22-23.08. Чарнігаў. Фэст Be Free. Уваход вольны!

Афіша музычных канцэртаў і іншых цікавых імпрэзаў. Перад стварэньнем тэмы, ўважліва прачытайце правілы разьдзелу!
Post Reply
www
Сябар
Posts: 79
Joined: 27.04.2006 - 10:22

22-23.08. Чарнігаў. Фэст Be Free. Уваход вольны!

Post by www »

Вызначылася папярэдняя праграма фестывалю Be Free-2009
У ім прымуць удзел 20 гуртоў з чатырох краінаў

Міжнародны фестываль Be Free пройдзе ў Чарнігаве (Украіна) 22-23 жніўня. Арганізатары - Беларуская музычная альтэрнатыва, ініцыятыва "Студфармат" і Еўрапейскае радыё для Беларусі - запрасілі на фестываль 20 маладых і вядомых гуртоў з Беларусі, Украіны, Польшчы і Францыі.

Мэта фестываля - аб'яднаць лепшыя рок-праекты і публіку суседніх краінаў ідэяй свабоды творчасці і самавыражэння, а таксама прыцягнуць увагу да сучаснай рок-сцэны Беларусі.

Пляцоўкай фестывалю выбрана жывапіснае месца паміж Цэнтральным гарадскім паркам культуры і адпачынку ("Горсад") і турыстычным комплексам, у які ўваходзяць гатэлі "Брянск", "Профсоюзная" і "Придеснянская". Менавіта там, на беразе Дзясны, на працягу двух дзён будуць адбывацца канцэрты пад адкрытым небам. Уваход на фестываль бясплатны, а для публікі з-за межаў гораду недалёка ад сцэны будзе арганізаваная пляцоўка для намётавага мястэчка.

Украіна абраная месцам для сустрэчы музычных ініцыятыў рэгіёну невыпадкова: публіцы з Літвы ці Польшчы для прыезду сюды не спатрэбіцца віза, што дазволіць прыцягнуць да фэсту больш слухачоў, а ў дадатак, Чарнігаў размешчаны блізка да межаў Расіі і Беларусі. Апроч таго, зарганізаваць open-air ва Ўкраіне нашмат прасцей, чым у Беларусі.

Хэдлайнерамі гэтага году будуць гурты "Ляпис Трубецкой" (Беларусь) i "Воплі Відоплясова" (Украiна), да якіх далучацца госці з Польшчы (Zero-85) і Францыі (Vladivostok), а таксама шэраг маладых і вядомых гуртроў з Беларусі - B:N, Zatochka, Tarpach, Partyzon, Pomidor/OFF, LitvinTroll, Imprudence, ULIS і інш (гл. Спіс у Дадатку3).
У бліжэйшы час вызначыцца і поўны спіс украінскіх удзельнікаў фэсту.

Чарнігаў стаў трэцім горадам, дзе праводзіцца Be Free. У мінулыя гады фэст адбываўся ў Луцку і Львове і запрашаў да ўдзелу такія гурты як "Гайдамакі", "Тартак" (Украина), "Neuro Dubel", "Крама" (Беларусь), "Metanoia" (Польша), а колькасць наведвальнікаў канцэртаў дасягала 10 тысяч.

Партнёрамі фэсту ва Ўкраіне з'яўляюцца Чарнігаўскі рок-клуб (http://rockclub.cn.ua) і Чарнігаўскі Грамадзянскі камітэт па правах чалавека (http://protection.org.ua). Апроч таго, акцыю ўзяла пад патранат мэрыя г. Чарнігава.


