Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Выбар Алезіса: Аруцюнаў, Tarpach, Zatoczka

Выбар Алезіса: Аруцюнаў, Tarpach, Zatoczka

Экспэрт ТГ Алег «Алезіс» Дземідовіч нарадзіўся 7 лютага 1965 году. Скончыў Менскую мастацкую вучэльню (1984). Потым служыў у танкавых войсках ва Ўкраіне. Бубнач гурта «Мроя» і N.R.M. ад першых дзён іх існаваньня (1980 і 1994 адпаведна), граў у складзе гурта «Новае Неба», удзельнічаў у працы над супольнымі праектамі «Народны альбом» і «Я нарадзіўся тут», аўтар некалькіх гітоў N.R.M. На апошнім альбоме гурта Алезіс яшчэ і выступіў у якасьці асноўнага вакаліста (песьня «Кітай»). Удзельнічае таксама ў праектах Garadzkija і Pete-Paff. З радасьцю пагадзіўся на ролю экспэрта гіт-параду, хоць і ня мае інтэрнэту, бо «ТГ – наш арыенцір».

Пачну з навінаў.

1. 10 лістапада гурт N.R.M. сабраўся ў студыі, каб запісаць свой, не пабаюся гэтага слова, бесьсьмяротны super hit «Тры чарапахі». Рабілася гэта па просьбе аднаго польскага рэжысэра-дакумэнталіста, бо яму, дзеля сваго фільма быў патрэбны варыянт «чаканьне дастала», замест арыгінальнага «сюрпрызаў ня будзе». Дзякуючы ягонаму жаданьню зьявілася новая вэрсія «Трох чарапахаў», зь якой N.R.M. хацеў бы ў бліжэйшым будучым азнаёміць слухачоў «Тузіна Гітоў».

2. 18 сьнежня ў клюбе «Фартуна» адбудзецца канцэрт «Народнага альбома». Вельмі рэкамендую тым, хто яшчэ ня бачыў, прыйсьці, бо тыя, хто быў, прыйдуць яшчэ раз і можа не хапіць білетаў. (Прывітаньне Міхаілу Анемпадыставу). Спэцыяльна на гэты канцэрт прыедзе з гораду-героя Бэрліна непараўнальная Вераніка Круглова. А зьяўленьне на сцэне Касі Камоцкай – гэта заўсёды незьлічоны віхор эмоцыяў і энэргіі. Ды што казаць – «Народны альбом» даў пуцёўку ў жыцьцё такім, цяпер ужо цалкам сфармаваным артыстам, як Зьміцер Вайцюшкевіч і Аляксандар Памідораў.

Карыстаючыся выпадкам хачу сказаць кароткае слова «Ганьба» ўсёй расейскамоўнай папсе, якую нам прадстаўляе сучаснае Беларускае тэлебачаньне. Нават самы слабы ўдзельнік «Тузіна Гітоў» на дзьве галавы вышэй за гэтых фанаграмшчыкаў. А перашкоды на шляху толькі дадаюць больш азарту дзеля вартага выканаўцы.

Гэта я да чаго?
Былі і ёсьць на Беларусі і выбітныя паэты-песеньнікі, і кампазытары, і музыканты зь вялікай літары. Ёсьць традыцыі з пэўным узроўнем і гэтая плянка даволі высокая. Дзякуючы вышэйадзначанай плянцы буду максымальна канкрэтным і бескампрамісным у сваіх адзнаках і пачну нарэшце разьбіраць прадстаўлены мне Сяргеем Будкіным аўдыёматэрыял.

І пачну з сумнага. Не пашкодзіла б завесьці на «Тузіне Гітоў» шыльду – «Просьба не турбаваць». Гэта датычыцца 2-х выканаўцаў: Pragnavit і «Авангардшкола».

Кампазыцыя Pragnavit - «У маёй крыві» з посьпехам падыйшла б да якога-небудзь прыгодніцкага кінафільма з удзелам маладых і пэрспэктыўных вампіраў, але ў якасьці канкурэнта зь іншымі гуртамі шанцаў вельмі мала. Хаця, калі Вы паставіліся мэтай проста азнаёміць слухачоў з сваёй творчасьцю, то гэтая мэта дасягнутая.

Другі намінант на «просьбу не турбаваць» – «Авангардшкола». Паколькі музыка «народная», выкажуся пра тэкст. Ваш сарказм я зразумеў. Назва песьні «Сінявокая» выкарыстоўваецца як прыманка для нацыяналіста. Недзе зь сярэдзіны кампазыцыі я адчуў сябе зацягнутым у нейкае логава, а ў канцы ад мяне засталіся толькі чэрап і косьці. Не так шмат у нашай Сінявокай празднашатаючыхся галадаючых сыноў. Прапойцаў і бамжоў значна болей і яны таксама зьяўляюцца часткай сусьвету. Можа пра іх напісаць? І рэйтынг, глядзіш, падвысіцца. Усё ж такі музыканту ня варта сьпяваць пра каштоўнасьці і галаданьне. Няхай гэтым займаюцца дыетолягі.

