Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Garadzkija прымуць удзел у фэсце Bela music 09

Garadzkija прымуць удзел у фэсце Bela music 09

23 траўня на адкрытай пляцоўцы сталічнага аэраклюбу “Баравая” адбудзецца першы рэспубліканскі фэстываль “Bela Music-09”. Упершыню найлепшыя рок-гурты Беларусі, якія яшчэ зусім нядаўна былі пад забаронай, выступяць на адной пляцоўцы пад патранатам Мінісітэрства культуры і мясцовых уладаў. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы заявілі арганізатары мерапрыемства.

Мастацкі кіраўнік фэсту, лідэр гурта “Палац” Алег Хаменка распавёў, як у 1994 годзе ён пабываў на буйным опэн-эйры ў Нямеччыне, які так яго ўразіў, што ён падумаў аб неабходнасьці зладзіць нешта падобнае ў Беларусі. “Ні з чым непараўнальныя эмоцыі мы адчувалі і ў 1995 годзе, калі “Палац” граў на легендарнай Замкавай гары ў колішняй сталіцы ВКЛ Навагрудку. З таго часу было зроблена многа спробаў. Былі спадзяваньні, што нехта возьмецца за арганізацыйныя рэчы і зробіць чорную работу за нас, але нічога не адбывалася. Нарэшце, мы стаміліся чакаць і разам з Валодзем Шаблінскім узяліся за справу”, — распавёў музыка.

“Можна па-ранейшаму працягваць сьцвярджаць, што ў Беларусі няма шоўбізу, і працягваць выступаць на клюбных канцэртах перад аўдыторыяй у 100-200 чалавек. А можна паспрабаваць зьмяніць сытуацыю, — распавядае арганізатар “Bela Music-09”, дырэктар агенцтва “Лінія гуку” Ўладзімер Шаблінскі. — Мяне абурае, што прыезджым расейскім зоркам даюць стадыёны, пад іх канцэрты знаходзяцца айчынныя спонсары. Гэткім чынам немалыя грошы вывозяцца з краіны, і, па-сутнасьці, укладаюцца ў развіцьцё расейскага шоў-бізнэсу. Гэта недапушчальна!”

Таму арганізатары “Bela Music-09” заклікаюць ствараць беларускія музычныя брэнды, аб’ядноўваць намаганьні і папулярызаваць айчынных выканаўцаў, спрыяючы такім чынам разьвіцьцю айчыннага шоўбізу.

Апроч гэтага, “Bela Music-09” ставіць перад сабой мэту стварыць падмурак для зьяўленьня ў Беларусі агульнанацыянальнай узнагароды ў галіне папулярнай актуальнай сучаснай музыкі. Аўтары ідэі ўжо атрымалі згоду на ўдзел ў фэсьце прадстаўнікоў іншых буйных беларускіх фэстаў — “Басовішча”, “Рок-каранацыі”, “Рок-кола”. Вядуцца перамовы з “Золотым ухом” і “Золотой аккустикой”. “Мы спадзяемся, што ў выніку плённай супрацы зь іншымі фэстывалямі, гіт-парадамі і мас-медыя будзе створаны адмысловы фонд (ці грашовая прэмія), якія пойдуць на падтрымку найбольш цікавых і актуальных гуртоў”, — гаворыць Алег Хаменка.

Удзельнікі: “самыя знакавыя гурты”
Якім будзе фармат шоў? Гэта папулярная актуальная беларуская музыка, то бок, усе музыкі, якія, незалежна ад стылю і напрамку, у апошні час выступалі з сольнымі канцэртамі працягласьцю больш за 80 хвілін з жывым інструмэнтальным акампанемэнтам.

Арганізатары абяцаюць, што ў фэсьце, які будзе праходзіць 23 траўня з 16.30 да 22.00 на Баравой, выступяць самыя знакавыя гурты Беларусі. Папярэднюю згоду ўжо далі “Крама” і Neuro Dubel, “Палац”, “Детидетей” і Garadzkija… Імя хэдлайнера фэсту, гэтаксама, як і іншых удзельнікаў, пакуль не раскрываецца. Аднак абяцаюць, што гледачоў чакаюць прыемныя неспадзяванкі.

