Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Народны Альбом, цяпер і ў кніжцы

Народны Альбом, цяпер і ў кніжцы

18-га чэрвеня ў "Графіці" была прэзэнтацыя "Народнага Альбому". У сэнсе - п'есы "Народны Альбом", адкуль паходзяць шырокавядомыя песьні. Сымпатычная кніжка, надрукаваная "Мэдысонтам". Гадоў зь дзесяць таму пачатак п'есы друкавала "НН", цяпер можна пачытаць поўны тэкст. Харошы тэкст, харошыя карцінкі, часам дробныя забаўныя памылкі. Так, дырэктара Ліцэю Ўладзімера Коласа пераблыталі зь яго братам, перакладчыкам Зьмітром Коласам. Але магло быць горай. Згадваецца, як у "Мастацкай літаратуры" выйшлі казкі Шарля Пэро ў Зьмітравых перакладах - з подпісам "пераклад Якуба Коласа".

Імпрэза ў "Графіці" выйшла душэўная. У нязвыкла вузкім коле, як на маштаб падзеі. Лявон Вольскі і Кася Камоцкая былі на вышыні. Але найбольш, як на мяне, аджог Міхал Анемпадыстаў, спакойна і паволі, як у зачараваным сьне, травячы байкі пра мінулыя, цяперашнія і будучыя канцэрты "Народнага Альбому".

Вось што піша сьведка вечарынкі: http://the-sixth-fuwa.livejournal.com/87080.html

І я там быў, гарэлку з колай піў, нават пару вершыкаў прачытаў. І неспадзявана трапіў у суаўтары кніжкі. Дакладней, яе вокладкі. Дэбютаваў у новым для сябе жанры - тэкст на вокладку кніжкі пад такой вось цудоўнай фоткай аўтараў (фатограф Андрэй Шчукін).

У Беларусі на сёньня ёсьць два Народныя паэты. Але, каб гэта залежала ад мяне, зьявіліся б яшчэ двое: Міхал Анемпадыстаў і Лявон Вольскі. Напраўду, з часоў Караткевіча мы ня мелі такой прыгожай беларускай мітатворчасьці, а з часоў “Сказа пра Лысую Гару” – такога крэатыўнага суаўтарства, як у “Народным альбоме”. Гэты супольны праект даўно і заслужана расьцягалі на цытаты, песьні ля вогнішча і ліцэйскія спэктаклі. А мяне – зусім як герояў песьні пра настаўніка Рагойшу – ён нават перанес у 1975 год. Я прысьніў дзесяцігадовага Лявона Вольскага. Тата, вядомы літаратар, пытаецца ў яго: “Кім ты хочаш стаць, калі вырасьцеш?” А ён з гонарам так адказвае: “Каб я ўжо ня быў Лявонам Вольскім, я стаў бы… Міхалам Анемпадыставым”.

Узята з блогу khadanovich.livejournal.com.

Апублікавана 20.06.2008 by  Андрэй.