Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › На "Басовішчы" ўпершыню выступіць "Крамбамбуля"

На "Басовішчы" ўпершыню выступіць "Крамбамбуля"

А таксама гурты з розных еўрапейскіх краін і беларускія калектывы, якія даўно не з’яўляліся на фестывалі.

Сёлетні найбуйнейшы фестываль беларускай музыкі “Басовішча”, які штогод у ліпені праходзіць у польскім мястэчку Гарадок, абяцае прыемна здзівіць гледачоў. І гэта пры тым, што фармат канцэртаў істотна не зменіцца. Пра гэта Еўрапейскаму радыё распавёў галоўны арганізатар фестывалю Радэк Дамброўскі:

“Басовішча” — як і заўсёды, гэта фармат музыкі маладой Беларусі. Ён крыху больш схільны да року, але, як паказалі мінулыя гады, на ім можа быць і этна-музыка (“Троіца”), і рэп. Усё гэта плануецца і сёлета. Я думаю, што ад “Басовішча” вялікіх зменаў не варта чакаць, хаця крыху зменіцца склад удзельнікаў: на фестываль прыедуць беларускія гурты, якія даўно не выступалі".

У Гарадок сёлета прыедзе фольк-гурт "Палац", які апошнім разам выступаў на сцэне “Басовішча” 5 гадоў таму, а таксама скандальны "Зніч", які ў 2000-м запомніўся гледачам не вельмі цвярозым вакалістам. Тады Алесь Таболіч замест таго, каб быць на сцэне, размяшчаўся пад ёй — у спакойнай дрымоце.

Сярод беларускіх навічкоў — "Крамбамбуля". А вось Еўропу сёлета прадставяць украінскія металісты "Тінь Сонця", а таксама гурты з Літвы, Італіі, Польшчы і, магчыма, Чэхіі. Што тычыцца заўсёднай праблемы ўсіх наведнікаў фестывалю, а менавіта — харчавання, то сёлета, па словах спадара Дамброўскага, будзе куды шырэйшы выбар страў.

"Будзе інакш: большы выбар ежы і больш смачных страў, каб не есці толькі адныя смажаныя каўбасы і катлеты. Сёлета будуць і супы, і салаты…"

Дарэчы, наконт астатніх музыкаў. Літаральна ўчора вызначыліся ўдзельнікі адборачнага тура. Сябры журы адабралі з 53 прэтэндэнтаў 20 гуртоў. Гэтыя калектывы возьмуць удзел у канцэрце, дзе вызначацца 9 канкурсантаў “Басовішча”. Яшчэ адзін гурт абяруць наведнікі сайта "Тузін гітоў". Пра тое, як працуе журы, Еўрапейскаму радыё распавёў рок-паэт Міхал Анемпадыстаў:

"Былі зроблены дыскі з кампазіцыямі ўсіх прэтэндэнтаў, і кожны сябра журы сам па сабе асобна выбіраў лепшых. Сёлета галасаванне вялося адразу з вызначэннем балаў, і кожны выбіраў 20 удзельнікаў, расстаўляючы іх ад першага месца (20 балаў) да апошняга (1 бал).

Такім чынам, былі абраныя наступныя ўдзельнікі:

1. Cor-set
2. Happy 3 Friends
3. Indra
4. Кальмары
5. Like a Gossamer
6. Lilith
7. SKA!RB
8. SOK
9. Spitaль
10. Termin X
11. Unia
12. Wanted!
13. Weeping Twilight
14. Zig-zag
15. Абшар
16. Джамбібум
17. Заточка
18. РоСтра
19. Спрат
20. Фляўс і Кляйн

Гэтыя гурты выступяць на адборачным канцэрце, які пройдзе ў адным з мінскіх клубаў 15 і 16 чэрвеня. Як адзначыў арганізатар "Адборышча" Віталь Супрановіч, штодня выступяць па 10 калектываў, а таксама запрошаныя госці.

"У першы дзень у якасці госця выступіць брэсцкі гурт “Сцяна”, а ў другі — гурт з Бярозы "Б.Н.". Таксама сярод тых, хто прыйдзе на канцэрт, будзе весціся галасаванне на лепшы гурт. Пераможца атрымае спецыяльны прыз ад арганізатараў адборачнага тура".

Тыя калектывы, якім не ўдасца прабіцца ў шчаслівую дзесятку канкурсантаў, усё ж такі змогуць патрапіць на “Басовішча”, але на “вольную сцэну”. Што датычыцца асноўнай канцэртнай часткі, то, як і заўсёды, выступяць мінулагоднія пераможцы фестывалю, а таксама зоркі беларускага року: N.R.M, "Крама", "Нейра Дзюбель" і іншыя.

Неўзабаве Еўрапейскае радыё распачне свой конкурс, пераможцы якога атрымаюць магчымасць бясплатна патрапіць на самы вялікі фестываль беларускай музыкі. Сачыце за рэкламай і рыхтуйцеся на “Басовішча” разам з Еўрарадыё!

Віталь Малькевіч, Эўрапейскае радыё

Апублікавана 07.06.2007 by  Андрэй.