Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Народны Альбом: The Show Must Go On

Народны Альбом: The Show Must Go On

“Гэта было непараўнальна!”, “Дзякуй музыкам за іх талент!”, “Дзякуй арганізатарам за добры настрой і незвычайны вечар!”. Раздаваліся водгукі ўражаных гледачоў на выступ музыкаў праекту “Народны альбом,” які адбыўся 2 снежня ў Малой залі КЗ “МІнск”. Канцэрт скончыўся, але ў залі яшчэ доўгі час чуліся словы падзякі і спробы выказаць тое, што часам нельга аформіць у ідэальны моўны тэкст, бо яно занадта моцнае і непадуладнае цвярозаму розуму.

Сапраўды, “Народны альбом” учора атрымаўся. Не ведаю, што выклікала такі ажыятаж перад канцэртам і рэакцыю публікі падчас выступу, але свята было, і яно было непаўторным.

Імёны ўдзельнікаў праекту – Лявона Вольскага, Касі Камоцкай, Зміцера Вайцюшкевіча – ужо сталі хадзячай назвай. Яны назаўжды застануцца ў гісторыі незалежнай Беларусі як сімвалы яе адраджэння і імкнення да самаўдасканалення і безупыннага руху наперад.

Уявіце іх усіх на адной сцэне, пераапранутых у тыповыя для пэўнага гістарычнага часу касцюмы, што нясуць лёгкае адценне камічнасці і схаванай іроніі, па-ранейшаму таленавітых, натхнёных магчымасцю зноў выступаць перад сваімі фанатамі, і ўдзячную публіку насупраць – і вы адчуеце, якая атмасфера панавала ўчора ў канцэртнай залі.

Я не памятаю, калі ў апошні раз мне не хацелася, каб імпрэза сканчвалася. Магчыма, гэта было на канцэрце гурту Bon Jovi паўгады таму ў адным з найвялікшых стадыёнаў у Еўропе Amsterdam Arena, калі я, далучыўшыся да шалёных галандцаў, вар’яцела ад песні дзяцінства Livin’ on a Prayer у жывым выкананні майго куміру.

Такое ж адчуванне было ў мяне і ўчора, і, відаць, не толькі ў мяне, бо публіка па сканчэнні выступу пачала патрабаваць працягу. Але непахісны Міхал Анемпадыстаў не паддаўся, заклікаўшы ўсіх жадаючых прыйсці на другі дзень канцэрту 3 снежня.

“Поспех ці правал любога мерапрыемства канстатуюць не арганізатары, а гледачы. Але той факт, што людзі куплялі вельмі дарагія, на мой погляд, квіткі на імпрэзу культурніцкага характару сведчыць шмат аб чым,” – падзяліўся сваімі ўражаннямі ад канцэрту аўтар праекту Міхал Анемпадыстаў.

Аляксандра Гайдукевіч
budzma.org

Апублікавана 03.12.2008 by  Андрэй.