Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › ZET выступіць на фэсце BeFree у Львове

ZET выступіць на фэсце BeFree у Львове

Арганізатары «Be Free» (летась ён называўся «Права быць свабодным») абвесьцілі дату правядзеньня фэстывалю і сьпіс удзельнікаў. Сёлета ён пройдзе з 8 па 10 жніўня ў Львове пры ўдзеле вядомых беларускіх, украінскіх і польскіх камандаў.

У хэдлайнэрах – «Kрама», ULIS, Neuro Dubel, ZET, T-Love з Польшчы, «Тартак» з Украіны ды іншыя. Адзін з арганізатараў фэсту Віталь Супрановіч: «Пасьля леташняга фэстывалю ў Луцку нас літаральна закідалі просьбамі працягнуць фэст налета. Ужо цяпер мы маем некалькі дзясяткаў заявак ад гуртоў Польшчы, Украіны, Сэрбіі і Францыі». Цікава што і арганізатары «Be Free» ня здолелі дамовіцца з гуртом N.R.M.

Права быць свабоднымФэст пройдзе ў тры дні з 8 па 10 жніўня ў Львове. Арганізатары кажуць, што выбар месца правядзеньня зусім невыпадковы – сам горад вельмі прыгожы і дабрацца да яго зь Менску па кішэні нават студэнту-бюджэтніку. Адзін з арганізатараў львоўскага фэсту - Аляксей Лукашэвіч зь нефармальнай ініцыятывы «СтудФармат» пэўны, што слоган Be Free! – адлюстроўвае галоўную каштоўнасьць фэстывалю - яго адкрытасць і нефармальнасць: «Мы чакаем, што на нашыя канцэрты прыедуць тысячы маладых людзей з усёй Беларусі, а львоўская публіка, турысты з Польшчы і іншых Эўрапейскіх краінаў, змогуць параўнаць узровень прафэсіяналізму зорак сваіх краінаў і Беларусі. Але галоўнае – фэстываль стане мажлівасьцю праявіць сябе, даведацца больш адзін пра аднаго і правесьці ўік-энд у прасторы свабоды».

Летась фэст праходзіў у Луцку пад слоганам «Права быць свабодным». У ім удзельнічалі 9 гуртоў зь Беларусі і Ўкраіны, фэст сабраў больш за 5 тысяч гледачоў.

А сёлета ў Львове заплянанаваны выступ ўжо 25 гуртоў зь Беларусі, Украіны, Польшчы. Фэст пройдзе адразу на дзьвюх пляцоўках: у Парку імя Багдана Хмяльніцкага выступяць рок-гурты, а на Цэнтральным рынку Львова пройдуць паказы рыцарскіх клюбаў і выступяць каманды, што граюць фольк і сярэднявечную музыку. Сваю згоду ўжо далі вядомыя беларускія выканаўцы, у тым ліку «Kрама», ULIS, Neuro Dubel, zygimont VAZA, WZ-Orkiestra, Pomidor/OFF, Zet, «Стары Ольса». У хэдлайнэры з польскага боку запрошаны гурт T-Love, з украінскага - «Тартак». З гуртом N.R.M. арганізатарам дамовіцца не атрымалася.

Адзін з арганізатараў фэсту Віталь Супрановіч кажа: «Пасьля леташняга фэстывалю ў Луцку нас літаральна закідалі просьбамі працягнуць фэст налета. Ужо цяпер мы маем некалькі дзясяткаў заявак ад гуртоў Польшчы, Украіны, Сэрбіі і Францыі».

Для маладых беларускіх камандаў, якія маюць жаданьне выступіць на сцэне «Be Free», у чэрвені будзе арганізаваны інтэрнэт-конкурс на сайце «Эўрапейскага радыё для Беларусі». Заяўкі прымаюцца на мэйл [email protected]. Адзін з арганізатараў фэстывалю, лідэр рок-гурта ULIS, Слава Корань, зьвяртае ўвагу на эўрапейскі кантэкст акцыі: «Беларусь - ці не адзіная краіна ў цэнтры Эўропы, пра рэальную моладзевую культуру якой практычна нідзе не вядома. Нават у суседніх краінах мала ведаюць пра тое, што ў Беларусі ёсьць шмат рок- і ня толькі рок-гуртоў, што граюць сучасную музыку на прафэсійным узроўні. Нашыя выступы разам з польскімі і ўкраінскімі гуртамі стануць мажлівасьцю паказаць, што нашая музыка – гэта музыка сучаснай Эўропы».

Тузін Гітоў

Апублікавана 31.05.2008 by  Андрэй.