Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › N.R.M. падняў залю ў Берасьці

N.R.M. падняў залю ў Берасьці

21 сакавіка ў вялікай залі Дома культуры прафсаюзаў пры афіцыйнай арганізацыі празь Берасьцейскую абласную філярмонію N.R.M. адыграў свой разьвітальны канцэрт зь зімою. Першы за апошнія чатыры гады, можа таму заля на 650 месцаў была запоўненая цалкам. Зь першай песьні, цяжкія акорды гітараў паднялі ўсіх з крэслаў. І адразу пярэднія некалькі шэрагаў залі пераўтварыліся ў суцэльны танцпляц. Песьні, як зь першага альбома «LaLaLaLa», які дарэчы толькі нядаўна быў упершыню выдадзены на дысках, так і з апошняга «06» гучна і разам сьпявала большасьць прысутных.

Нягледзячы на шматлікія забароны, якія меў гурт у апошнія гады, адзін з канцэртаў быў адменены і ў Берасьці, N.R.M.аўцы не згубілі папулярнасьці ў горадзе над Бугам, бо мала хто зь беларускіх ды расейскіх гуртоў зможа трымаць на нагах на працягу ўсяго канцэрту гледачоў ды яшчэ і прымусіць тых пасьля выклікаць на «біс», бо немагчыма быць абыякавым, калі цябе кліча паўтысячны натоўп. «Песьня пра каханьне» ды «Я нарадзіўся тут» былі апошнімі кампазыцыямі вечару.

Музыкі шмат размаўлялі з гледачамі, нядрэнна жартавалі і зьдзекаваліся адзін з аднога. На тры хвіліны Лявон Вольскі ўжо па складзенай традыцыі саступіў месца ля мікрафона бубначу Алезісу Дземідовічу, які прасьпяваў песьню пра Кітай, прычым сам Лявон сеў на яго месца. Ня кожны прыхільнік гурту ведае, што тэксты шматлікіх песень N.R.M. напісаў менавіта гэты сьціплы бубнач.

Дзякуй можна сказаць адміністрацыі Дому культуры прафсаюзаў ды міліцыянтам, яны мабыць усьвядомілі спэцыфіку гурта, таму не забаранялі даставаць і махаць бел‑чырвона‑белым сьцягам, крычаць «Жыве Беларусь» ды танчыць у залі, якая ня вельмі прыстасаваная для такой справы.

Хоць канцэрт і меў назву «Разьвітальны», але гэта было разьвітаньне толькі зь зімою, сам гурт пакідаць сцэну ды сыходзіць на адпачынак не зьбіраецца, таму напрыканцы лідэр N.R.M. Лявон Вольскі, паабяцаў вярнуцца восеньню.

Павал Белавус, Тузін Гітоў

Апублікавана 27.03.2008 by  Андрэй.