Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › «Наша Ніва»: Гутарка зь Лявонам Вольскім

«Наша Ніва»: Гутарка зь Лявонам Вольскім

Лявон ВольскіСаліст групы N.R.M., удзельнік папулярнага праекта «Крамбамбуля», тройчы ўганараваны тытулам рок-караля (у 1997, 2000, 2005 г.) Лявон Вольскі быў летась названы адным з кандыдатаў на званьне народнага паэта па апытаньнях чытачоў на сайце «Нашай Нівы». Мы сустрэліся са спадаром Лявонам і пагутарылі аб найбольш яскравых і важных падзеях мінулага года ў жыцьці рок?выканаўцы.

— Чым быў адметны ў творчым плане для Вас мінулы год?

— Мы сабралі матэрыял для новага альбома N.R.M.. Усе трэкі ўжо прапісаныя, справа засталася толькі за міксамі, за звядзеньнем у адзінае цэлае. Альбом будзе складацца з 14 песень, некаторыя з іх шырока вядомыя. Насуперак законаў шоў-бізнесу, мы ігралі новыя песні на канцэртах. Таксама некалькі месяцаў засталося да выхаду новага альбома «Крамбамбулі».

— Гэты год быў насычаны вандроўкамі?

— Мы шмат ездзілі па сьвеце, выступалі з канцэртамі ў Празе, Берліне, Брусэлі, Стакгольме, не кажучы пра Польшчу, дзе наш гурт даволі «раскручаны». Давялося даволі шмат карыстацца грамадзянскай авіацыяй.

За гэты год пашыралася культурная інтэграцыя са Шведскім Каралеўствам. Нашым падарожжам добра паспрыяў консул Швецыі на Беларусі Стэфан Эрыскан. Ён, як і калісьці Джордж Крол, праўляе вялікую цікавасьць да беларускай культуры, свабодна размаўляе па-беларуску, не прапускае важных падзей, з задавальненьнем наведвае творчыя вечарыны. З паразуменнем і гасьціннасьцю прыняў нас слынны культурны дзеяч Швецыі, рэжысер, арт-дакументаліст Томас Норданстад. Ён здымае фільмы пра свабоднае мастацтва, наведваў розныя краіны свету, Бірму, Кітай. Вясной ён здымаў сюжэт на плошчы Каліноўскага.

У Стакгольме нам давялося выступаць на эксперыментальнай пляцоўцы Шведскага Каралеўскага драматычнага тэатра.

На тры дні пашчасціла завітаць у Злату Прагу. Два тыдні бесперапынна ішоў фестываль сучаснай музыкі. Мы выступалі ў парку разам са слыннымі рок?гуртамі з Велікабрытаніі.

З жонкай Аняй мы зрабілі экскурсію па горадзе, паглядзелі гістарычны цэнтр, Карлаў Мост.

Старажытная еўрапейская сталіца цікава сінтэзам і ўзаемапранікненьнем розных культур…

Нельга абмінуць канцэрты салідарнасці з Беларусьсю ў Польшчы, вясной 2006-га.

— Так, яны праходзілі за два тыдні да выбараў і трансляваліся польскай тэлевізіяй.

Мы выконвалі самыя знакавые песьні часоў польскай «Салідарнасьці» ў перакладзе на беларускую мову Міхала Анемпадыстава. На канцэрце ў Варшаве прысутнічалі зоркі польскага кінематографа і сярод іх — Анджэй Вайда.

Вялікі канцэрт у Менску на плошчы Бангалор 17 сакавіка быў сабраў вельмі шмат прыхільнікаў пераменаў.

— Напэўна, гэта таму, што Вашы спевы адкрываюць вялізны ўнутраны прастор духу, даюць моцныя крылы, веру у перамогу і няспынны рух да яе. Яны пазбаўляюць людзей страха. Ваша песьня «Усе роўна мы пераможам!» («Гадзючнік») была прызнана адным з лепшых гітоў года.

— Так. Як раз гэты кліп у нашым выкананьні здымаў на плошчы Томас Норданстад.

— А што у вас у планах на гэты год?

— Будзем займацца новымі альбомамі, скіроўваць свае намаганні, каб аматары іх хутчэй атрымалі.

14 студзеня мы ўдзельнічалі ў польскім дабрачынным праекце «Вялікі Аркестр Каляднай Дапамогі». Мэта такіх праектаў, здзяйсьняемых штогод, сабраць сродкі на дапамогу дзецям, хворым на рак, захаваць ім жыцці праз медычную дапамогу і ўдасканаленьне дыягностыкі, альбо падтрымаць іншую катэгорыю сацыяльна безабаронных дзетак. Канцэрт праходзіў ў Беластоку.

— Раней Вы шмат малявалі, удзельнічалі ў выставах. Ці працягваеце цікавіцца выяўленчым мастацтвам?

— Так, канешне. Нават у машыне занатоўваю замалеўкі з натуры, адначасова ўдасканальваю паэтычную думку.

Планую працягваць здзяйсьняць праект з «Нашай Нівай» і рабіць коміксы. На коміксы я хварэў яшчэ з дзяцінства, мы з хлопцамі знаходзілі іх у розных часопісах, абменьваліся, але у нас чамусьці гэты жанр не вельмі развіты. У лепшыя часы я з задавальненнем штомесяц ствараў коміксы для часопіса «Бярозкі», калі мастацкім рэдактарам у ім быў М.Анемпадыстаў.

— Жадаем Вам у гэтым годзе шчасьця, посьпехаў і творчых знаходак!

«Наша Ніва»

Апублікавана 06.02.2007 by  Slaver.