8-10.08.2008. Львоў. Фэст Be Free

Афіша музычных канцэртаў і іншых цікавых імпрэзаў. Перад стварэньнем тэмы, ўважліва прачытайце правілы разьдзелу!
Post Reply
www
Сябар
Posts: 79
Joined: 27.04.2006 - 10:22

8-10.08.2008. Львоў. Фэст Be Free

Post by www »

ПРЭС-РЭЛІЗ

8-10 жніўня ў Львове (Украіна) пройдзе міжнародны фэстываль “Be Free". Арганізатары – музычны лэйбл БМАgroup ("Беларуская музычная альтэрнатыва"), Еўрапейскае Радыё для Беларусі і моладзевая ініцыятыва “СтудФармат”, ужо другі год выбіраюць Украіну месцам сустрэчы беларускіх, украінскіх і польскіх фанатаў музыкі ў стылі рок. Партнёрам з украінскага боку з’яўляецца Саюз Украінскай Моладзі. У мінулым годзе пад слоганам “Права быць свабодным” фэст з удзелам 9 гуртоў з Беларусі і Украіны ўпершыню адбыўся ў Луцку, сабраўшы больш 5 тысяч гледачоў.
У гэтым годзе фэст набірае абароты: у Львове заплананаваны выступ ўжо 25 гуртоў з Беларусі, Украіны, Польшчы. Фэст пройдзе адразу на 2-х пляцоўках: у Парке імя Багдана Хмяльніцкага выступяць рок-гурты, а на Цэнтральным рынку Львова пройдуць паказы рыцарскіх клубаў і выступяць каманды, граючыя ў стылях “медыевал” і “фолк”.
Сваю згоду ужо далі вядомыя беларускія выканаўцы, у тым ліку Krama, ULIS, Neuro Dubel, Zygimont vaza, WZ-ORKIESTRA, Pomidor/OFF, Zet, Стары Ольса. У хэдлайнеры з польскага боку запрошаны гурт T-Love, з украінскага - "Тартак". Вядуцца перамовы і з іншымі вядомымі імёнамі польскай, беларускай і украінскай музычных сцэнаў. А таксама разглядаюцца заяўкі маладых гуртоў, жадаючых патрапіць на фэстываль. Дарэчы, для маладых беларускіх камандаў, якія маюць жаданне выступіць на сцэне “Be Free", у чэрвені будзе арганізаваны Інтэрнэт-конкурс на старонках Еўрапейскага радыё для Беларусі www.euroradio.fm. Заяўкі ад астатніх прымаюцца на мэйл [email protected]. Для гледачоў ўсе канцэрты будуць бясплатнымі.
Фэстываль "Be Free" – гэта першы міжнародны рок-фэст такога масштаба, ідэя якога належыць ініцыятывам з Беларусі. Львоў выбраны невыпадкова: у гэты, вядомы сваёй культурнай спадчынай і шматлікімі фэстывалямі, горад кожнае лета прыязджаюць турысты як з самой Украіны, так і з суседніх Беларусі і Польшчы, а таксама з іншых краін Еўропы. Для публікі з-за мяжы важна і тое, што для вандроўкі на Украіну непатрэбна віза, а квіток Мінск-Львоў па кішэне нават студэнту-бюджэтніку.




Слова арганізатарам:

Віталь Супрановіч, прадстаўляючы лэйбл BMA-group, тлумачыць ідэю фэста: “Свабода неразрыўна звязаная з моладзевай музыкай і культурай. Моладзь сама выбірае што, дзе і калі ёй слухаць, а музыканты павінны мець мажлівасці выступаць перад самай рознай публікай. І важна, каб такая мажлівасць была не адзіная. Пасля мінулагодняга фэстываля у Луцке нас літаральна “закідалі” просьбамі працягнуць фэст у наступным годзе. Ужо зараз мы маем некалькі дзясяткаў заявак ад гуртоў Польшчы, Украіны, Сэрбіі і, нават, Францыі”. Праўда, арганізатары папярэджваюць, што колькасьць і час выступу гуртоў будуць абмежаваныя часовымі рамкамі і бюджэтам фэстываля. На дадзены момант вядуцца перамовы з шэрагам патэнцыйных спонсараў на Украіне і ў Польшчы. У мінулым годзе адным з галоўных інфармацыйных спонсараў выступіў тэлеканал “БелСат”, запланаваны тэле і радыёверсіі канцэртаў і ў гэтым годзе.

Адзін з арганізатараў фэстываля, лідар рок-гурта ULIS, Слава Корань, звяртае увагу на еўрапейскі кантэкст акцыі: “Беларусь - ці не адзіная краіна ў цэнтры Еўропы, пра рэальную моладзевую культуру якой практычна нідзе не вядома. Нават у суседніх краінах мала ведаюць пра тое, што ў Беларусі ёсць шмат рок- і не толькі рок-гуртоў, граючых сучасную музыку на прафесійным узроўні. Нашыя выступы разам з польскімі і украінскімі гуртамі стануць мажлівасцю паказаць, што наша музыка – гэта музыка сучаснай Еўропы”.

Аляксей Лукашэвіч, з нефармальнай ініцыятывы “СтудФармат” глядзіць у будучыню з аптымізмам: “Сам слоган гэтага года - Be Free! – адлюстроўвае галоўную цэннасць фэстываля - яго адкрытасць і нефармальнасць. Мы чакаем, што на нашыя канцэрты прыедуць тысячы маладых людзей, студэнтаў з усёй Беларусі, а львоўская публіка, турысты з Польшчы і іншых Еўрапейскіх краін, змогуць параўнаць узровень прафесіяналізму зорак сваіх краін і Беларусі. Але галоўнае – фэстываль стане мажлівасцю праявіць сябе, даведацца больш адзін пра аднаго і правесці уік-энд не ў цесных кватэрных сценах, а ў агульнай прасторы свабоды”.
Атмасферы сапраўднага рок-фэсту будзе спрыяць і намётавае мястэчка, якое з дапамогай уладаў Львова прыме усіх жадаючых.

Падрабязней даведацца пра фэст можна на яго вэб-рэсурсах:

www.festsvabody.org
www.myspace.com/fest_svabody
http://fest_svabody.livejournal.com

Кантакт з арганізатарамі: [email protected]
Post Reply