Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Крамбамбуля на беларускім трыбюце Васіля Шугалея

Крамбамбуля на беларускім трыбюце Васіля Шугалея

Айчынныя музыкі аддалі належнае памяці Васіля Шугалея, які быў забіты ў Маскве чатыры гады таму: ажыцьцяўляецца праект «ФайлЫ».

Шугалей – вядомы як лідэр шмат якіх музычных праектаў. Ягоны гурт Ы.Ы.Ы. стаў першай беларускай рок-камандай, што трапіла на экран яшчэ савецкага тэлебачаньня, а яго ж праект «БазЫлькі» можна лічыць першай камандай, што ўзялася надаць беларускаму фальклёру сучаснае гучаньне. Адмыслова для ТГ блізкі сябра Васі Шугалея, удзельнік «залатога» складу гурта Ы.Ы.Ы., дырэктар студыі «Осмас» Павал Юрцэвіч распавёў, як паўстала ідэя трыб'юту, абвесьціў папярэдні трэк-ліст трыб'юту і прэзэнтаваў песьню адноўленай групы Ы.Ы.Ы. «Х…вый день», якую наведнікі ТГ пачуюць першымі.

Ідэя трыб'юту паўстала ўласна пасьля сьмерці Васі. Дакладней яна аформілася ў сёньняшнім выглядзе пасьля гэтай трагедыі, а да таго было жаданьне нейкім чынам перавыдаць (а нешта ўпершыню апублікаваць) яшчэ пры канцы 90-х. З 1991-1996 гадоў Ы.Ы.Ы. запісілі тры розныя праграмы, а «сэнсу» ад не было, бо аніякай дыстрыбуцыі, тыражаваньня ды іншага. А па хуткім часе на гурт сталі забывацца, а моладзь наогул ня ведае пра нас!

Можа і ня сьціпла, але мне падаецца, што і сёньня, ва ўмовах беларускага «запаведніку» дзейнасьць гурта Ы.Ы.Ы. вельмі актуальная. У творчым «люстэрку» калектыву можна пазнаць тых «чоткіх пацаноў», якіх наўкол процьма. Каб застацца чалавекам неабходна бачыць нэгатыўную альтэрнатыву. Ну, а другая і асноўная частка творчасьці – каханьне – заўжды актуальная.

Вядома ж, без гурта данесьці гэтыя ідэі шырокай публіцы немагчыма. Таму было прынятае рашэньне аб вялікім праекце, які мае раскрыць творчасьць гурта і Васі з усіх бакоў. Лякаматывам гэтага праекту і станецца трыб'ют, у якім вядомыя выканаўцы засьпяваюць Васіны песьні. Гэтыя музыкі, ўласна і аддаюць належнае гурту Ы.Ы.Ы. і памяці Васіля.

Такім чынам, у праекце пад назвай «ФайлЫ» ўзялі ўдзел:
The UNB – Аэлита, Шура
Крамбамбуля – Усё нармальна, мама!
Yo-Yo - Птицы
Вася Пачыцкі і гурт «Перебор» - Нора
Пару Рублей – Валентина
Метеоры – Люся
Neuro Dubel – Подруга
Носорогов (Міхей) – Х(уевы)й день
Ы.Ы.Ы. - Х(уевы)й день
Группа 9 – Вальс
Людміла Краўцова – песьня абіраецца
Зьміцер Вайцюшкевіч – праграмма «Зелёное золото» (10 песень)

Магчыма, што будуць іншыя вядомыя імёны. Чакаю, што свае кавэры зробяць «Палац», Аляксандар Памідораў, «Ляпіс Трубяцкой» і «Дрозды».

Праект хацелі прэзэнтаваць ужо вясной, але зьявілася ідэя кліпа на песьню «Подруга» ў стылі дыска-поп з флэш-анімацыяй. Мы ўжо запісалі музыку, правялі фотасэсію, але на тым праца пакуль стаіць. Прэзэнтацыю вырашана перанесьці на восень. Тады адбудзецца і канцэрт-прэзэнтацыя праекту.

У выніку, сам праект будзе выглядаць так: дарагое, стыльнае выданьне, ў якім будзе тры дыскі. Першы прадставіць усю творчасьць Ы.Ы.Ы. ў фармаце мр3, а бонусам да яго – відэа з выступу гурта на фэстывалі «Рок-зьезд» у Магілёве ў 1991 годзе. Другі дыск – альбом Ы.Ы.Ы. – «Зелёное золото», запісаны для фэстывалю «Незалежны рок» у Кішынёве ў 1993 годзе. Песьні перасьпяваў Зьміцер Вайцюшкевіч. Трэці дыск – непасрэдна трыб'ют.

Павал Юрцэвіч, для ТГ

Апублікавана 29.04.2008 by  Андрэй.