Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Другая перамога N.R.M.

Другая перамога N.R.M.

Тузін Гітоў датэлефанаваўся да Лявона Вольскага, калі той быў у Кракаве: у пятніцу гурт N.R.M. даваў тут канцэрт. Па дарозе з Кракава ва Ўроцлаў, дзе беларусы дадуць яшчэ адзін канцэрт, музыка падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад чарговай перамогі “Менска і Мінска” ў гіт-парадзе.

У гэтым туры “Менск і Мінск” набрала 976 галасоў. Для параўнаньня: у іх бліжэйшых канкурэнтаў з “Рокашу” – 586. Лявон Вольскі прызнаецца, што сочыць за галасаваньнем, але ў яго хаду ня ўмешваецца. “Прыемна ўбачыць, што да тэмы, узьнятай ў гэтым творы, тысячы (ці тое тысяча?) нашых слухачоў ставяцца неабыякава”, - кажа музыка. Лявон прызнаецца, што тэма “русіфікаванага” Менску даўно яго хвалюе, хоць сама песьня была напісана ўсяго з год таму.

Зараз у N.R.M. – міні-тур па Польшчы. У Кракаве яны далі сольны канцэрт у клюбе, а ўва Ўроцлаве адыграюць сваю праграму ў межах вялікага музычнага фэстывалю. Лявон Вольскі абяцае, што вельмі хутка іх новы альбом «06» ужывую пачуюць і беларускія слухачы. «Плянуем зрабіць прэзэнтацыю ў Менску на пачатку ліпеня. Спадзяемся, што ўсё адбудзецца. Афішаў па горадзе ня будзе, так што сачыце за інтэрнэт-рэклямай», - кажа лідэр N.R.M.

SB, ТГ

Апублікавана 18.06.2007 by  Андрэй.