Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Любімыя дыскі Лявона Вольскага. Частка I – Захад.

Любімыя дыскі Лявона Вольскага. Частка I – Захад.

Сайт Experty.by адчыніў рубрыку "Любімыя дыскі", ў якой вядомыя беларускія музыкі будуць распавядаць пра свае музычныя густы. Першым госцем новай рубрыкі стаў Лявон Вольскі. На гэтым тыдні ён распавёў пра любімыя заходнія дыскі.

Дзякуючы таму, што мае бацькі сябравалі з сям’ёй кампазітара Глебава, у дзяцінстве я ў асноўным слухаў джаз: Мэйнард Фергюсон, Дон Элліс, Дзюк Эллінгтон і інш. Потым недзе напрыканцы 70-х з Фінляндыі, дзе ў Яўгена Аляксандравіча была пастаноўка "Маленькага Прынцу", прывезлі вінілавую плытку "The Beatles" з раннімі запісамі. Там нават нейкія каверы былі. І я зразумеў, што ёсць такая музыка "біт" і мне яна сугучна.

Калі я паступіў у мастацкую вучэльню, я пазнаёміўся з хлопцамі і пачаў абменьвацца запісамі. Слухаў "Deep Purple", "Sweet", "Nazareth", "Queen". Тым больш, што Юрась Ляўкоў тады фарцаваў гэтымі запісамі. Недзе ў сярэдзіне 80-х мы пастаянна слухалі польскае радыё, дзе ў хіт-парадзе ўдзельнічалі адначасова польскія і заходнія выканаўцы. Напрыканцы 80-х пачалі падабацца "U2", спачатку музыка не вельмі, а толькі кліпы. Здаваліся маладрайвовымі. А потым яны памяніліся, я памяняўся.

Некаторы час, калі "Мроя" грала нейкі смешны хард-н-хэві, я не слухаў наогул нічога новага. Але недзе на пачатку 90-х я адкрыў для сябе "Red Hot Chili Peppers". Потым "Nirvana". Потым "Pearl Jam", "Soundgarden", "Soniс Youth", "Smashing Pumpkins". За гэтым быў вельмі насычаны час, калі выйшлі "Prodigy" "The Fat Of The Land", "U2" "Pop", "Depeche Mode" "Ultra", "Radiohead" "OK Computer", "Portishead" "Portishead", "Rammstein" "Sehnsucht". Шмат чаго цікава і ўсё за адзін год! Пасля гэтага пачаліся часы розных рэп-металаў. Мне спадабаліся "Korn", "Limp Bizkit". Трохі пазней "System Of A Down".

Як не дзіўна, зараз усплываюць старыя вартасці. Раптам разумееш, што хочацца паслухаць альбом "Beatles", разумееш каштоўнасць рыфаў "Led Zeppelin", якія перайшлі ў цэлую плойму сучасных камандаў. Сучасны музычны свет вельмі разнастайны, няма нейкіх 5 суперзорак і гэта можа нават вельмі добра – кожны можа выбраць тое, што ён хоча. З рокавых рэлізаў апошніх галоў мне спадабаліся свежыя альбомы "Muse", "Foo Fighters","Queens Of The Stone Age","Interpol". Таксама слухаю world music, класіку.

10 любімых заходніх дыскаў Лявона Вольскага:

The Beatles "Pepper’s Lonely Hearts Club Band" (1967) – Менавіта дзякуючы гэтаму альбому рок-музыка набыла больш мастацкі сэнс: уся гэтая тэатралізацыя, вокладка, задумка з тэлеварыянтам. Пачуў недзе ў 1982-83 гадах. З цягам часу перыядычна вяртаўся да яго, адкрываючы для сябе новыя моманты.

