Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Крамбамбуля адмовілася ад выступу на Дажынках

Крамбамбуля адмовілася ад выступу на Дажынках

"Крамбамбулю" запрашалі на "Дажынкі" ў Рэчыцу, аднак музыкі адмовіліся дзеля карпаратыўніка.

З асноўнымі мерапрыемствамі сёлетняга фестывалю Еўрарадыё азнаёміла ідэалагічны работнік фестывалю Валянціна:

“Праграма разлічана на 2 дні. У нас задзейнічана 6 буйных канцэртных пляцовак. Першы дзень – урачыстае адкрыццё фестывалю. Вечарам канцэрт Нацыянальнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Фінберга. Рыцарскі турнір будзе. Пасля – свята піва і феерверк. На другі дзень святочны канцэрт.

Потым гала-канцэрт, у якім будуць прымаць удзел толькі зоркі беларускай эстрады. У гэты ж час на пляцоўцы амфітэатра будзе канцэрт з удзелам гуртоў “Пиво вдвоём”, “Da Vinci”, “Крамбамбуля”. Таксама на другі дзень будзе працяг рыцарскага турніру і свята піва”.

Дарэчы, прысутнасць у праграме"Дажынак" "Крамбамбулі" была большай нечаканасцю. Еўрарадыё датэлефанавалася да дырэктара гурта Ганны Вольскай і спытала, ці сапраўды калектыў збіраецца ў Рэчыцу:

"Гэта цікавая прапанова, і калі б да нас звярнуліся, мы б яе абавязкова разглядзелі. Але калі гэта на бліжэйшых выходных, то мы не пагодзімся, бо ў нас запланаваны выступ недзе на Нарачы і для кампаніі Volvo".

Сам лідэр гурта Лявон Вольскі чуў пра выступ "Крамбамбулі" на "Дажынках" толькі ад шматлікіх сяброў, якія бачылі назву калектыву ў раскладзе свята.

Крыніца, блізкая да "Крамбамбулі", расказала Еўрарадыё, што прапанова ўдзельнічаць у "Дажынках" усё ж такі была.

Апублікавана 21.09.2007 by  Андрэй.