Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Лявон Вольскі пра падаўжэньне Басовішча на адзін дзень

Лявон Вольскі пра падаўжэньне Басовішча на адзін дзень

Арганізатары фэставаля “Басовішча-2007” вызначылі яго праграму. Найперш дасьведчаным прыхільнікам фэсту кідаецца ў вочы тое, што сёлета ён пройдзе ў тры дні, а ня ў два, як гэта было раней. З 19-га па 21-га ліпеня на сцэне ва ўрочышчы Борэк выступяць каля 30 гуртоў, сярод якіх калектывы зь Беларусі, Польшчы, Украіны і Літвы.

"Басовішча 2007"Ужо стала традыцыяй, што за некалькі гадзінаў перад пачаткам “Басовішча” праводзіцца так званая “Вольная сцэна”. Пад час гэтай часткі выступаюць калектывы, якія ня могуць зайграць у конкурснай праграме, а таксама тыя, каго арганізатары не запрасілі ў якасьці гасьцей. Сёлета “Вольная сцэна” распачнецца а 16-й гадзіне 19 ліпеня. Склад удзельнікаў гэтай часткі арганізатары абвесьцяць ужо на бягучым тыдні. Менавіта пасьля сканчэньня выступу па-за конкурсных гуртоў “Басовішча” будзе абвешчана афіцыйна адкрытым. З праграмай фэста (яшчэ не канчатковай!) можна пазнаёміцца ў разьдзеле пра "Басовішча" нашага сайту.

Новы старшыня “Беларускага аб'яднаньня студэнтаў” Радаслаў Дамброўскі тлумачыць, чым кіраваліся арганізатары, калі складалі праграму сёлетняга “Басовішча”.

- Крытэры былі даволі простыя. Па-першае, мы зважалі на жаданьне гурта што да часу яго выступу. У некаторых калектываў нават былі канкрэтныя патрабаваньні. Акром таго мы зрабілі так, каб у кожны з трох дзён быў свой хэд-лайнэр. І гэта атрымалася.

Радаслаў Дамброўскі таксама кажа, што арганізатары імкнуліся пазьбегнуць прысутнасьці ў адзін фэстывальны дзень двух занадта папулярных гуртоў, то бок такіх, як N.R.M., Neuro Dubel, “Палац” і гэтак далей. Дамброўскі падкрэсьлівае:

- Арганізатары разгрупавалі замежных гасьцей па днях. Да прыкладу, у чацьвер выступіць гурт зь Літвы (яго пакуль няма ў абвешчанай праграме), у пятніцу зайграюць палякі з Farben Lehre, а ў суботу – украінскі гурт “Тінь Сонця”.

Але ж галоўнымі на “Басовішчы” застаюцца выступы вядомых беларускіх гуртоў, якіх празь вядомыя прычыны не пачуеш у Беларусі. Да прыкладу, гурт “Палац”. Гэты калектыў ужо пяць год не зьяўляўся на сцэне “Басовішча”. Алег Хаменка, лідэр “Палацу” распавёў нам, чым зьбіраецца ягоны гурт зьдзівіць гледачоў на фэстывалі.

- Будзе некалькі песень, якіх нават у Беларусі ня ўсе ведаюць. Гэтыя кампазыцыі мы апошнім часам прапаноўвалі і ў Калінінградзе, і на фэстах ва Ўкраіне й Нямеччыне. У нас будзе сапраўдны фэстывальны выступ.

У адрозьненьні ад гурта “Палац” гурт N.R.M. - сталы ўдзельнік “Басовішча”. Мінулыя разы даводзілася чуць ад “энэрэмаўцаў” скаргі на тое, што іх выступ прыпадае на даволі позьні час, калі ўсе слухачы стомленыя. Таму каманда не магла раскрыць сябе напоўніцу. Сёлета канцэрт N.R.M. арганізатары прызначылі на дванаццаць гадзін ночы. З улікам начнога ладу жыцьця на “Басовішчы” гэты час позьнім ня лічыцца. Пасьля лідэраў беларускай рок-сцэны выступіць колішні пераможца “Басовішча”, але ўжо даволі папулярны гурт Tav.Mauzer. Вось што пра зьмяненьне сталай традыцыі кажа фронтмэн N.R.M Лявон Вольскі.

- Хацелася б верыць, што і мы будзем жывейшыя, і слухачы таксама. “Маўзэрам” прапанавалі добры хэд-лайн. Мне вельмі прыемна за іх. Што да N.R.M., то хацелася б яшчэ раней выступіць, але раз так атрымалася, то й гэта добра. Файна, што не а другой гадзіне ночы…

Што ж тычыцца правядзеньня “Басовішча” у тры дні, то Лявон Вольскі лічыць гэта добрай навіной. На яго думку, гэта ня стоміць наведнікаў.

- “Басовішча” - гэта адзіны беларускамоўны фэст, які ператрываў 18 год. Таму, я думаю, людзям варта прыехаць і на тры дні.

Аляксей Мінчонак, “Тузін Гітоў” для Радыё “Рацыя”

Апублікавана 26.06.2007 by  Андрэй.