Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Справаздача з паездкі на канцэрт у Маладэчна

Справаздача з паездкі на канцэрт у Маладэчна

Пасьля ўвядзеньня ўладамі забароны на выступы пэўных беларускіх гуртоў, людзі гатовыя ехаць за сотні кіламетраў, каб пабачыць і пачуць сваіх улюбёнцаў. Нікога цяпер не зьдзіўляе прысутнасьць на канцэрце ў невялічкім маладэчанскім клюбе дзесяткаў прыхільнікаў з Менску, Наваградку, Ліды, Гародні і, нават, з польскага Вроцлаву. У нядзелю здаецца сама прырода праніклася важнасьцю падзеі і падарыла нам сьветлае, сонечнае і цёплае надвор’е – вялікая рэдкасьць сёлета. Асноўная грамада з Менску выправілася на прыгарадным цягніку маючы пэўны запас па часе, каб прагуляцца па горадзе. Паўтары гадзіны дарогі праляцелі незаўважна за добрым віном, жартамі, сьпевамі і гульнямі. Цікава было назіраць за тварамі выпадкова патрапіўшых у “наш” вагон пасажыраў. Большасьць з якіх напэўна першы раз у сваім жыцьці бачыла адначасова разам столькі беларускамоўных дзяўчат ды хлопцаў.

У Маладэчне на вакзале нас ужо сустракалі мясцовыя сябры з невялічкім папяровым плакатам. Потым быў пешы пераход да клюбу па доўгай вуліцы, праз парк і нейкія спальныя кварталы. Па дарозе наведалі помнік пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі (!) з павязанай на ім бел-чырвона-белай стужачкай.

Масцер клюб, дзе адбылася імпрэза, ня вельмі прыстасаваны да рок канцэртаў і да такой колькасьці людзей. Памяшканьне малое, вентыляцыя адсутнічае, альбо не спраўляецца. Да таго ж бракавала ўласна сцэны – якога кольвек узвышэньня для музыкантаў. З-за гэтага, напрацягу канцэрту, тым хто не патрапіў у першыя шэрагі, быў бачны толькі Піт, які часам залазіў на нейкае ўзвышэньне. Гук быў дрэнны, у прыбіральню чарга, але... але гэта бадай што максымум на які мы можам разлічваць у сёньняшніх умовах. Павесялілі фотаздымкі “зорак” на сьцяне ля распранальні. Ухцінскі, Саладуха і яшчэ некалькі фэйсаў, якія нажаль не атрымалася ідэнтыфікаваць. Асабліва ўразіў Ухцінскі з такім разухабістым подпісам: “Я вас уважаю”, што адразу прыгадалася показка пра двух мужыкоў ля віна-гарэлачнага...

Мастер клуб. Молодечно. НРМШто да канцэрту, то як заўсёды гралі правераныя часам гіты. Выканалі і некалькі песень з новага альбому: Менск-Мінск, Гадзючнік, Кітай, Сталінград. Нарэшце стала вядома назва доўгачаканага альбому – Нуль шэсьць. Музыкі былі ў гуморы. Вольскі шмат жартаваў. А ягоная рэпліка паміж першам і другім выхадам на біс, у адказ на дружнае “Застаемся”, -- “Ня трэба заставацца. Нас дома семьі чакаюць.” – паказала, што маэстра часьцяком праглядае форумы НРСМаўскага сайту.

Асобнымі сябрамі НРСМ адбыўшыся канцэрт быў адсьвяткаваны півам у парку, пасьля чаго была мабыць самая цікавая частка вандроўкі – вяртаньне дамоў. Усе фэны сабраліся ў адным вагоне і няспынна сьпявалі любімыя песьні, ажно пакуль за вокнамі не паказаліся агні роднага касмапорту вакзалу.

PS: Трэба падзякаваць міліцыі за поўную адсутнасьць якой-небудзь цікавасьці да нашых сьціплых пэрсон да, пад час і пасьля канцэрту.

PPS: колькі фотак з канцэрту ад ingmar, warkus i Польскага радыё.

Фота: ingmar, Польскае радыё.

Апублікавана 09.05.2007 by  Андрэй. Абмяркаваць на форуме