камандаў, якія не трапляюць у фармат фэстывалю. Трэба рабіць на "Басовішчы" для іх асобны конкурс.

Яшчэ адзін сябра журы, музычная аглядальніца "Беларускай газеты" Тацяна Заміроўская кажа, што сёлетні адборачны конкурс атрымаўся больш разнастайным з музычнага гледзішча. Сярод герояў будучага фэстывалю яна называе найперш полацкі гурт "Фляўс і Кляйн".

- Гэтым разам назіралася відавочная стылістычная дыфузія між удзельнікамі канцэртаў. Раней было болей хард-кору, цяжкай музыкі, якую маладыя музыкі дагэтуль чамусьці лічаць моднай. Магчыма, што гэта заслуга леташніх ляўрэатаў "Parason", якія ўзламалі фармат фэстывалю. Сьледам за імі падалі заяву "Фляўс і Кляйн", якія граюць больш эўрапейскую музыку, а іх творчасьць аніяк не зьвязаная з тым, што адбывалася ў беларускамоўнай музыцы да іх.

Лідэр гурта "ULIS" Слава Корань сочыць за разьвіцьцём фэстывалю ад самога пачатку. Музыка мяркуе, што ў апошнія два гады ўзровень канкурсантаў "Басовішча" істотна зьнізіўся. "Праблема тут не ў саміх музыках, а ў выбары журы," - кажа ён.

- Журы як "Адборышча", так і "Басовішча" надта стракатае, таму туды трапляюць зусім ня тыя гурты. Узровень ужо летась быў нізкі. Апошнія ляўрэаты нічым цягам году не вызначыліся. Нікога зь іх нідзе не бачна, пры тым, што раней кожнае "Басовішча" давала такі гурт, які потым быў у цэнтры ўвагі.

Лідэр "ULIS", які сёлета ня быў у журы, пры гэтым вылучыў некалькі камандаў, якія маюць шанцы на перамогу ў сёлетнім "Басовішчы". Фаварыты Вячаслава Кораня - менскія гурты "SOK" і "Weeping Twilight".

А вось лідэр гурта Termin X Кірыл Домніч спадзяецца, што іх другі ўдзел у "Басовішчы" будзе болей пасьпяховым. Летась гурт ужо праходзіў праз "Адборышча" і вярнуўся без прызоў.

- Сёлета мы настроены больш рашуча, хоць цяжка нешта прагназаваць, бо вынікі "Басовішча", як і кожнага іншага конкурсу, могуць быць непрадказальнымі. І фаварыты могуць апынуцца аўтсайдэрамі. Але будзем працаваць на перамогу, зробім нешта цікавае, чым будзе вылучацца сярод іншых.

У выніку галасаваньня сьпіс канкурсантаў сёньняшняга "Басовішча" выглядае наступным чынам. Гэта сталічныя каманды "РоСтра", "SKA!RB", "Sok", "Termin X", "Unia", "Weeping Twilight", "ZigZag", а таксама полацкія "Фляус і Кляйн" і "Indra". Дзесяты гурт - "Lilith" зь Менску - заняў першае месца паводле вынікаў інтэрнэт галасаваньня на музычным партале "Тузін Гітоў" і стаў удзельнікам "Басовішча" без адборачнага канцэрту.

Сяргей Будкін, "Тузін Гітоў", для "Радыё Рацыя"

Апублікавана 18.06.2007 by  Андрэй.