Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Лявон Вольскі двойчы намінаваны на Рок Карону 2008

Лявон Вольскі двойчы намінаваны на Рок Карону 2008

Еўрарадыё раздабыла спісы намінантаў “Рок-каранацыі-2008” і разам з экспертамі паразважала, хто з іх прэтэндуе на перамогу.

“Рок-каранацыя-2008” адбудзецца 14 сакавіка. Сюрпрызам стала тое, што сёлета мерапрыемства вырашылі правесці не ў сталіцы, а ў Маладзечне. Па словах заснавальніка мерапрыемства Юрыя Цыбіна, прычын, па якіх “Рок-каранацыя” змяніла месца прапіскі, дзве. Па-першае, арганізатары не ўпэўненыя, што здолеюць сабраць поўную залю ў КЗ “Мінск”. А па-другое, яны вырашылі змяніць фармат правядзення канцэрта.

Юрый Цыбін: “Вельмі хацелася неяк памяняць фармат правядзення “Рок-каранацыі”. У Маладзечна, як вядома, ёсць цікавы малады аркестр, у музычнай вучэльні. І мы дамовіліся з кіраўніком гэтага аркестра, што паспрабуем спалучыць рок з сімфанічнай музыкай. Самы просты варыянт такі, што кожная каманда выканае адну сваю песню ў суправаджэнні гэтага сімфанічнага аркестра”.

Што тычыцца намінацый, то, па словах Юрыя Цыбіна, яны застануцца амаль нязменнымі. Толькі знікла намінацыя “Прарыў года”.

Еўрардыё даведалася спіс прэтэндэнтаў на перамогу ў асноўных намінацыях “Рок-каранацыі-2008”.

“Альбом года”

1.Ляпіс Трубяцкой “Маніфест”
2.Этна-трыа “Троіца” “Сон-трава”
3.IQ-48 “Героі”
4.Дзеці Дзяцей “ОтЛично”
5.Зміцер Вайцюшкевіч “Тое, што трэба”
6.The Stokes “Не замерзай”
7.Без Білета “Настоящая любовь”
8.Сольны праект Лявона Вольскага “Куплеты і прыпевы”
9.Сольны праект Віталя Артыста “Не без білета”

“Выканаўца года”

1.Зміцер Вайцюшкевіч
2.Лявон Вольскі
3.Віталь Артыст
4.Іван Кірчук
5.Сяргей Міхалок
6.Аляксей Стокс
7.Ганна Хітрык

“Рок-карона”

1.Ляпіс Трубяцкой
2.Этна-трыа “Троіца”
3.The Stokes
4.Дзеці Дзяцей
5.IQ-48
6.Без Білета

Вылучаць прэтэндэнтаў і выбіраць пераможцу ў намінацыі “Традыцыі і сучаснасць” будзе кампанія “Будзьма”. Але каардынатар кампаніі Алена Макоўская паведаміла, што пакуль такога спісу яны не складалі і таму сказаць, хто будзе прэтэндаваць на перамогу ў гэтай намінацыі не можа. Пераможцаў у намінацыях “Песня года” і “Адкрыццё года” будзе вызначаць музычны партал “Тузін Гітоў”. Яго галоўны рэдактар Сяргей Будкін ад каментароў пакуль адмовіўся.

Што тычыцца журы, то ў склад яго ўвойдуць акрамя Юрыя Цыбіна Павел Кашырын, Сяргей Ісакаў, Зміцер Падбярэзскі, Таццяна Заміроўская, Сяргей Будкін, Аляксандр Памідораў і Ўладзімір Шаблінскі.

Еўрарадыё паспрабавала спрагназаваць, хто стане пераможцам у намінацыях, спіс удзельнікаў якіх ужо вядомы. На думку журналісткі Таццяны Заміроўскай выбіраць лепшага з выканаўцаў, якія працуюць у абсалютна розных жанрах, справа няўдзячная. Хоць і з цяжкасцю, але яна здолела назваць, хто на яе думку стане лепшым у намінацыі “Альбом года” і хто атрымае “Рок-карону”.

Таццяна Заміроўская: “Я лічу, што “Альбом года” павінен атрымаць Ляпіс Трубяцкой. А калі б раздавала “Рок-кароны”, то я б аддала яе “Троіцы”.

А вось музычны крытык Алег Клімаў кажа, што аддаў бы “Троіцы” перамогу ў намінацыі “Альбом года” і “Рок-карону”. А “Выканаўцам года”, на яго думку, павінен стаць Зміцер Вайцюшкевіч.

Намінантак на званне “Рок-князёўны” пакуль не называюць. Аднак, па інфармацыі Еўрарадыё, перамогу ў гэтай намінацыі мае атрымаць вакалістка гурта “Дзеці Дзяцей” Ганна Хітрык.

Зміцер Панямонаў

Апублікавана 06.02.2009 by  Андрэй.