Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › “Крамбамбуля” прагучала і акультурылася ў Нямеччыне

“Крамбамбуля” прагучала і акультурылася ў Нямеччыне

КрамбамбуляГурт “Крамбамбуля” з пазітыўным настроем і добрымі ўражаннямі вярнуўся на радзіму пасля канцэртаў у Дрэздэне і Берліне, дзе музыкі прадставілі свой апошні альбом “Крамбамбуля Святочная”, піша сайт tut.by.

Першыя ў біяграфіі калектыва гастролі ў Нямеччыне прайшлі паспяхова. У Дрэздэне разам з “Крамбамбуляй” на сцэне былі расійскія гурты Messer Chups і “Мегаполіс”. У Берліне беларускія музыкі гралі з гуртамі Re Beat (Грузія) і Khoiba (Чэхія).

Абодва выступы сабралі шмат гледачоў і публіка вельмі добра прыймала “Крамбамбулю”, але Лявона Вольскага больш уразіў менавіта канцэрт ў Берліне: “У Дрэздэне мы гралі ў межах міжнароднай канферэнцыі незалежнай музыкі, таму з публікай там усё было больш зразумела. А вось у Берліне, дзе кожны дзень адбываецца каля 30 канцэртаў, сабраць поўную залу, якая адрывалася разам з намі, было досыць нечакана. Між тым большасць гледачоў складалі менавіта немцы”.

Затое Дрэздэн стаўся галоўным культурным цэнтрам гастроляў. Амаль увесь горад з’яўляецца сапраўдным музеем, таму як “крамбамбульцы” ні спяшаліся, за два дні абыйшлі яны далёка не ўсё, але ўбачаннае вельмі ўразіла, асабліва Дрэздэнская галерэя - адна з найбуйнейшых і найвядомейшых мастацкіх калекцый у свеце.

Там музыкі гурта паглядзелі арыгіналы вядомых шэдэўраў Рубенса, Рафаэля, Тыцыяна, Батічэлі, Тынтарэта, інш. Экскурсаводам быў сам Лявон Вольскі. “Я вывучаў усё гэта спачатку ў мастацкай школе, потым у вучэльні. Я не ўпершыню у гэтай галерэі, але кожны раз ад гэтых палотнаў атрымліваеш сапраўдны культурны і эмацыянальны шок”, - патлумачыў ён.

А яшчэ ўдзельнікі “Крамбамбулі” вынайшлі сувязь Дрэздэна з Беларуссю - менавіта з гэтага горада, у той час сталіцы Саксоніі, паходзіў Аўгуст II “Моцны” - курфюрст Саксоніі, кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага.

Апублікавана 20.09.2007 by  Андрэй.