Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › У МАГІЛЁВЕ СПЯЮЦЬ “КРАМБАМБУЛЯ” І ПРАСНЯКОЎ

У МАГІЛЁВЕ СПЯЮЦЬ “КРАМБАМБУЛЯ” І ПРАСНЯКОЎ

Сёння ў Магілёве з нагоды Дня гораду адбудзецца выступ “Крамбамбулі”. Гурт будзе граць з “Лепрыконсамі” ў межах рэкламнай акцыі МТС.

Лідэр “Крамбамбулі” Лявон Вольскі кажа, што гэта дзіўна, але гэта праўда: “У Магілёве на лета запланаваныя нават два канцэрты групы”. На пытанне, ці не азначае гэта скасаванне негалоснай забароны на выступы ягонага калектыва, Вольскі адказвае, што не: “У Гродна і Лідзе граць групе ў межах той жа рэкламнай кампаніі не дазволілі”.

На іншай пляцоўцы, таксама ў цэнтры Магілёва, пройдзе канцэрт-акцыя Velcom. У ёй возьмуць удзел зоркі расейскай эстрады Наталля Падольская, ураджэнка Магілёву, і ейны муж Уладзімір Праснякоў. Яны абяцаюць парадаваць слухачоў песнямі “Поздно” і “Стюардесса по имени Жанна”.

Да рэкламавання гэтага канцэрта далучыўся афіцыйны сайт Магілёўскага аблвыканкаму. У змешчаным на ім артыкуле сцвярджаецца: “Вы здолееце ўбачыць усё на ўласныя вочы, зарадзіцца энергіяй жывога гуку, атрымаць мора пазітыву, калі станеце ўдзельнікам галоўнай падзеі гэтага лета – канцэрта “Ўсе на Velcom”.

Ян МАЎЗЭР

Апублікавана 30.06.2007 by  Андрэй.