16.03.2008. К/З Мінск. Эдуард Акулін і Алесь Камоцкі

Афіша музычных канцэртаў і іншых цікавых імпрэзаў. Перад стварэньнем тэмы, ўважліва прачытайце правілы разьдзелу!
Post Reply
www
Сябар
Posts: 79
Joined: 27.04.2006 - 10:22

16.03.2008. К/З Мінск. Эдуард Акулін і Алесь Камоцкі

Post by www »

Эдуард Акулін і Алесь Камоцкі заспяваюць разам…

16 сакавіка а 18.00 у малой зале к/з Мінск адбудзецца супольны канцэрт паэтаў-бардаў Эдуарда Акуліна і Алеся Камоцкага. Вечарына мяркуе стаць падвойнай прэзентацыяй: альбома Эдуарда Акуліна “Песні Залатой Крывіі” і запланаванага да выхаду ў хуткім часе дыска Алеся Камоцкага.

“Ідэя зрабіць супольны канцэрт прыйшла мне падчас прэзентацыі дыску Эдуарда Акуліна “Песні Залатой Крывіі” (серыя “Беларускі Музычны Архіў”), якая адбылася ў Чырвоным касцёле. Тады многія жадаючыя проста не змаглі патрапіць на канцэрт – не хапіла месца! Працягнуць прэзентацыю стала лагічным выйсцем з сітуацыі. У Эдуарда Акуліна і Алеся Камоцкага вельмі прыгожыя лірычныя песні. Таму было вырашана зрабіць такі бардаўскі канцэрт, прысвечаны вясне, каханню і жанчынам” – распавядае Віталь Супрановіч пра ідэю канцэрта.
Крыху інфармацыі пра саміх бардаў, іх набыткі і планы.
Эдуард Акулін — паэт, перакладчык, бард. Лаўрэат Першага нацыянальнага фестывалю беларускай бардаўскай песні (1993).
Аўтар кніг паэзіі: "Лес дзённага асвятлення" (1988), "Пяшчота ліўня" (1990), "Крыло анёла" (1995), "Радно"( 2000), "Непрычалены човен" (2003), "Маленькае я — гэта Я..." (пераклад аўстрыйскай пісьменніцы Міры Лобэ), драматычнай містэрыі "На Каляды" (1996), шматлікіх перакладаў з украінскай, польскай, літоўскай і нямецкай моваў. Барду належаць магнітаальбомы: "Мая Крывія" (1995), "Як яна і я" (2000), дыскі "Напачатку была Песня" (2003), “Песні Залатой Крывіі” (2008).
“Песні залатой Крывіі” аб’ядналі ў сабе два мае папярэднія магнітаальбомы – “Мая Крывія” і “Як яна і я”. Канцэрт стане другім крокам у прэзентацыі новага дыску, і мяне вельмі цешыць, што на ім будзе прадстаўлены і будучы альбом майго сябра Алеся Камоцкага. Я даўно марыў аб супольным музычным праекце з Алесем Камоцкім. Дагэтуль нашыя творчыя дарогі перасякаліся толькі зрэдчас, эпізадычна. Хоць мне заўсёды здавалася, што мы з ім вельмі блізкія па песеннай стылістыцы і манеры выканання. Імпрэза, якая адбудзецца 16 сакавіка – гэта адна з шэрагу прэзентацый “Песень залатой Крывіі” запланаваных ў гэтым годзе, і, дарэчы, не толькі ў Мінску. Збіраюся таксама запісаць новы кампакт-дыск яшчэ да канца гэтага года, урэшце парадаваць прыхільнікаў маёй паэзіі выхадам новага зборніка вершаў. Да таго ж, мару выдаць сёлета аўтарскую Анталогію перакладаў сучаснай украінскай паэзіі -- “Украінскі майдан”, працы над якой былі аддадзены астатнія два гады жыцця. Як бачыце, планы грандыёзныя. Але з Боскай дапамогаю пастараюся іх выканаць!” – гаворыць Эдуард Акулін пра сваю плытку, канцэрт і бліжэйшыя справы.
Алесь Камоцкі - беларускі паэт, выканаўца ўласных песень. Аўтар кніг : “Спроба ісці па расе” (1997), “Наспадзяванае” (2004), “Край” (фотаальбом) (2005), альбомаў “Першы сшытак” (1986), “Зорка спагады” (1999), “Псалмы і балады” (2000), “Асяніна” (2001), “Дым” (2002), “Дом” (2003), “Дах” (2006). Удзельнічаў у праектах “Як усё ў жыцці” (1998) на творы Уладзіміра Жылкі; “Віно дажджоў” (2002) на творы Уладзіміра Караткевіча; “Паравіны году” (2003); “Бывайце здаровы! Bella Ciao” (2004).
У гэтым месяцы бард плануе выдаць альбом “З бацькоўскай кружэлкі”, праца над якім ужо скончана. Плытка ўлучыць у сябе савецкія хіты другой паловы ХХ ст., ператлумачаныя на беларускую мову. Падрыхтаваны і яшчэ адзін альбом, назва для якога пакуль не прыдумана. Кружэлку складуць песні, што не ўвайшлі ў ранейшыя альбомы Алеся Камоцкага або былі прадстаўленыя ў іншай апрацоўцы.
На пытанне, што чакаць прыхільнікам яго творчасці на канцэрце, бард жартуе: ”Сюрпрызаў не будзе! Трэба шкадаваць нервы і свае, і слухачоў. Над зместам выступу яшчэ буду думаць, але, хутчэй за ўсё, гэта будуць песні з новага альбому – “З бацькоўскай кружэлкі”-- і трохі старых песень.” Пра бліжэйшы час Алесь Камоцкі гаворыць: “У планах – пастарацца нічога не рабіць. Рыхтуюся да новых спраў. Якіх – скажу праз месяц!”
Атрымаць інфармацыю пра канцэрт і білеты можна па тэлефонах: 7662425, 6490888

Квіткі ад 10 000 да 18 000.

Каса: 3286638 (гарадзкі нумар)

Квіткі – каса к/з Мінск і пераход Я.Коласа

Анонс:
16 сакавіка ў малай залі к/з Мінск, супольны канцэрт бардаў Эдуарда Акуліна і Алеся Камоцкага. Пачатак 18:00. Квіткі ад 10 000 да 18 000.

Дар’я ГАРОШКА
Post Reply