Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › 20 гадоў – 20 гітоў – хіты Мроі і НРМ на музычнай складанцы

20 гадоў – 20 гітоў – хіты Мроі і НРМ на музычнай складанцы

«БМА-груп» разам з культурніцкай камісіяй плянуюць адзначыць юбілей БНФ выданьнем музычнай складанкі «20 гадоў – 20 гітоў». Франак Вячорка: «Мы хочам адлюстраваць празь песьні гісторыю нашай партыі, якая сёлета адзначае сваё 20-годзьдзе. Кожнаму году будзе адпавядаць свой гіт. Ад гімнаў канца 80-х у выкананні Сяржука Сокалава-Воюша, Андрэя Мельнікава праз эпоху 90-х зь яе масавымі акцыямі пад песні „Крамы“ ды N.R.M. і да сучаснага этапу, уключна да 2008 году».

Удзел у праекце возьмуць вядомыя беларускія рок-выканаўцы і барды. Грамадзкасьць, а таксама экспэртнае журы адбярэ 20 сьпеваў, якія будуць сымбалізаваць пэўны год з 1988 па 2008. Так, верагодна, распачне альбом нефармальны гімн БНФ «Фронт» Сержука Сокалава-Воюша. На дыск несумненна увойдуць гіты канца 80-х, калі «талакоўцы» і «майстроўцы» ладзілі незалежныя канцэрты, у тым ліку гуртоў «Бонда», «Мроя», ULIS. 90-я гады рэпрэзэнтуе цэлая пляяда бардаў – Алесь Камоцкі, Віктар Шалкевіч, Андрэй Мельнікаў, гурты «Крама», N.R.M., Deviation і іншыя. Ну а пэрыяд 2000-2008 прадставяць сучасныя рок-зоркі, пераможцы гіт-парадаў і рок-фэстываляў. Не абыйдзецца безь сюрпрызаў.

У адрозьненьні ад першага музычнага праекту партыі БНФ – на вершы Янкі Купалы – мэнэджэры гэтага праекту зьбіраюцца вырашыць усе праблемы з аўтарскімі правамі. «Пытаньні наконт „купалаўскага“ праекту былі – ён так і ня быў рэалізаваны да канца. Цяпер абавязкова будзем дамаўляцца з усімі. Але толькі тады, калі вызначыцца трэк-ліст», - сказаў ТГ старшыня культурніцкай камісіі партыі БНФ Франак Вячорка.

Паўдзельнічаць у кампіляваньні складанкі можа кожны ахвотны. Для гэтага трэба будзе ўзяць у сядзібе БНФ адмысловую анкету і пазначыць абраныя сьпевы адпаведна году.

Праект «20 гадоў – 20 гітоў» закліканы праз музыку распавесці гісторыю БНФ, чым фронтаўцы жылі і якой музыкай натхняліся. Ініцыятары праекту перакананыя, што выданьне складанкі станецца грамадзка значнай падзеяй і аб’яднае шырокае кола аматараў беларускай музыкі.

Тузін Гітоў

Апублікавана 17.06.2008 by  Андрэй.