Ну вось, трохі перакусілі, папілі кавы, закурылі цыгарэту і ідзем далей.

ВІА «Харлі» сапраўды, як матылёк прыляцеў на сьвятло «Тузіна Гітоў» і ўпаў на самы ніз. Пра што сьпяваеш, тое і атрымліваецца. Мне песьня падабаецца сваёй запамінальнай мэлёдыяй і якасьцю выкананьня. У Яўгена цікавы і пазнавальны вакал, што немалаважна і таму ёсьць усе шанцы выдаць сапраўдны гіт. Песьня вельмі вылучаецца сярод астатніх сваім лірызмам і празрыстасьцю, але аматарам року гэтага недастаткова.

Нефармальны кароль Беларускага шансону Зьміцер Вайцюшкевіч аказаўся больш хітрэйшым, бо прынес песьню з жорсткім рытмам і заліхвацкім вакалам. Маладзец, Зьміцер. Адчуваецца, што артыст знаходзіцца ў выдатнай форме. Толькі вось чуткі пра Вашую геніяльнасьць крыху перабольшаныя. Прабачце, ня тое хацеў сказаць: размовы пра Вашую пладавітасьць проста геніяльныя.

А тым часам набірае абароты беларускі рэп. І гэта робіцца заўважным. Песьня Вожыка (ТО Лопата) адна зь нямногіх (з прадстаўленых), якую я паслухаў бы яшчэ. Можна сказаць, што зацікавіў сваёй творчасьцю. Безумоўна таленавіты выканаўца.

Адразу ж выкажуся пра Zatoczku зь песьняй «Слова». Ненавязьлівая нефарматная лексіка – гэта плюс. Дзякуючы мэлёдыі і аранжыроўцы выглядае моцна, нават манумэнтальна. І зь медляком можна змагацца за мейсца пад сонцам.

«Глюкі» з усёй сілы, пры дапамозе ўдарных гітарных рыфаў выцягваюць «Тузін Гітоў» з багны незадаволенасьці і шэрасьці будзёных дзён. Куды? Правільна, у сьветлую будучыню. Яна ж калі-небудзь прыйдзе і без жыцьцесьцвярджальнага панку нам не абыйсьціся.

І без любові да людзей не абыйсьціся і пашкадаваць можна пры выпадку. Трэба сьпяваць пра пачуцьці, каб выклікаць узаемную любоў ў слухача.

Ёсьць здаровы націск у Tarpach і драйв. А вакал хочацца, каб быў крыху гучнэй, і гэта ня цяжка зрабіць пры зьвядзеньні, бо трэба спэціяльна прыслухоўвацца, каб разабраць некаторыя словы.

Калі ёсьць такія гурты як Tarpach, Zatoczka, «Глюкі», «Сьцяна», Nevma, Termin X, значыцца жыве Беларускі рок. Музычны напрамак гэтых калектываў мне бліжэй з дадзенай падборкі, можна сказаць бальзам на сэрца.

З задавальненнем паслухаў «Бяжы, хлопец» у выкананьні Мікалая Аруцюнава. Прычым, гэтую вэрсію я ўпершыню пачуў па «Аўтарадыё». Упэўнены, што стварэньне трыб'юта гурта «Крама» выклікае вялікую зацікаўленасьць у публікі. Куды глядзіць акула беларускага шоу-бізнэсу спадар Супрановіч? Вось хутка дапішу і абавязкова яму патэлефаную, каб запытацца, чым ён там займаецца.

«Бяжы, хлопец» – крамаўскі гіт, правераны часам, таму стаўлю яго на 1-е мейсца.

Пасьля праслухоўваньняў склаў свой гіт-парад, дзе хачу вызначыць пяцёрку найлепшых выканаўцаў:
1. Мікалай Аруцюнаў і «Крама» зь песьняй «Бяжы, хлопец».
2. Tarpach зь песьняй «Люблю людзей».
3. Zatoczka зь песьняй «Слова».
4. Вожык (ТО Лопата) зь песьняй «Ніхто не заўважыць».
5. «Глюкі» зь песьняй «AntiEMO» і ВІА «Харлі» – «Матылёк». Астатнія на ганаровым 6-м месцы.

Зычу ўдзельнікам «Тузіна Гітоў» пазытыўных пераканаўчых тэкстаў, яскравых мэлёдыяў і зажыгальных рытмаў. Наогул тэкстам надаваць больш іроніі і сэнсу адначасова, а музыка нікуды не падзенецца, бо яна толькі ўзмацняе эмоцыі. Хачу падкрэсьліць, што гаворка ў нас ідзе не проста аб песьнях, а пра песьню песьняў – Магутны Гіт.

Бубнач гурта N.R.M. Алезіс Дземідовіч, для ТГ

Апублікавана 16.11.2007 by  Андрэй.