Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Лявон Вольскі: «Кожны верыць у сваё. Таму наша песьня і перамагае»

Лявон Вольскі: «Кожны верыць у сваё. Таму наша песьня і перамагае»

У 17-м туры на «Тузіне Гітоў» чарговую перамогу атрымала новая песьня гурта N.R.M. «Усё роўна мы пераможам». Лідэр гурта Лявон Вольскі на нашыя віншаваньні адрэагаваў з усьмешкай: «Заўжды прыемна перамагаць. І добра тое, што так шмат людзей верыць у перамогу» і пацікавіўся, што за песьню зрабіў для ТГ «Neuro Dubel». «Ведаеце, я быў бы толькі рады, калі гэтая песьня апярэдзіць нашу. Гэта значыць, што зьявілася яшчэ адна добрая беларуская кампазыцыя і пацьвердзіць маё меркаваньне, што Беларусь багатая на таленты!». Лявон Вольскі патлумачыў ТГ сакрэт папулярнасьці новай песьні N.R.M.

«Нашу песьню можна па-рознаму трактаваць: кожны верыць у сваё. Магчыма, што сябры БРСМ ды іхняе начальства думае, што дадзеная песьня адрэсаваная ім і „гадзючнікам“ лічаць апазыцыйны лягер. Таму галасуюць за яе ўсе людзі, перакананыя ў сваёй рацыі», — разважае Лявон Вольскі.

«Усё роўна мы пераможам» будзе перазапісана і ўвойдзе ў новы альбом N.R.M. пад назвай «Гадзючнік». «Мы рыхтуемся да першай студыйнай сэсыі, дзе плянуем запісаць ля дзесяці песень. Таму вырышылі перазапісаць і „Усё роўна…“, бо студыйны альбом мусіць быць запісаны ў адным месцы». Па словах музыкі, новы альбом N.R.M. мае выйсьці ўжо сёлета.

Апублікавана 19.05.2006 by  Slaver.