Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › "Крамбамбуля" адчыніла святочны паштамт

"Крамбамбуля" адчыніла святочны паштамт

Гурт "Крамбамбуля" адчыніў першы ў Беларусі паштамт новага, святочнага тыпу. З яго дапамогай кожны жадаючы можа бесплатна даслаць электронную віншавальную паштоўку сваім родным, сябрам і знаёмым. Трапіць туды можна праз афіцыйны сайт www.krambambulya.com.

"Што робіць кожны культурны чалавек, калі надыходзіць свята? Правільна, спачатку віншуе з ім сваіх сяброў і знаёмых, а потым ужо святкуе сам, - лічыць лідэр гурта Лявон Вольскі. - Менавіта таму нам падалося, што святочны паштамт - гэта цалкам лагічны і неабходны дадатак да нашага новага альбому "Крамбамбуля Святочная". Мы - за культурны лад жыцця".

Усе паштоўкі намаляваў вядомы беларускі мастак Міхал Анемпадыстаў. Сярод прадстаўленых на паштамце святаў ёсць персанальныя (дзень нараджэння, вяселле) і масавыя (Новы год, Купалле), модныя (дзень св. Валянціна, дзень св. Патрыка, Хэлаўін) і не вельмі (1 мая, 7 лістапада). Разам з кожнай паштоўкай адрэсат атрымлівае песню "Крамбамбулі", прымеркаваную да кожнага свята.

Між тым спецыяльна для жыхароў іншых рэгіёнаў свету, святочны паштамт мае таксама англійскую версію, у якой на паштоўках змешчаны спецыяльныя каментары да пэўных святаў ды узоры вымаўлення розных віншаванняў па-беларуску.

Дарэчы, хутка (з 6 на 7 ліпеня) Купалле - час віншаваць!

Апублікавана 27.06.2007 by  Андрэй.