Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Лявон Вольскі: У гэтай сытуацыі трэба памаўчаць

Лявон Вольскі: У гэтай сытуацыі трэба памаўчаць

Лідэр N.R.M. даў вялікае інтэрвію тэлепраграме Паўла Мажэйкі «Госьць Белсату», падрыхтаванай пры творчым удзеле «Тузіна Гітоў», і шчыра адказаў на не зусім зручныя пытаньні, адносна творчага зацішша, апошніх музычных праектаў, «Рок-Каранацыі» ды выказаў сваё стаўленьне да сёньняшняй сытуацыі ў беларускай рок-музыцы: «Трэба вытрымаць паўзу. Тры гады нельга было граць, а цяпер гэта нават заахвочваецца. Думаю, што наадварот у гэтай сытуацыі трэба крышачку памаўчаць, падумаць».

Лявон Вольскі— Што адбываецца цяпер зь Лявонам Вольскім? Нешта вас амаль не відаць у інфармацыйнай прасторы.

— Я зрабіў творчую паўзу. Цяпер працую над новымі музычнымі праектамі, вельмі цікавымі, як на мой погляд. На Новы год быў прэзэнтаваны праект зь песьнямі ў стылі 60-х гадоў і хутка зьявіцца дыск.

— Гэты праект досыць неадназначна ўспрынялі. Былі крытычныя стрэлы ў яго бок.

— Можа быць там былі хібы ў зьвязцы між песьнямі і атрымалася не зусім дасканала. А наконт 60-х, то мода на тыя часы цяпер вяртаецца, а мы ня ведалі, што так будзе.

— А чаму ўсё ж канцэртаў вы цяпер амаль не даеце?

— Не хацеў пра гэта казаць, але раскрыю сакрэт. Трэба вытрымаць паўзу. Тры гады нельга было граць, а цяпер гэта нават заахвочваецца. Думаю, што наадварот у гэтай сытуацыі трэба крышачку памаўчаць, падумаць.

— І гэта было прычынай, што вы не прысутнічалі на апошняй «Рок-Каранацыі», напрыклад.

— Не зусім. «Рок-Каранацыя» праводзіцца паводле дасягненьняў году. Я згодны, што «Ляпісы» па ўсіх пазыцыях перамаглі. Ёсьць музыкі, якім трэба і неабходна там паказацца. Мне не неабходна. І я не лічу, што за «Куплеты і прыпевы» мусіў нешта там атрымаць.

— А вы самі задаволеныя «Куплетамі і прыпевамі». Бо я пачытаў адну з рэакцыяў на гэты альбом, што вашыя першыя песьні — гэта быў супраціў рэжыму, за гонар народу, а тут нейкія сьмяшлівыя песенькі.

— Я задаволены. А наконт рэакцыі думаў, што наогул праклянуць. Невядома, што лепей спрацоўвае супраць рэжыму, ці толькі вечныя песьні за свабоду. Ты пастаянна паўтараешся ў іх, трэба шукаць нейкія іншыя шляхі.

— Дык тады трэба было назвацца ў 80-х, скажам, «Старадароскія пралескі», а ня «Мрояй»-N.R.M. і тады ўсё было бы зразумела. Шмат хто з моладзі чакае такіх песень, як «Бывай» ці «Паветраны шар»…

— Дык гэта ўсё застаецца. Гэта быў бакавы лёгкі праект. Гэта ня значыць, што я ня буду пісаць патрыятычных гімнаў. Яно ўсё роўна баліць. Калі баліць, значыць пішацца. Калі пішацца, значыць пачуеце…

Лявон Вольскі таксама адказаў на пытаньні, ці не зайздросьціць ён Сяргею Міхалку, ці не шкадуе сёньня пра візыт у адміністрацыю прэзыдэнта і чаму цяпер больш часу праводзіць у Варшаве, а ня ў Менску. Поўная вэрсія інтэрвію мае выйсьці ў этэр тэлеканалу «Белсат» 10.04 у 20:15 (паўтор 15.04 у 21:35).

Даведка: Праграма «Госьць Белсата» на канале «Белсат» — аўтарская публіцыстычная праграма Паўла Мажэйкі. Кожную пятніцу ў студыі адбываюцца сустрэчы зь цікавымі суразмоўцамі — палітыкамі, публіцыстамі, экспэртамі, прадстаўнікамі розных грамадзкіх і культурніцкіх колаў сучаснай Беларусі ды сьвету. Архіў праграмы тут.

ТГ

Апублікавана 09.04.2009 by  Андрэй.