Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › «ЖывыГукON-line» 7 лістапада: Піт Паўлаў і іншыя

«ЖывыГукON-line» 7 лістапада: Піт Паўлаў і іншыя

7 лістапада ў мінскім клубе «Рэактар» адбудзецца чарговы канцэрт у межах музычнага праекту «ЖывыГукON-line». Дата правядзення гэтага канцэрту абрана не выпадкова. 7 лістапада — гэта ня проста «чырвоны дзень календара», але і дзень нараджэння ідэйнага кіраўніка праекта «ЖывыГукON-line» і вядомага беларускага музыкі Піта Паўлава.

«Гэты халодны восеньскі вечар будзе лепш за ўсё правесці ў цёплым „Рэактары“, адпачыць і паслухаць добрыя гурты, — кажа Піт. — Тым больш, гэта будзе першы канцэрт нашага праекту на клубнай пляцоўцы, і адразу ў такім значным мінскім месцы».

Павіншаваць Піта, апроч яго ўласнага гурта GaradZkija, прыйдуць маладыя, а таксама ўжо вядомыя беларускія гурты:

  • для гурта Clover Club гэта будзе літаральна першы выступ перад вялікай аўдыторыяй. Але ўжо зараз можна паслухаць іх дэбютны сінгл «So Full of Clover»
  • «Глебстеры», якія ўжо двойчы гралі на канцэртах серыі «ЖывыГукON-line» у гэтым годзе, гатовыя прыцягнуць увагу новых слухачоў
  • Гурт «Мутнаевока» зноў парадуе ўсіх сваім фірмовым драйвам і брудна-меладычнымі гітарнымі рыфамі
  • IQ48, схаваўшыяся гэтым летам на рэпетыцыйнай базе, упершыню сыграюць песні, якія ўвойдуць у трэці паўнафарматны альбом

Канцэрт пачнецца а 21-ай гадзіне і працягнецца да ночы. Квіткі на канцэрт будуць неверагодна таннымі — усяго 9 тысячаў, а для тых, хто святкуе свой дзень нараджэння 7 лістапада, уваход будзе вольным (трэба мець з сабой пашпарт ці пасведчанне аб нараджэнні)!

7 лістапада, клуб «Рэактар» (вул. Веры Харужай, 29). Пачатак у 21:00. Білеты можна набыць у касах клубу. Даведкі па тэлефоне: +375 29 3404633. Канцэрт пройдзе пры падтрымцы кампаній „БелПІ“, „Будзьма беларусамі!“ і галерэі ZOYA.

Апублікавана 27.10.2010 by  Slaver. Абмяркаваць на форуме