Кантакты арганізатараў:
Сайт фестывалю http://festsvabody.org
LiveJournal http://fest_svabody.livejournal.com
Vkontakte http://vkontakte.ru/club10165314
Myspace http://myspace.com/fest_svabody
e-mail: [email protected]

Тэлефоны: У Беларусi +375 29 6490888 (Віталь Супрановіч)
Вa Украіне (ад 5 жніўня) + 380 63 789 68 99(Аляксей Лукашэвіч)
+380 95 408 05 60 (Аляксандр Жалязноў)
У Польшчы +48 516 68 88 63 (Марыя Садоўская)
+48 694 716 184 (Слава Корань)

Дадатак 1. Удзельнікі фэсту пра тое, што для іх значыць Be Free

Cяргей Міхалок, гурт "Ляпис Трубецкой"

"Я ўпэўнены, што можна быць абсалютна свабодным чалавекам пры любым таталітарным рэжыме і абсалютна залежным пры любой найбольш развітай дэмакратыі. Для мяне свабода - гэта перш за ўсё адсутнасць залежнасцяў. Залежнасці могуць быць самыя розныя: алкаголь, наркотыкі, дарагія аўтамабілі, сяброўства з "моцнымі гэтага свету", кантакты з людзьмі, якія табе нецікавыя, але "могуць спатрэбіцца" - я ад усяго гэтага абсалютна свядома адмаўляюся. І канешне, свабода немагчымая без ведаў. "Perfice te", "удасканальвай сябе" - вось лозунг жыхароў старажытнасці. Чым болей ты ведаеш, тым лягчэй можна дабіцца поўнай незалежнасці. Няведанне - гэта дабраахвотная няволя, а веды - гэта моц і свабода".

Слава Корань, лідар рок-гурта ULIS, адзін з арганізатараў фэсту:

"Для мяне вельмі важна, што ў назве фэсту ёсць слова "свабода". Свабода - гэта пазбаўленне ад уласных комплексаў, такіх як прагненне ўлады, сквапнасць, страх, раўнадушша, нянавісць... Быць свабодным можна толькі тады, калі любоў да навакольнага свету, спагада, адчуванне роўнасці і сусветнай справядлівасці будуць пераважаць унутры цябе, і тады ніякая фізічная несвабода не зможа цябе падняволіць. Не рабі іншым таго, чаго не хацеў бы, каб зрабілі табе - гэта лозунг свабоднага чалавека".

Олег Скрипка, "Воплі Відоплясова"
"Рок-музыка вельмі цесна звязаная з адчуваннем свабоды. Я лічу, што Be Free - нядрэнны слоган для рок-фестываля, тым болей, правільна расстаўляюцца акцэнты, што гэта фэст проста за свабоду - за свабоду мыслення, руху, свабоду спяваць або проста кантактаваць. У гэтага проста не можа быць праціўнікаў. Мы жывем у такім заангажаваным свеце, у такі час, калі трэба казаць пра вельмі простыя, але вельмі патрэбныя рэчы.

У нас мала рок-тусовак і рок-фестываляў. І стварыць новы напрамак, новую пляцоўку, дзе аб'яднаюцца беларускія і ўкраінскія рок-гурты - гэта добрая ініцыятыва. Да таго ж, прызнаюся, што я - фанат беларускай рок-музыкі...

Украінскі слухач амаль не ведае нічога пра беларускую музыку, апроч таго, што круціцца часам па тэлебачанні, але гэта вельмі малая частка... Мне як музыканту, і людзям, якія цікавяцца музыкай, заўсёды цікава - якія ёсць маладыя гурты, андэграўдныя гурты, хто ездзіць па замежных канцэртах. Я ведаю спецыфіку Беларусі, дзе шмат гуртоў канцэртуе па Еўропе, асабліва ў Польшчы. І можа, той факт, што Беларусь так актыўна экспартуе сваю музыку, прыводзіць да таго, што узровень гэтай музыкі даволі высокі. Калі параўноўваць з украінскімі ці расійскімі гуртамі, то я лічу, што прафесійны ўзровень беларусаў нашмат вышэй."

Гурт Vladivostok, Францыя

"Мы вельмі радыя магчымасці граць ва Усходняй Еўропе, бо гэта вельмі адрозніваецца ад таго, да чаго мы прывыклі ў Францыі. У мінулым годез мы ўжо выступалі на Be Free у Львове і былі проста ў захапленні.

Нас вельмі цікавіць тое, што адбываецца ў Беларусі, у нас нават ёсць песня, прысвечаная Беларусі, і калі ў нас з'явілася магчымасць выступіць перад беларусамі - гэта было проста цудоўна. Прасоўванне свабоды, на ўсіх яе ўзроўнях, - гэта вельмі важная задача. І мы цешымся магчымасці падтрымаць гэта сваім удзелам у Be Free ў гэтым годзе.

