28.11.2010. Рэактап. Testamentum Terrae, Рокаш і інш.

Афіша музычных канцэртаў і іншых цікавых імпрэзаў. Перад стварэньнем тэмы, ўважліва прачытайце правілы разьдзелу!
Post Reply
www
Сябар
Posts: 79
Joined: 27.04.2006 - 10:22

28.11.2010. Рэактап. Testamentum Terrae, Рокаш і інш.

Post by www »

Testamentum Terrae: мелодыі гэтага альбому не падобныя ні да чаго


Другі альбом фолк-гурта Testamentum Terrae мае назву танца эпохі Рэнесансу — Angleza. Яго прэзентацыя адбудзецца 28 лістапада а 18:00 у клубе “Рэактар” пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі!" і ЗБС "Бацькаўшчына".

" — Мы вырашылі, што будзе вельмі дарэчы аб’яднаць шляхецкую культуру і простую культуру, каб яны не былі чужыя адна адной", — кажа лідар гурта Юрась Панкевіч.

Альбом зроблены цалкам па этнаграфічных матэрыялах, сабраных знакамітым польскім даследчыкам Міхаілам Федароўскім. Музыкі мяркуюць, што слухача павінна зачапіць тое, што мелодыі гэтага альбому не падобныя ні да чаго, такімі яны рабіліся ўпершыню. Асаблівасць альбома – еднасць культуры шляхецкай і культуры простага люду.



Музыкі вырашылі, што калі ніхто не хоча займацца матэрыяламі Федароўскага, то гэтай скарбніцай скарыстаюцца яны:

" — Шэсць тамоў Федароўскага ляжыць, а ніводны гурт не адкрываў ніводнай старонкі".

У гэтым альбоме гурт пераасэнсоўвае, перадумвае і грае на свой лад адшуканы матэрыял. Гурт шмат эксперыментаваў з гукам, на Дударскі фэст зрабілі рокавыя аранжыроўкі.



"Гурт расце і развіваецца, яго варта слухаць, другі альбом значна лепшы, з майго аматарскага пункту гледжання", — кажа Віталь Супрановіч, выдавец дыску і арганізатар канцэрта-прэзентацыі. — "Мы пайшлі на дадатковыя выдаткі, каб выдаць яго ў калекцыйным выданні, але дыск выглядае так, як мусіць выглядаць беларуская прадукцыя".

Вялікую падтрымку выхаду альбома зрабіла кампанія "Будзьма беларусамі!", ЗБС "Бацькаўшчына" — асобна Юрась вылучыў легендарную мецэнатку Ірэну Каляду-Смірнову. "Без іх не было б другога альбому", — кажа лідар Testamentum Terrae.



Панкевіч выказаў словы падзякі: "Прыемна, калі адчуваеш, што справу ты робіш не адзін. "Бацькаўшчына" для нас — гэта падтрымка як маральная, так і фінансавая. Гэта ідэйная падпітка, фактычна натхненне".

28-га разам з Testamentum Terrae будуць граць сябры: "Рокаш", "Кашлаты Вох" і "Омут". Яны пагадзіліся падтрымаць хлопцаў і зрабіць дзве кавер-версіі іх кампазіцый.

" — Мы не ставілі мэтай манапалізаваць матэрыялы Федароўскага, наадварот, мы хочам, каб ягоныя тамы выйшлі ў свет. Мы хацелі б стварыць добрую традыцыю нашай заходняй беларускай музыкі", — падагульняе Юрась Панкевіч.

budzma.org
Post Reply