23.06.08. Графіці. Разбітае сэрца пацана.

Афіша музычных канцэртаў і іншых цікавых імпрэзаў. Перад стварэньнем тэмы, ўважліва прачытайце правілы разьдзелу!
Post Reply
www
Сябар
Posts: 79
Joined: 27.04.2006 - 10:22

23.06.08. Графіці. Разбітае сэрца пацана.

Post by www »

23 чэрвеня 19.00 клуб "Графіці" канцэрт-прэзентацыя дэбютнага альбома гурта "Разбітае сэрца пацана" - "Розавы закат".

Трас-поп калектыў "Разбітае сэрца пацана" быў заснаваны ў сценах Універсітэта культуры ў канцы 1990-х. А задумалі такую справу два студэнты гэтай установы Дзяніс Тарасенка, вядомы па гурце "Склеп" і Саша Маленькі (пазней вядомы ды-джэй Цім Карамыслаў). Дуэт праіснаваў пару дзён, даў шэраг канцэртаў у аўдыторыі, усіх заваяваў і сышоў у нябыт да 2005 года, калі Дзяніс Тарасенка з аднакурснікам Паўлам Гарадніцкім рэанімавалі ансамбль, пакінуўшы назву, канцэпцыю, запал, цемрашальства і прылады: баян і піяніна-раяль-сінтэзатар. Калектыў стаў прабівацца на вяршыні шоў-бізнесу. "Кулькоўскія" старажылы сцвярджалі, што "так “кулёк” ніхто не рваў". Праводзіліся акцыі "Даеш трохразавае пітаніе ў студзенчаскія масы" - канцэрт прама ў "кулькоўскай" сталовай падчас абеду, фаер-шоў з петардамі і іншы рух! У гэты час да гурта далучаецца падтанцоўка, якая часта змяняе назвы: "Гаечкі", "Зорачкі", "Плахішкі" (сышлі з "Харошак"), "ЭВМ" і "Расцішка". У 2006 да калектыву далучаюцца бас-гітарыст Андрэй "Эндру" Восіпчык, вядомы па гуртах EXSIST, LONG PLAY і PARASON, бубнач Юрый Сізоў. Дзяніс мяняе баян на гітару, Паша раяль на флейту, і ў 2007 годзе ансамбль прыступае да запісу першага і пакуль адзінага альбома "Розавы закат". У запісе прынялі ўдзел усе вышэйзгаданыя музыкі, а таксама заснавальнік гурта "Ананімка і Касіяпея" Ліберзон. Частка матэрыялу была запісаная на хатняй студыі Юрыя "Хобіта" Купрашова, а астатняе - на студыі "Селах". У актыве гурта сярод іншых канцэрты ў мінскім "Палацы мастацтваў" з "Сашам і Сірожам", у маскоўскім "Цэнтры імя Меерхольда", у віленскім знакамітым клубе BiXX.

Дадатковая інфармацыя: 8 (029) 578 97 08, 8 (044) 719 76 50,
8 (029) 6 490 888
www
Сябар
Posts: 79
Joined: 27.04.2006 - 10:22

Post by www »

“Разбітае сэрца пацана” згубілі дэбютны альбом

Днямі гурт “Разбітае сэрца пацана” (РСП), нарэшце, вырашыў прэзентаваць свой дэбютны дыск “Розавы закат”. Але не атрымалася, бо альбом згубілі.

Яшчэ ўвосень мінулага года гурт цалкам скончыў запіс альбома ў студыі, але ніяк не мог знайсці сродкі ды лейбл, каб яго выдаць. І толькі цяпер БМА-group пры падтрымцы Еўрарадыё вырашылі выдаць альбом. Хлопцы, нават адправілі майстар-дыск у Расію, бо менавіта там павінны былі надрукаваць наклад. Але ў Маскве дыск выдаў памылку, і яго папросту выкінулі, але музыкам своечасова не паведамілі. Тым часам другі і апошні дыск з канчатковай версіяй альбома апынуўся ў Амерыцы. Флейтыст і другі вакаліст “РСП” Павел Гарадніцкі расказаў Еўрарадыё, што на іншы кантынент дыск трапіў выпадкова, разам з яго дзяўчынай.

Павел Гарадніцкі: “Другі дыск Дзяніс (вакаліст і лідэр гурта РСП – аўт.) даў мне, каб я ў Кіеве ў клуб занёс. А я праважаў сваю дзяўчыну ў Амерыку. І я не памятаю чаму, але я паклаў гэты дыск ёй у торбу. І дыск такім чынам паляцеў у Чыкага”.

Павел дадаў, што цяпер сувязь з дзяўчынай ужо ўсталяваная, і ў хуткім часе ці бандэролькай, ці праз інтэрнэт матэрыял альбома будзе перададзены ў Мінск. А вось што здарылася ў Маскве, і чаму майстар-дыск з дэбютнікам “РСП” проста выкінулі, Еўрарадыё распавёў кіраўнік БМА-group Віталь Супрановіч:

“Калі прыходзіць дыск, з яго спрабуюць зрабіць майстар для тыражавання, але машына выдае брак. Гэта можа быць па розных прычынах, напрыклад, дрэнная матрыца. То бок машына проста не здолела стварыць гэтую майстар копію”.

Тое, што дыск проста выкідаюць, калі ўзнікае такая памылка – нармальная практыка. Па-першае, гэта тлумачыцца тым, што захоўваць такія дыскі няма сэнсу, па-другое, звычайна музыкі робяць для сябе адразу шмат копій. Мэнеджэр гурта Віталь Зыблюк распавёў Еўрарадыё, што музыкі “РСП” запісалі толькі два дыскі канчатковага варыянту свайго дэбютніка па наіўнасці, а выправіць гэта ўжо нельга:

Віталь Зыблюк: “Гурт РСП пасля канчатковага майстарынгу, так бы мовіць, па сваёй дзіцячай наіўнасці запісаў толькі дзве не вельмі якасныя матрыцы. А са студыі адразу ўвесь матэрыял быў выдалены”.

Такім чынам прэзентацыя дэбютнага альбома “Розавы закат” гурта РСП, якая павінная была праходзіць спачатку 23 чэрвеня, а потым 30-га, пераносіцца на невызначаны тэрмін. Але музыкі спадзяюцца, што прыхільнікам гурта давядзецца чакаць не больш за месяц.
Post Reply