Пры ўмове ўдалага правядзеньня сёлетняга фэсту, арганізатары плянуюць надалей запрашаць і беларускамоўныя гурты з этнічна беларускіх Беласточчыны і Смаленшчыны. А вось ад замежных зорак ад самага пачатку было вырашана адмовіцца. “Яны пасьпяхова прыязджаюць і выступаюць у Беларусі і бяз нас. Апроч таго у Беларусі ладзяцца розныя канцэрты з удзелам замежнікаў”, — гаворыць Уладзімір Шаблінскі.

Арганізатары мяркуюць зрабіць фэстываль штогадовым, але пакуль аб гэтым гаварыць зарана. “Дзіця яшчэ не нарадзілася, мы яго толькі чакаем. Таму штогадовы фармат пакуль застаецца доўгатэрміновай мэтай”, — адзначыў Алег Хаменка.

І тут лібералізацыя
Нагадаем, што яшчэ зусім нядаўна, з 2005 па 2007 гады, у Беларусі існавалі негалосныя “чорныя спісы”, якія, па-сутнасьці, забаранялі публічную дзейнасьць найбольш вядомых рок-гуртоў на чале з N.R.M., "Крамай", "Палацам", Neuro Dubel… Цяпер жа Мінкультуры, Мінаблвыканкам і Мінгарвыканкам выступаюць суарганізатарамі фэсту тых самых незалежных гуртоў. Фантастыка!

“Гэта ўнікальная сітуацыя. Дзяржава сказала: мы ня будзем вам перашкаджаць, рабіце, калі жадаеце. І не скарыстацца такой магчымасьцю было б глупствам, — лічыць Уладзімер Шаблінскі. — Думаю, прычына такога павароту дзяржавы тварам да рок-музыкі ў тым, што ў краіне адбываецца лібералізацыя. У цяперашніх эканамічных, палітычных умовах нешта мяняецца, зьлятае шалупіньне, людзі пачынаюць болей бачыць у вачах адно аднаго”.

На думку Алега Хаменкі, беларускі рок-н-рол дасягнуў такой ступені ўплыву на грамадскую думку, найперш — на розумы моладзі, што стала немагчыма гэты рух ігнараваць.

Ці высоўвалі дзяржструктуры нейкія патрабаваньні ідэалягічнага кшталту? “У мяне толькі запыталіся, ці бяру я на сябе адказнасьць, што гурты-выступоўцы будуць “нармальнымі і адэкватнымі. Больш нічога”, — падзяліўся лідэр “Палаца”.

Квіткі па 20 тысяч
Па словах дырэктара агенцтва “Лінія гуку”, якое адказвае за тэхнічную і арганізацыйную частку “Bela Music-09”, продаж квіткоў пачнецца не пазьней, чым за месяц да пачатку фэсту. Прыблізная цана — 15-20 тысяч рублёў. Для гледачоў будзе наладжаны адмысловы аўтобусны маршрут “станцыя мэтро “Усход” — “Баравая”, праезд у якім будзе каштаваць звычайныя 600 рублёў. Што да патэнцыйнай колькасьці ўдзельнікаў, ініцыятары фэсту пакуль устрымліваюцца ад пэўных лічбаў. Прынамсі, пляцоўка ў Баравой можа прыняць 15 тысяч чалавек.
“Наша агенцтва не ўзялося б за арганізацыю, калі б не было падтрымкі дзяржструктур, — кажа Шаблінскі. — Аплаціць паслугі МНС, мэдыкаў, арэнду зямлі і аўтобусны маршрут мы б ня здолелі. Апроч гэтага, удзел Мінкультуры і мясцовых уладаў у дзесяткі разоў спрашчае бюракратычныя працэдуры, узгадненьні, хаджэньні па кабінетах”.

Гэй, спонсары!
Што да бюджэту феставалю, ён застаецца адкрытым. Дзякуючы продажу квіткоў, у найлепшым выпадку ўдасца выйсьці на “нуль”, ня болей. Ды і выступоўцы атрымаюць сымбалічныя ганарары. Дзеля развіцьця фэстывалю ніяк не абысьціся без спонсараў. З гэтай нагоды арганізатары зьвяртаюцца да прадпрыемстваў і арганізацый з просьбай далучыцца да “Bela Music-09”, паспрыяўшы “разьвіцьцю станоўчага ўплыву сучаснай музыкі на культурнае развіцьцё моладзі і грамадства”.

Кастусь Лашкевіч, TUT.BY

Апублікавана 12.04.2009 by  Андрэй.