Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Басовішча сёлета пройдзе 16-17 ліпеня

Басовішча сёлета пройдзе 16-17 ліпеня

16-17 ліпеня Гарадок на Беласточчыне ўжо ў 21-ы раз будзе прымаць Фестываль музыкі Маладой Беларусі «Басовішча», які нязменна ладзіцца Беларускім аб’яднаннем студэнтаў.

Як зазначае старшыня арганізацыі Кася Кузьміч, у гэтым годзе арганізатары спрабуюць скіраваць фэстываль у бок разнастайнасці. Акрамя музычных высупаў запланаваныя літаратурныя сустрэчы, паказ фільмаў Тамары Саланевіч, ды фотавыстава маладога творцы з Беласточчыны Паўла Грэся.

Акрамя таго арганізатары «Басовішча» хочуць ушанаваць памяць беларускай паэтэсы Ларысы Геніюш, 100-гадовы юбілей якой адзначаюць беларусы. «Прапануем, каб кожны гурт, які захоча выступіць у конкурснай частцы, падрыхтаваў адну песню на словы Ларысы Геніюш. Гэтая ідэя ўзялася адтуль, што ў гэтым годзе святкуем 100-годдзе вялікай беларускай паэтэсы Ларысы Геніюш, і нам падумалася, што якраз такім конкурсам можна было б аддаць ёй пашану, а гэтым самым і пераказаць маладому пакаленню тыя ідэалы, якіх у сваім жыцці трымалася Ларыса Геніюш» – адзначаюць арганізатары.

Акрамя таго арганізатары гавораць аб разнастайнасці зместу музычных выступаў, на «Басовішчы» ў гэтым годзе ў якасці гасцей будуць запрашацца прадстаўнікі розных кірункаў беларускай музыкі.

Апублікавана 08.04.2010 by  Андрэй.