Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › N.R.M. прэзэнтавалі “06” у Польшчы

N.R.M. прэзэнтавалі “06” у Польшчы

Пару дзён таму гурт N.R.M. вярнуўся з Польшчы, дзе музыканты прэзэнтавалі свой новы альбом “06”. Доўгачаканая плыта лідэраў айчыннага року карыстаецца на Беларусі павышаным інтарэсам ды попытам – без аншлягаў не абышлося і ў Польшчы. Цягам пяці дзён яны адыгралі чатыры канцэрты – у Варшаве, у Кракаве і ва Ўроцлаве. Пра польскі прэзэнтацыйны тур гурта – спэцыяльна для Тузіна Гітоў – распавядае гітарыст N.R.M. Піт Паўлаў.

Варшава: канцэрт для “вяршкоў”

У Варшаве мы гралі канцэрт-падзяку для швайцарскай амбасады – людзей, што спрычыніліся да выданьня альбома. Плюс туды былі запрошаныя “вяршкі” музычнага грамадзтва. Канцэрт атрымаўся маленькі, але вельмі зьмястоўны – усім, хто прыйшоў вельмі спадабаўся. У тым ліку і нам.

Кракаў: адначасова зь Linkin Park

Са сталіцы сучаснай Польшчы мы скіраваліся ў сталіцу Польшчы старажытнай – у Кракаў. Менавіта там колісь была створана Рэч Паспалітая, менавіта адтуль сорак восем год кіраваў ёй Ягайла, менавіта там можна ўбачыць і польскага Арла, і нашу Пагоню.

Канцэрт быў клюбны. Ён праходзіў у студэнцкім гарадку, таму было шмат студэнтаў – і палякаў, і беларусаў. У адрозьненьні ад нашай публікі, публіка польская вельмі добра разьбіраецца ў музыцы, бо яны не адрэзаная ад сусьветнага музычнага працэсу, як мы. Да іх у гэтым годзе прыедзе Bjork. Штогод для іх граюць зоркі вышэйшага эшалёну – RHCP, Korn… У дзень, калі выступалі мы, у Польшчы гралі Linkin Park. А да нас трапляюць альбо героі мінулых часоў кшталту Deep Purple, альбо ўжо зусім недарэчныя гурты.

Уроцлаў: РОК за Соладавую выспу, альбо кветкі для Беларусі

Уроцлаў – адзін з маіх улюбёных польскіх гарадоў. Пабудаваны ён досыць арыгінальна. Апроч старога горада, ёсьць яшчэ і горад, разьмешчаны на выспах. Гэта Одра там утварае выспы – разам з каналамі, мастамі і забудовамі выглядае ўсё проста неверагодна.

Мы выступалі ў клюбе Lykend. Гралі мы там ўжо раз шосты, таму і публіка там сабралася сталая.

А яшчэ ва Ўроцлаве мы прымалі ўдзел у грандыёзным канцэрце “wROCK FOR FREEDOM”. Праходзіў ён на Соладавай высьпе – пэўна, у мінулыя часы там рабілі піва. А зусім недалёка ад яе – Каталіцкая выспа, дзе месьціцца падвор'е ўроцлаўскага біскупа.

Зь беларускага боку апроч нас быў яшчэ Віктар Шалкевіч. З польскага – Pidzama Porno, Lech Janerka, Jacek Kleiff, Hurt… Дарэчы, з апошнім гуртом у мяне зьвязана адна вельмі дзіўная й прыемная гісторыя. Даўно, калі N.R.M. упершыню граў ва Ўроцлаве, да мяне падышлі хлопчык зь дзяўчынкаю. Вельмі шчыра падзякавалі за добры канцэрт, набылі нашу плыту. А зараз гэты хлопец – сам рок-зорка ў Польшчы, лідэр гурта Hurt. Падышоў да мяне зараз і спытаў: “Пазнаеш?” І я, як ні дзіўна, сапраўды яго пазнаў!

Менавіта падчас выступу N.R.M. – гэта быў такі арганізатарскі хітрык – над сцэнай, над гледачамі і над ракою лётаў вэрталёт, які закідваў усіх пялёсткамі кветак. Пасьля з вэрталёта пачалі выскокваць парашутысты. Гэтым відовішчам палякі выказвалі сваю падтрымку і павагу да нашай краіны.

А таксама тым, што запрасілі нас выступіць і з хэдлайнэрамі фэсту гуртом Pidzama Porno – яны разам з намі сьпявалі “Тры чарапахі”, а мы разам зь імі – іх “Welwetowe Swetry”. Прычым на сцэне сьпявалі два вакалісты – Лявон і Грабаж, гралі два бубнача, два басіста і тры гітарыста.

Занатавала Кася Сарокіна, "Тузін Гітоў"

Апублікавана 25.06.2007 by  Андрэй.