Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Адам Глёбус: «Толькі Лявон!»

Адам Глёбус: «Толькі Лявон!»

Экспэрт ТГ нарадзіўся 29 верасьня 1958 году ў мястэчку Койданава (Дзяржынск), што на Меншчыне. У 1983 годзе скончыў Акадэмію мастацтваў. Працаваў рэстаўратарам, афармляльнікам, журналістам, цяпер мае ўласнае выдавецтва «Сучасны літаратар», дзе займае пасаду галоўнага мастака.

Глёбус аўтар некалькіх дзясяткаў кніг. У музычным сьвеце ён вядомы тэкстамі, якія выконвалі Лявон Барткевіч, Піт Паўлаў, Ігар Варашкевіч і гурты «Новае Неба», «ДоМіНо», «Сябры». Ягоныя эсэ пра рок-рух друкаваліся на старонках часопісу «Крыніца». Шырокую вядомасьць Адаму Глёбусу прынёс удзел у газэтных праектах «Ласкавы май» і «Віктар Цой». Праца Глёбуса са Зьмітром Вайцюшкевічам над музычна-паэтычнай кампазыцыяй «Месяц і сонца» выйшла на СD ў 2005 годзе. Экспэрт ТГ кажа: «Сам я шмат разоў ствараў гіты ў самых розных жанрах мастацтва і літаратуры; натуральна, мяне цікавяць і чужыя пасьпяховыя праекты…»

Адам ГлёбусСлухаў і назіраў, назіраў і слухаў… Наслухаўся і хацелася вылаяцца, але ёсьць не прапісаны закон у праўдзівых рок-н-рольшчыкаў ня гнаць публічна на сваіх. Таму ня буду пра кепскае і сумнае, адно пра добрае і станоўчае…

Вольскі! Лявон Вольскі і ўсё. Палічыў я, і атрымалася што 23 гады ведаю Лявона, як музыку, і шматкроць выступаў зь ім разам, і ўсе мае выступы, калі зь Лявонісам, былі пасьпяховыя. Наступствы, часам, здараліся катастрафічныя, але выступы атрымліваліся на «Ўра!». Таму ўсё зробленае Лявонам я слухаў, слухаю і буду слухаць.

А калі дапусьціць, што Лявоніса няма? Тады можна і на закон напляваць, тады варта і сказаць публічна пра хрэновы стан у нашым сУчасным рок-руху.

Ну ня люблю я трасянку, і мне напляваць сьвежая тая трасянка ці ляжалая і аўтэнтычная, таму «Троіцу» я слухаю зь цяжкасьцю, а, калі можна ня слухаць, дык і зусім ня слухаю. Ну скажы ты мне, хто такі янгал? Гэта Ян з галаў? Не? А хто? Праўда? Ня веру! Ды ніхто гэта. І з трох ніхто, будзе адно нішто. І «Троіцу» зь яе «Тры янгалы» можаш не слухаць. Я дазваляю.

А «Гэй, наперад!»? Песьня пра геяў? Не? А пра каго? Пра нас? Ды не пра нас, бо ніхто нікуды не ідзе! Чорт! Ніхто нікуды не ідзе. Усе сядзяць, як мышы пад венікам. Сядзяць і бзьдзяць! А калі не сядзяць і не бзьдзяць, дык поўзаюць у пошуках пазытываў. А ёсьць яшчэ тыя, хто ўцякае. Яны бягуць, каб пазбыцца страхаў. І страхі праходзяць, і змагарны дух вяртаецца. І можна вярнуцца… Але ніхто не вяртаецца. Ну і хер зь імі. Хай вяртаюцца хоць бы ў форме песьні, якая даказвае толькі адно, што страх можна пераадолець, у адной асобна ўзятай песьне, як гэта зроблена IQ48.

Дробныя радасьці для маіх сУчаснікаў, большыя за вялікую перамогу. «Дзюбель» пра тое цудоўна ведае, ён ня можа і ня хоча з тым пагадзіцца, ён асуджае прыстасаванцаў. Ён крычыць і плача, а прыстасаванцы сьмяюцца зь яго. Драматычная сытуацыя. Безвыходнасьцю ад той сытуёвіны тхне.

Ну а цяперака зірну шырэй, выйду за гэты тур «Тузіна Гітоў» і гляну на ўвесь наш рок. За апошнія гады мяне парадавалі сваім зьяўленьнем на сцэне Руся з Варашкевічам і дыск «Чырвоным па белым». Мала? Мне хапае.

Адам Глёбус, для ТГ

Апублікавана 02.05.2008 by  Андрэй.