Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Лявон Вольскі пра вылет песьні «Гадзючнік» з гіт-параду «Тузін Гітоў»

Лявон Вольскі пра вылет песьні «Гадзючнік» з гіт-параду «Тузін Гітоў»

Лідэр N.R.M. Лявон Вольскі ласкава падзяліўся з карэспандэнтам «Тузіна Гітоў» сваімі ўражаньнямі ад новых незвычайных правілаў галасаваньня ў выніковым туры сэзону 2006: «Прыкольна! Зразумела, як да нас ставяцца некаторыя. Мы ніколі не былі за тое, каб усе нас любілі, каб перад намі ўсе дзьверы былі адчыненыя. Добра, што існуе такая страшная палярнасьць. Галоўнае, што людзі неабыякавыя, што нашая творчасьць усё роўна не дае спакою».

- Лявон, як Вы ставіцеся да таго, што Вашая песьня, якая доўгі час трымалася на першым месцы й пабіла ўсе магчымая рэкорды гіт-параду, набрала вялікую колькасьць «адмоўных» галасоў і вылецела ў першыя ж дні?

- Ой, ды і дзякуй Богу. Прыкольна! Зразумела, як да нас ставяцца некаторыя. Мы ніколі не былі за тое, каб усе нас любілі, каб перад намі ўсе дзьверы былі адчыненыя. Добра, што існуе такая страшная палярнасьць. Галоўнае, што людзі неабыякавыя, што нашая творчасьць усё роўна не дае спакою.

- Ці згодны Вы з новымі правіламі галасаваньня ў выніковым туры?

- Як бы лідэры ўсе і тут сталі лідэрамі, толькі наадварот:) Ну, зрабілі і зрабілі. Ідэя вельмі крэатыўная. Добра, што нешта ўвогуле адбываецца. І ня трэба сабе забіваць галаву тым, што людзі не разумеюць, што яны робяць. Яны ўсё выдатна ведаюць, бо там велізарным шрыўтам напісана, што галасаваньне супраць.

- Чарговая складанка “Тузіна Гітоў” будзе прадстаўлена менавіта тымі 12-цю трэкамі, што застануцца ў выніку. І, гледзячы на бягучы стан гіт-параду, гэта будуць у асноўным маладыя ня вельмі вядомыя гурты. Як Вы лічыце, гэта шанец для гэткіх камандаў?

- Шанец не шанец... Ведаеце, гэта зараз каманды зьбіраюцца з марай аб вядомасьці й папулярнасьці. Калі сабраліся мы, ніхто пра гэта ня думаў. Мы плянавалі адной нагой працаваць, а другой хадзіць на рэпетыцыі. І нічога не чакалі. Напэўна, таму й пратрымалімся такі доўгі час. Я не думаю, што быць выдадзеным - гэта шанец для кагосьці наогул. Ну, увойдзеш ты ў нейкую складанку. І хто цябе заўважыць? Прадусар? У нашай цяперашняй сыстэме шоў-бізнэса для гэтага мастацтва месца няма.

Апублікавана 13.07.2006 by  Alonka.