Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Такога няма нідзе

Такога няма нідзе

Усе пыталіся: чаму гэткая тэма, чаму менавіта Валодзя Пугач абраны для супольнага выкананьня?

Ну, я там нешта сабе прыдумляў для журналістаў, маўляў, заўшоў у краму “Акіян”, а там ў акварыюме плаваюць рыбы, дык падумалася: напішу пра рэкі і вазёры. Потым, гляджу – пакункі стаяць з морсам, дык адразу зразумеў: Пугач!

Каюся: гэта была хлусьня. Гэткая нявінная, у чымсьці дзіцячая, але ўсё ж хлусьня. Папросту сорамна мне было прызнацца, што мы з Валодзем даўно ўжо разам ходзім (і езьдзім) на ловы. Абвандравалі, практычна, усю Беларусь. І зараз, зімою, рэгулярна наведваем нашыя вадаёмы, бурым сьвідравіны й цягаем рыбу. Балазе, цяпер усталявалася сапраўдная зіма, лёд надзейна стаў. Нажаль, Новы год мы сустракалі паасобку – я – на Нарачы, ён – у гарадзенскім аквапарку. Я дык, натуральна, прасьвідраваў быў сабе адтуліну, але злавіў толькі некалькі рыбаў. Бо часу не было, мусіў пад’яднацца да сьвяткавальнікаў. А Валодзя… Ну, аквапарк – таксама справа добрая. Вадзяная ўсё ж. Але ж перажываў ён вельмі, пераймаўся, усё смс-кі слаў, маўляў, як там? Ловіцца ці не?

У Валодзі дома вялікі, на ўсю сьцяну, акварыюм з трафэямі. Пярліна калекцыі – стары 2-мэтровы шчупак. Усе вудалі зайздросьцяць. Адно толькі гэты драпежнік часьцяком зьнішчае іншых экспанатаў, хаця й харчуюць яго рэгулярна набытымі ў краме “Акіян” карпамі й іншымі прадстаўнікамі вадзяное фаўны.

Вось таму й напісалася, тэмаў доўга ня трэба было шукаць. А хто не разумее, пра што я тут выказваюся, зайдзіце на “Тузін гітоў” і спампуйце песеньку “Такога няма нідзе” – Вольскі, Пугач. Прыемных ловаў!

Узята з блёгу lvolski.livejournal.com

Апублікавана 16.01.2009 by  Андрэй.