Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Вольскі ў якасьці Джэка Вераб'я

Вольскі ў якасьці Джэка Вераб'я

Нядаўна ў продажы зьявіліся тры новыя фільма на DVD, якія могуць падацца цікавымі ня толькі аматарам беларускамоўнага відэа, але і шанавальнікам беларускіх музычных гуртоў. Вядзецца пра фільмы «Aпаліпсыс» Мэла Гібсана, «Лісты з Іўа Дзімы» Клінта Іствуда ды «Тлум» Алехандро Гансалеса Іньярыту з Брэдам Пітам і Кэйт Бляншэт у галоўных ролях. Справа ў тым, што мэню да дыскаў шчодра прыпраўленае ўрыўкамі зь песень беларускіх выканаўцаў, а таксама прывітанкамі і жартамі музыкаў.

Некаторыя зь іх былі запісаныя адмыслова: напрыклад, фрагмэнт агучкі «Піратаў Карыбаў» Хацонам – удзельнікам праекту «Саша і Сірожа», а таксама два трэка Лявона Вольскага: адзін вітае аматараў напою і гурту «Крамбамбуля», а другі анансуе выхад апошняга N.R.M.-аўскага альбома «06». Іншыя ўзятыя наўпрост з трэкаў такіх выканаўцаў, як Зьміцер Вайцюшкевіч, Аляксандар Памідораў, Саша і Сірожа, Віктар Шалкевіч ды яшчэ і ўкраінскіх «Вопляў Відаплясава»! Гэта што
тычыць прывітанак і жартаў. На вышэйзгаданых DVD-дысках гучаць фрагмэнты, напрыклад «Падводнай лодкі» ад N.R.M.; «Дзень нараджэньня» ад «Крамбамбулі»; «Карамбы» ад Garadzkija і Піта Паўлава; «Зьбіраючы лісьце чайнае» ад Зьмітра Вайцюшкевіча ды Аляксандра Памідорава ды іншае. З замежных гуртоў на дысках гэтаксама прадстаўленыя латыскія Brainstorm, амэрыканскія Red Hot Chili Peppers, расейскі «Сплин».

Такім чынам, тры DVD-дыска зьмяшчаюць паўнюткі мікс з таго, што ўяўляе сабою сучасная музычная культура Беларусі і бліжэйшых (а таксама ня надта, як у выпадку з RHCP) суседзяў. Гэткае «музычнае вычварэнства», на думку стваральнікаў, дапаможа гледачам крыху прыўзьняць настрой – бяз розьніцы, да альбо пасьля прагляду ўласна фільму тыя вырашаць заняцца навігацыяю па мэню ды праслухоўваньнем адмыслова прыпасеных для іх музычных кавалкаў. Прычым варта заўважыць, што некаторыя зь іх былі наўмысна «схаваныя» ад гледача, то бок зробленыя ў выглядзе «адмысловых пасткаў» – напрыклад, націсканьне пэўных кнопак (падказка: найчасьцей, гэта кнопка «Назад» на некаторых роўнях мэню) прывядзе ў адным выпадку да імправізаванага постару гурта N.R.M. з адпаведным аўдыёшэрагам ды абвесткаю ад спадара Вольскага і ў другім выпадку – да паўнавартаснага постару салістаў гурта «Крамбамбуля» – зноў жа, пад адпаведнае аўдыё. Сярод іншых цікавостак на плытах можна знайсьці фота з агучкі на беларускую мову наступных фільмаў, а таксама субтытулаваныя трэйлеры да гэтых самых фільмаў.

Удзельнікі творчага згуртаваньня «Дзіўноты й памароцтвы», выдаўца беларускамоўных вэрсіяў трох згаданых фільмаў, задаволеныя эфэктам, які быў дасягнуты гэткім ноў-хаў у выданьні DVD на Беларусі. Наступныя дыскі плянуецца выдаваць у такім самым рэчышчы, аздабляючы мэню новымі творамі ад беларускіх выканаўцаў. Некаторыя музыкі й акторы ўжо маюць для падрыхтоўкі на руках працоўныя кружэлкі з субтытулаванымі па-беларуску фільмамі «300 спартанчукоў» (асноўны трэк – «Беларусь будзе вольнай!» - Таv.Mauzer), «Вакацыі спадара Біна» (там цалкам руляць «Саша і Сірожа»), «Чорная котка, белы кот» Эміра Кустурыцы (тыя самыя пэрсанажы, што і ў папярэднім), а таксама дацкі мультфільм для дарослых «Прынцэса» (там рэй вядзе Руся і гурт Indiga) і дзіцячы мультфільм «Тарзан» (Зьміцер Вайцюшкевіч ды іншыя). Аўтары праекту сьцьвярджаюць, што рыхтуюць вынаходніцтвы й іншага кшталту. Пра іх падрабязьней будзе паведамляцца пазьней.

Нагадаем, што творчае згуртаваньне «Дзіўноты й памароцтвы» запрасіла да працы над агучкаю на беларускую мову трылёгіі «Піраты Карыбаў» шэраг вядомых беларускіх рок-выканаўцаў. На дадзены момант незапісаным застаўся толькі адзін удзельнік агучкі – саліст «Ляпісаў». Як толькі ў яго зьявіцца пару гадзінаў вольнага ад канцэртнага графіку часу - адзін за адным у сьвет выйдуць доўгачаканыя фільмы пра карыбскіх піратаў па-беларуску. Дык што неўзабаве беларускіх рок-зорак можна будзе не адно паслухаць у звыклым для іх амплюа, але і зацаніць, як яны агучваюць вядомых кіношных пэрсанажаў!

Падрабязьней – пра выдавецкія пляны суполкі «Дзіўноты й памароцтвы» - www.byDJP.org.

Алесь Квіткевіч, для ТГ

Апублікавана 18.01.2008 by  Андрэй.