Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › “Massive Attack” і “Garadzkija” адкрыюць беларускую галерэю у Варшаве

“Massive Attack” і “Garadzkija” адкрыюць беларускую галерэю у Варшаве

Ад самога пачатку айчыннага рок-руху многія беларускія рок-музыкі пачыналі свой творчы шлях як мастакі ці дызайнэры. Успомнім прозьвішчы такіх вядомых беларускіх рокераў-мастакоў, як C. Кныш, Л. Вольскі, І. Варашкевіч, А. Плясанаў, С. Скрыпнічэнка ды іншых.

Ад гэтага і стварыўся той сымбіёз, які дае творчы імпульс для ўзаемадзеяньня гэтых напрамкаў нацыянальнага мастацтва. Мастацкае асяродзьдзе вылучае ўсё новыя музычныя кадры для сілкаваньня айчыннага рок-руху, мастакі з ахвотай афармляюць кружэлкі сваіх былых калегаў, а рок-музыкі аздабляюць сваімі кампазыцыямі выставы і біенале сваіх сяброў-мастакоў…


Піт ПаўлаўПра новы прыклад такой узаемападтрымкі мастакоў і музыкаў распавядае гітарыст гурту “N.R.M.”, лідэр гуртоў “Garadzkija” і “Pete Paff” Піт Паўлаў.

- 12 лістапада ў Варшаве адбудзецца адкрыцьцё першай у Польшчы галерэі беларускага мастацтва. Яе куратарам і артыстычным дырэктарам зьяўляецца мастак Зоя Луцэвіч. Таму і назва галерэі будзе адпаведнай – “Zoia”. Галерэя знаходзіцца якраз у цэнтры горада і хутка прыме першых наведнікаў, якія пазнаёмяцца з выставай З. Луцэвіч пад назвай “Аўтапраект”.

Як паведаміў Піт Паўлаў, на адкрыцьцё выставы запрошаны кіраўнік бровара “Бобров” Сяргей Левін, дызайнэр Зьміцер Корзун, мастак Уладзімер Цеслер, выставу якога таксама плянуецца правесьці ў галерэі “Zoia”.

Што ж тычыцца абавязковай музычнай праграмы, якія суправаджаюць падзеі такога кшталту, то Піт Паўлаў і ягоныя сябры тут не засталіся ў баку:

- У межах гэтай выставы будуць граць калектывы, якія прадстаўляюць розныя накірункі сучаснай музыкі. Напрыклад, адзін з удзельнікаў сусьветнавядомага гурту “Massive Attack” прадставіць сваю акустычную праграму. У рамках гэтай жа праграмы дасьць свой канцэрт і гурт “Garadzkija”. Мы сыграем песьні са свайго альбому, а таксама зусім новыя кампазыцыі.

Спадзяемся, што новая галерэя ў Варшаве стане ня толькі знакавым культурным асяродкам у суседняй краіне, але і яшчэ адным цэнтрам, дзе змогуць выступаць беларускія рок-музыкі, знаёміць са сваёй творчасьцю польскую і эўрапейскую публіку.

Анатоль Мяльгуй, "Тузін Гітоў"

Апублікавана 19.11.2006 by  Андрэй.