Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Кудзіненка хоча запрасіць Вольскага для здымкаў у фільме

Кудзіненка хоча запрасіць Вольскага для здымкаў у фільме

«Беларусьфільм» падпісаў дамову з Андрэем Кудзіненкам, аўтарам «Акупацыі», на здымкі гатычнай трагікамедыі жахаў. Мастаком стужкі можа стаць Артур Клінаў, ролі прапанаваныя Кату і Колбышаву. У стужцы можа з'явіцца і Вольскі.

Сцэнар, складзены па аддаленым матывам «Локіса» Праспера Мэрымэ, прыдумалі Аляксандр Качан і Андрэй Кудзіненка. Кудзіненка пры гэтым жартуе: «Масакра» — гэта такая дзяўчына», калі яго запытваюць пра назву. Зрэшты, любоўная гісторыя ў сюжэце таксама маецца.

Напрыканцы мінулага году Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» прапаноўвала рэжысёру, напаўзабароненаму ў Беларусі, паставіць на радзіме гатычны хорар. Кудзіненка згадзіўся, але дамовы не падпісваў.

У Расеі і Польшчы таксама зацікавіліся касавым сюжэтам, але расейскую кінаіндустрыю хутка напаткаў крызіс — а польскім партнёрам не падабаліся моўныя гульні, фірмовыя для дуэту Качана й Кудзіненкі. У папярэднім фільме «Акупацыя. Містэрыі» — героі размаўляюць на мове, што адпавядае іхняму нацыянальнаму й сацыяльнаму статусу (мове беларускай, польскай, расейскай).

Нарэшце, крызіс прыйшоў і ў Польшчу — і магчымыя вонкавыя інвестыцыі былі замарожаныя. У выніку на мінулым тыдні Кудзіненка склаў дамову з Нацыянальнаю кінастудыяй. Яму абяцалі не чапляцца з ідэалагічнымі прыдзіркамі і фінансаваць шчодра. Запуск карціны прызначаны на восень.

Цяпер рэжысёр збірае сваю каманду, каб можна было паставіць годную карціну на кінастудыі, што адвучылася ад мастацтва. Роля графа, які ператвараецца ў мядзведзя, прапанаваная Анатолю Кату; святаром (і былым паўстанцам) — можа стаць Аляксандр Колбышаў (вядомы, як зухаваты Штыркін з «Акупацыі»). Нагадаю, што дзеянне ў фільме адбываецца пасля паўстання Кастуся Каліноўскага; гатычная жахаўка насычаныя гістарычнымі й сацыяльнымі рэаліямі тых часоў.

Рэжысёр хацеў бы запрасіць на стужку і Лявона Вольскага (на ролю музыкі), і гурт «Тройца» (для мядзвежага саўндтрэку).

А перад Артурам Клінавым пастаўленая адмысловая задача — не толькі намаляваць прыдуманы свет, але і стварыць загадку, якая мае вялікае (і камічнае) значэнне ў сюжэце.

Апублікавана 09.04.2009 by  Андрэй.