19.12.07. Управа БНФ. Прэзэнтацыя дыскаў Данчыка.

Афіша музычных канцэртаў і іншых цікавых імпрэзаў. Перад стварэньнем тэмы, ўважліва прачытайце правілы разьдзелу!
Post Reply
www
Сябар
Posts: 79
Joined: 27.04.2006 - 10:22

19.12.07. Управа БНФ. Прэзэнтацыя дыскаў Данчыка.

Post by www »

Увесь Данчык на CD

19 сьнежня (серада) па адрасе вул. Варвашэні, 8 (пр-т Машэрава, 8, плошча Перамогі) пройдзе прэзэнтацыя поўнай дыскаграфіі студыйных альбомаў Данчыка «Беларусачка», «Мы адной табе належым», «Равесьнікі», «Я ад вас далёка», «Мы яшчэ сустрэнемся». У межах прэзэнтацыі адбудзецца паказ фільму «Данчык» і рарытэтных відэа-матэрыялаў. Выступяць аматары творчасьці сьпевака. Пачатак у 18:00. Уваход вольны.

Кампанія БМА-груп перавыдала ўсе альбомы Данчыка на дысках. Гэта другі беларускі бокс-сэт пасьля выданьня раньніх альбомаў гурта ULIS. У бокс-сэт Данчыка ўваходзіць ажно шэсьць дыскаў – ад дэбютнага «Беларусачка», запісанага пры канцы 70-х да шматмоўных «Калядных песень». Крытык Вітаўт Мартыненка пераслухаў усе дыскі і падзяліўся сваімі ўражаньнямі: «Вінылавы Данчык на CD апынуўся яшчэ больш багатым на адкрыцьці!»

1. «Беларусачка» – гэты дэбют унікальнага амэрыканскага беларуса многія дасьледчыкі слушна называюць першым беларускім трыб'ютам, бо альбом нарадзіўся пад уражаньнем простага нью-ёркскага хлапчука, які ў 1976 годзе трапіў на некалькі гастрольных канцэртаў у Амэрыцы таямнічай замежнай супэр-зоркі «Песьняры», а праз год зь песьнямі іхняга рэпэртуару выйграў прыз нейкага песеннага конкурсу, якім і стаў запіс тых песень (іх паўтара дзясятка) у прафэсійнай студыі. Адмыслова папрацавалі для сэрыі «Беларускі музычны архіў» гісторыкі, аднавіўшы ў лічбавай вэрсіі альбома нават прызабытыя імёны (песьня «Сонца за хмаркамі» цяпер пазначаная ня «author unknown», як на амэрыканскім вініле, а музыка Іосіфа Сушко, словы Ніны Тарас; вернутае й аўтарства нібыта народнай песьні «Зорка Вэнэра» – музыка Сымона Рак-Михайлоўскага, словы Максіма Багдановіча). Да таго ж у CD-перавыданьні гэтага амэрыкана-беларускага рэлізу 70-х ёсьць яшчэ адна рэліквія – дакумэнтальны фільм кінастудыі «Беларусьфільм» пра першыя гастролі Данчыка на Радзіме сваіх продкаў (1989).

2. «Я ад вас далёка» – альбом, які многія называюць самым лепшым у дыскаґрафіі Данчыка. Акрамя шэдэўраў беларускай песьні розных пакаленьняў (ад Ігара Лучанка да Ісака Любана) сюды ўвайшлі нацыянальныя эвэрґрыны, створаныя творчымі сіламі беларускай эміграцыі (Міколам Куліковічам, Алесем Карповічам, пераклады незабыўнай Натальляй Арсеньневай узораў расейскай песеннай клясыкі), а таксама рэпрэсаваныя творы няпрызнаных геніяў нацыянальнага мас-культа розных часоў (ад Сяргея Новіка-Пяюна да Сержука Сокалава-Воюша). Відэададаткам да CD-вэрсіі альбома сталі фраґмэнты аншляґавага канцэрту Данчыка ў галоўнай залі Белдзяржфілярмоніі падчас ягоных другіх гастроляў 1996 году.