AC/DC "Back In Black" (1980) – Нягледзячы на вымушаную замену вакаліста (не ў лепшы бок) гэта бадай самы цэльны, самы сбалансаваны і, напэўна, самы лепшы для мяне альбом. Таму што на папярэдніх і ў наступных дысках было па некалькі песень, а тут ўсё адно да аднаго: пабудаваная чарговасць, цікавыя рыфы. Вечная каштоўнасць.

Bob Marley "Legend" (1984) – Неяк пазднавата я падыйшоў да музыкі рэгі, толькі пасля 30. Можа па маладосці мне здавалася гэта размазнёй, а потым паслухаў цэлы дыск і супер. І тэксты, і музыка. Дагэтуль часцяком падабаецца слухаць. Выдатная складанка.

U2 "The Joshua Tree" (1987) – U2 не былі вынаходнікамі нейкага новага музычнага стылю, але яны спарадзілі ў свой час вельмі шмат падобных па гучанні гуртоў і гэта добра сведчыць пра ўплыў Бона і яго сяброў на музычны сусвет. Мне спачатку яны не падабаліся, здавалася, што іх музыка нейкая размазаная. Але гэты альбом зачапіў вельмі моцна, асабліва, калі ўбачыў кліпы.

Nirvana "Nevermind" (1991) – Калі я ўбачыў па тэлебачанні "Smells Like Teen Spirit", адразу адчуў, што гэта будучыня. Усё было зроблена вельмі проста і зразумела, на чатырох магічных акордах. Геніяльнае спалучэнне прычасанага гучання з цяжкімі рыфамі, надрыўным голасам і неяўцямным, але магічным тэкстам.

Dave Matthews Band "Crash" (1996) – На гэтым альбоме ёсць адна песня, якую магу слухаць бясконца - "So Much To Say". Дэйв Мэтьюз наогул дэманструе вакальную падачу, якая у іншым выкананні, магла б падацца вульгарнай. Але ў яго гэтая манера толькі падкрэслівае вартаснасць твору.

Pogues "The Very Best Of Pogues" (2001) – Музыка "настаяшчых пацаноў". Мне здаецца, што карані "Крамбамбулі" недзе там і ляжаць. Невядома як кіравацца прыкладам лідара гурта Шэйна МакГована– ці то ўсімі сіламі устрымлівацца ад яго прыкладу, ці скарыстацца яго досведам :)

Manu Chao "Proxima Estacion: Esperanza" (2001) – Альбом, з якім яны праехалі па ўсім свеце і знялі фільм пра гэтыя вандроўкі. Можа тут ёсць самапаўторы, але зроблена ўсё вельмі цікава. У адрозненні ад першага альбому, гэта выглядае на сур’ёзную работу – шмат інструменталістаў, добры гук.

System Of A Down "Toxicity" (2001) – На мой погляд, гэта была міні-рэвалюцыя ў рок-музыцы. На гэтым альбоме ўсё вельмі жыва запісана. Мне здаецца, што запісана на аналаг. Таму ўсё дыхае, адчуваюцца вельмі дробныя нюансы. Вельмі мне гэта падабаецца. Жанравы сплаў хард-року, арт-року, этнікі і нават кабарэ.

Orchester der Wiener Staatsoper "Wagner – Parsifal" (2006) – Вагнэр падабаўся заўсёды больш за астатнюю класіку, нягледзячы на ўвесь яго пафас. Нават вяселле мы з Анечкай гралі пад яго музыку. Гэта вялікая опера (4 CD). Магу слухаць яе ўрыўкамі, магу цалкам. А тут яшчэ ў галоўнай ролі Пласіда Дамінга і грае аркестр Венскай Оперы.

Запісаў Зміцер Безкаравайны, experty.by

P.S.: "Любімыя дыскі" - любімыя дыскі розных часоў, якія з задавальненнем слухаеш і зараз.

P.P.S.:Пра любімыя "ўсходнія" дыскі (былы СССР і сацлагер) Лявона Вольскага чытайце на наступным тыдні.

Апублікавана 15.10.2008 by  Андрэй.