Апроч таго, нас вельмі цікавіць магчымасць быць на адной сцэне з гуртамі з іншых краінаў, бо нам падабаецца дзяліцца сваёй музыкай і шукаць натхнення ў музыцы іншых. Мы асабліва цэнім магчымасць пазнаёміцца з музыкамі з Украіны і Беларусі. Мы радыя бачыць, што гурты з розных краінаў могуць аб'яднацца на падставе такога агульнага ідэалу, як свабода. Да сустрэчы на нашым канцэрце!"

Дадатак 2. Інфармацыя пра арганізатараў

Арганізатары фэсту – музычны лэйбл БМАgroup ("Беларуская музычная альтэрнатыва", belmusic.org), Еўрапейскае Радыё для Беларусі (www.euroradio.fm) і моладзевая ініцыятыва “СтудФармат” (www.studfarmat.org). Партнёры з украінскага боку - Чарнігаўскі рок-клуб, Грамадзянскі цэнтар правоў чалавека. Фестываль праходзіць пад патранатам гарадскіх уладаў Чарнігава. Інфармацыйную падтрымку фэсту аказваюць cайты music.fromby.net, nn.by, budzma.org, http://rock.cn.ua/.

Віталь Супрановіч, які прадстаўляе БМАgroup, тлумачыць задумку фестываля: "Мы лічым, што фэст Be Free - гэта перш за ўсё магчымасць для музыкаў і публікі свабодна абменьвацца творчымі ідэямі. Што важна, усё гэта адбываецца ў памежным рэгіёне, а значыць, удзельнікі Be Free змогуць болей даведацца пра сваіх суседзяў і наладзіць кантакты, якія не абмяжуюцца толькі гэтым фестывалем."

Аляксей Лукашэвіч з ініцыятывы "Студфармат" акцэнтуе ўвагу на моладзевасці Be Free: "Маладзёвасць, нефармальнасць, адкрытасць і свабода - вось галоўныя рысы нашага фестывалю, адсюль і назва "Be Free". Дарэчы, гэтую назву публіка ў мінулым годзе таксама трактавала абсалютна вольна - ад традыцыйнага "Быць свабодным" да "Пчолкі на волі" або нават "Бульба-фры". Якое гучанне ў фэсту будзе ў гэтым годзе, вырашаць гледачы, для кіх мы традыцыйна арганізоўваем бясплатны - free - уваход на ўсе канцэрты."

Дадатак 3. Спіс гуртоў - удзельнікаў фэсту (будзе дапоўнены некалькімі ўкраінскімі гуртамі)

22 жніўня, субота
Re1ikt
B:N
ZATOCZKA
Partyzone
Pomidor/OFF
Znich
Vladivostok (Францыя)
Ляпис Трубецкой

23 жніўня, нядзеля
Glofira
Tarpach
Hair Peace Salon
LitvinTroll
Imprudence
Zero-85 (Польшча)
ULIS
Воплi Вiдоплясова (Украіна)
Attachments
190-120.gif
User avatar
Marnatrauny
Сябар
Posts: 279
Joined: 27.08.2006 - 18:16
Location: Менск, Рэспубліка НРМ
Contact:

Post by Marnatrauny »

А што чуваць пра НэРэМэ?
На небi трохи тепло, пiд небом трохи зимно нам всiм... (© Скрябін)
Андрэй
Адказны сябар
Posts: 658
Joined: 26.10.2005 - 18:09
Location: Miensk
Contact:

Post by Андрэй »

Усе грошы відаць на Ляпісаў пайшлі...
User avatar
Marnatrauny
Сябар
Posts: 279
Joined: 27.08.2006 - 18:16
Location: Менск, Рэспубліка НРМ
Contact:

Post by Marnatrauny »

мдзя, падборка ў гэтым годзе паслабей, чым у '07 і '08 :(
На небi трохи тепло, пiд небом трохи зимно нам всiм... (© Скрябін)
Post Reply