3. «Мы адной табе належым» – сольныя працы вакаліста «Песьняроў» Лявона Барткевіча амаль невядомыя на Радзіме, але вось гэты спліт з Данчыкам меў трывалую папулярнасьць і на фірменных вінілавых дысках, і на касэтах. Упершыню ён выходзіць на CD. Акрамя цудоўных песень нашых савецкіх суайчыньнікаў (Юрыя Семянякі, Рыгора Пукста) сюды ўвайшлі й таленавітыя экзэрсісы апошняга пакаленьня кампазытараў-самародкаў – Вадзіма Навіцкага, Сержука Сокалава-Воюша і самога Лявона Барткевіча, запяяныя і сольна, і дуэтам, але заўсёды ў акампанімэнце дасьціпнага амэрыканскага unplugged-бэнда. Утрымлівае CD-вэрсія альбома й дадатковы мультымэдыйны файл, які ў таленавітым сьпеваку Данчыку разгортвае й ня менш таленавітага журналіста Данчыка, падарожныя нататкі якога поўныя ня толькі палымянай патрыятычнай публіцыстыкі, але й трапнага гумару ды вострай сатыры.

4. «Ровесники/Пагодкі/Coevals» – многія ведалі, што Данчык сьпявае на сямі мовах, ягоныя франкамоўныя сьпевы мелі посьпех падчас неаднакротных гастроляў па Беларусі, але пра цэлы альбом на ўкраінскай мове сёй-той адданы фэн і не здагадваўся. А гэта ня менш чароўна, чым сьпевы на матчынай мове, бо ukrainian – гэта бацькава мова карэннага нью-ёркца Багдана Андрусішына (Данчыка). У альбом увайшлі ўзоры ўкраінскай песьні другой паловы ХХ стагодзьдзя (Уладзімера Івасюка, Ігара Шамо, Аляксандра Білаша ды г.д.) і фальклёр. Мультымэдыя кружэлкі ўтрымлівае два неверагодных артэфакта беларускай гісторыі – сюжэт Беларускага тэлебачаньня пра дзейнасьць менскага фэн-клюбу Данчыка і нідзе раней не публікаваныя відэазапісы з аэрапорту «Менск-2», калі Данчыка сустракалі тут у сакавіку 1993 года, як журналіста радыё «Свабода».

5. «Мы яшчэ сустрэнемся» – калі сярод папярэдніх альбомаў Данчыка мы згадвалі рэлізы, прызнаныя лепшымі на думку спэцыялістаў, то вось вам тое, што надзвычай упадабала публіка. Гэта самы папулярны альбом Данчыка, які вытрымаў шмат выданьняў на касэтах, а нядаўна выйшаў і на CD. Тут і эміґранцкая песенная клясыка («Пагоня» Міколы Куліковіча, «Магутны Божа» Міколы Равенскага), і сучасныя творы («Аблачынка» Зьмітрака Яўтуховіча, «Чароўная Ганна» Сержука Сокалава-Воюша, «Два Полацкі» яго ж разам зь Яўгенам Магаліфам). Ёсьць і беларускія пераклады песенных шэдэўраў розных народаў (грэцкі «Як ты са мной», расейскі «Хатка па-над рэчкаю»). Мультымэдыйным дадаткам да праграмы кружэлкі сталі відэазапісы менскіх канцэртаў Данчыка з творамі беларускага, украінскага, гішпанскага фальклёру ды аўтарскімі песьнямі папулярных кампазытараў розных народаў (Вадзім Навіцкі, Ігар Шамо, Джон Ленан, Пол Макартні).

6. «Калядныя песьні» - адразу можна сказаць, што ня ўсе песьні гэтага альбома калядныя, як ня ўсё й беларускамоўныя, але толькі тут можна пачуць рэальна шматмоўнага Данчыка, які чароўна сьпявае й па-ангельску, і па-француску, і па-нямецку. Да таго ж гэта адзіны live-альбом Данчыка. Акрамя зьмястоўнай аудыёпраґрамы CD утрымлівае й рарытэтныя відэазапісы Данчыка, дзе ён у сваёй нью-ёркскай кватэры на Мангэтане сьпявае пад гітару акурат беларускія й сусьветныя калядкі. І тут ужо ўсё на беларускай мове.

Больш падрабязна пра гэты альбом можна прачытаць у кнізе «222 альбомы беларускага року», а таксама http://www.kamunikat.org/5143.html.

Вітаўт Мартыненка, для ТГ
Post Reply