Аварыйная сытуацыя

Усе апошнія навіны, абмяркаваньні канцэртаў гурту N.R.M. і іх будучыні.

Moderators: Мікалай, Alonka

Post Reply
User avatar
Slaver
Адміністратар
Posts: 882
Joined: 23.08.2005 - 08:48
Location: Менск

Аварыйная сытуацыя

Post by Slaver »

За гадзіну да пачатку быў адменены чарговы канцэрт беларускіх рок-музыкаў. Ізноў “чароўны званок” зьверху. “З прычыны рэканструкцыі пляцоўкі ля інтэрнэт-кавярні адсутнічае падача вады, у сувязі з чым нельга стварыць бясьпечныя ўмовы для наведнікаў у выпадку пажара”, - такое афіцыйнае тлумачэньне.

Эксклюзыўная праграма, што ўключала ў сябе старыя песьні “Мроі” і новыя творы “N.R.M.” была адрэпэтаваная, апаратура для выступа прывезеная. Спэцыяльна дзеля канцэрту з Масквы прыехаў аўтар кнігі “Іх Мроя. Іх N.R.M.” Віктар Дзятліковіч, а прыхільнікі групы ўжо зьбіраліся ля інтэрнэт-кавярні па вул.Чырвонаармейскай. Але за гадзіну да пачатку канцэрта N.R.M. у межах акцыі “Жывы гук Онляйн” прыйшла навіна аб яго адмене. Адпаведна быў адменены і другі канцэрт групы, які мусіў прайсьці на наступны дзень. Завадатар акцыі Піт Паўлаў, які яшчэ поўгадзіны таму жартаваў і рабіў маладым журналісткам камплімэнты, разгублена хадзіў па паўпустой залі, загартаваны Лявон Вольскі толькі сказаў: “Я прадчуваў такое разьвіцьцё падзей”. Дырэктар клюбу Зьміцер Карлюк, які некалі казаў, што адміністрацыі клюбу баяцца няма чаго, даваў афіцыйныя тлумачэньні: “З прычыны рэканструкцыі пляцоўкі ля нашай інтэрнэт-кавярні адсутнічае падача вады, у сувязі з чым нельга стварыць бясьпечныя ўмовы для наведнікаў у выпадку пажара”. Па неафіцыйнай вэрсіі змусіла згарнуць мерапрыемства кіраўніцтва Дома афіцэраў, у памяшканьні якога месьціцца кавярня “Саюз онляйн” пасьля таго самага “чароўнага званка” зьверху. Акцыя, у межах якой шточацьвер ужывую меліся выступаць такія беларускія музыкі, як “Палац”, “Саша і Сірожа”, “Троіца” ды іншыя, часова спынена. “Пакуль кіраўніцтва Дома афіцэраў афіцыйна не праінфармуе нас аб тым, што работа пажарнай сыстэмы адноўлена, канцэрты, на жаль, мы праводзіць ня будзем”, - кажа З.Карлюк. Канцэрты ў “Саюз он-лайне” мелі характар карпаратыўных вечарын для наведнікаў клюба, якія набылі картку па спэцыяльным тарыфе, таму квіткоў як такіх у продажы не паступалі і дазволу на правядзеньне мерапрыества ў Менгарвыканкаме ня трэба было браць. Аднак, зачэпка знайшлася, хоць у мінулы чацьвер без перашкодаў прайшоў канцэрт праекта “Крамбамбуля”, а вада ў прыбіральню інтэрнэт-кавярні падаецца без перашкодаў...

Па неафіцыйнай пакуль інфармацыі, гарадзкімі ўладамі загадана зьняць рэклямны бігборд з выявай N.R.M., які месьціцца ля менскай станцыі мэтро “Пушкінская”. Называецца палітычная прычына: гэтая група, маўляў, падтрымала сваімі канцэртамі ў Польшчы правых, што нелаяльна ставяцца да існуючага на Беларусі рэжыма. “Тузін гітоў” будзе сачыць за разьвіцьцём падзей.

29.09.2005. Сяргей Будкін, “Тузін гітоў”.
Post Reply