Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Ці запросяць НРМ на Рок-Каранацыю 2008?

Ці запросяць НРМ на Рок-Каранацыю 2008?

2007 год падараваў нямала яркіх музычных рэлізаў і адкрыццяў. Цягам году па ўсёй краіне выйшла ля шасці дзесяткаў альбомаў рок-выканаўцаў – для нашай культурнай прасторы гэта нямала. Падсумаваць усё і ўзнагародзіць лепшых – такая задача ў штогадовай цырымоніі “Рок-Каранацыя”, якую ладзяць прадзюсер Юры Цыбін ды інтэрнэт-партал “Тузін Гітоў”.

Сёлета яна пройдзе 29 лютага ў канцэртнай залі “Мінск” ужо ў 12-ты раз. Два гады таму стаўку зрабілі на рэгіянальных выканаўцаў, летась – на новыя імёны, а сёлета арганізатары “Рок-Каранацыі” вырашылі зрабіць акцэнт менавіта на галоўных герояў беларускай рок-сцэны і вярнуцца да фармату самых першых цырымоніяў.

- Будуць традыцыйныя ўжо намінацыі – “Альбом году”, “Рок-князёўна”, “Песня году”, “Праект”, рок-кароль, - кажа заснавальнік гэтай музычнай прэміі Юры Цыбін. - Летась вярнуліся з сваімі новымі альбомамі нашы старыя каманды. І яны засведчылі, што здольныя канкураваць з маладымі гуртамі.

Акторку тэатра імя Янкі Купалы Ганна Хітрык называюць у ліку лідэраў маладога пакалення беларускага тэатру. Можа так стацца, што яна займее не меншы поспех і на рок-сцэне – якраз летась яе гурт “Дзеці дзяцей” запісаў і выдаў свой першы альбом і ўжо маюць уласны фан-клуб. Каманда на чале з Ганнай Хітрык – адзін з прэтэндэнтаў на атрыманне рок-кароны ў намінацыі “Адкрыццё году”. Сама акторка-спявачка кажа, што сапраўды мінулы год аказаўся для яе гурту вельмі плённым.

- Мы прэзентавалі наш першы дыск “Канверты для сноў” і ўжо рыхтуем новы, знялі кліп на кампазіцыю “Не надо”, з дапамогай фан-клубу зрабілі сайт. Але для мяне гэта сюрпрыз, што мы можам стаць “Адкрыццём году”. Але, канешне, спадзяемся на атрыманне кароны.

Гурт “Нейра дзюбель” – у ліку асноўных прэтэндэнтаў на галоўны прыз цырымоніі “Рок-Каранацыя” – вялікую рок-карону. Колісь каманда Аляксандра Кульлінковіча ўжо была прызнаная лепшым беларускім гуртом. Тады, у 1998-м прыз ім уручыў Уладзімір Мулявін, з якім потым “дзюбеля” выканалі разам славутую “Волагду”. Сёлета лідэр “Нейра дзюбеля” спадзяецца ізноў выйсці на сцэну па Рок-Карону.

- Я напэўна ўпершыню з 1998 году хачу патрапіць на “Рок-Каранацыю”, бо вельмі разлічваю на прыз. Лічу, што летась мы шмат гралі і шмат чаго зрабілі. Нясціпла мяркую, што 2007 – быў годам “Нейра дзюбелю”.

Свой удзел у сёлетняй цырымоніі “Рок-Каранацыя” ужо пацвердзілі самыя яркія беларускія рок-гурты – акрамя “Нейра дзюбелю” і “Дзеці дзяцей” плануецца выступ гуртоў “Крама”, Osimira, “Палац”, “Фляўс і Кляйн”, “Гурзуф”, “Тарпач”. Вядуцца перамовы з іншымі вядучымі беларускімі гуртамі. Арганізатары абяцаюць, што 29 лютага будзе сапраўднае рок-шоў.

Аўтар: Сяргей БУДКІН, Радыё Рацыя

Апублікавана 09.01.2008 by  Андрэй.