Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › N.R.M. сёння прэзентуе новы альбом, але ўсе квіткі на канцэрт прададзеныя

N.R.M. сёння прэзентуе новы альбом, але ўсе квіткі на канцэрт прададзеныя

Увечары ў сталічным клубе Фартуна (вуліца Смаленская, 15, ст. м. Пралетарская) пры падтрымцы Еўрарадыё адбудзецца вялікая прэзентацыя новага альбома “06” славутага беларускага гурта N.R.M. Напярэдадні канцэрта Лявон Вольскі распавёў, што чакае фанатаў сёння ўвечары.

— Лявон, што вы будзеце граць сёння?

— Сёння будзе сыграны ўвесь новы альбом, а таксама некаторыя старыя песні, якія рэдка граюцца і вядомыя песні, так званыя хіты, або “хіцяры”.

— А ці запрашалі вы якіх-небудзь адмысловых зорак на канцэрт?

— Зорак не будзе. Як Крама запрасіла Аруцюнава, вы думаеце, можа і мы будзем некага запрашаць, можа быць гэтага… Грэбеншчыкова. Не. Будуць запрошаныя ўсе энэрэмаўскія дзеці. Гэтым разам будзе і мая Адэля. У дзвюх песнях зноў будзе духавая секцыя, якая грае ў Крамбамбулі. Яны дапамогуць і N.R.M. таксама.

— Чаму прэзентацыя толькі цяпер?

— Па-першае, летам прэзентаваць альбом няма сэнсу. Па-другое, у нас, як вы ведаеце, вялікія праблемы з памяшканнямі, заламі. Нават цяпер ніхто не застрахаваны ад таго, што сёння нешта здарыцца: “каналізацыю там прарве”, ці “пажар” нейкі. У Варшаве мы даўно прэзентавалі, а ў нас трэба было чакаць, пакуль зоркі складуцца ў адпаведную фазу, каб можна было сыграць.

— Апошнім часам гурт часта выступае за мяжой. Якія канцэрты вам найбольш запомніліся?

— Апошні канцэрт быў ў польскім Любіне недалёка ад Вроцлава на вельмі вялікім чатырохдзённым фестывалі, прысвечаным як заўсёды грамадскім свабодам і г.д. Хэдлайнерам быў вядомы музыкант і акцёр Боб Гэлдаф (сыграў галоўную ролю ў фільме “Сцяна” Pink Floyd” – заўв. рэд.). Таксама выступаў слынны чэшскі гурт The Plastic People of the Universe, які ў свой час пасядзеў у вязніцы за альтэрнатыўны склад мыслення, і шмат хто яшчэ.

— Як хутка чакаць наступнага альбома і увогуле якія планы ў гурта?

— Гэта творчасць. Тут цяжка нешта планаваць. Планы такія — граць канцэрты. Спадзяемся, што канцэрты будуць адбывацца ў Беларусі, таму што для музыканта, прынамсі, для нас вельмі істотным з’яўляецца кантакт менавіта з нашай аўдыторыяй. Планы таксама звязаныя з кліпамі. Мы ўпершыню выступім у ролі сцэнарыстаў. Плануецца зняць кліпы на дзве песні “Ніколі-ніколі” і “Тое, што ёсць паміж намі”, а таксама перазняць “Мінск і Менск”. Што датычыцца новых песень, то іх няма. У бліжэйшым часе мы пачнём працу над песняй да трыб’юта Нейра Дзюбеля. Песню мы абралі, але казаць якую пакуль не будзем.

Нагадаем, пачатак сённяшняга мерапрыемства а 19-й гадзіне. Аднак, калі вы не парупіліся наконт квіткоў папярэдне, то на канцэрт вы ўжо наўрад ці патрапіце. Усе квіткі прададзеныя. Пра гэта нам паведаміў арганізатар канцэрта Павел Кашырын.

“На дадзены момант усе квіткі на канцэрт N.R.M. прададзеныя. І ніякіх замоваў мы ўжо, на жаль, не бярэм, бо клуб не гумавы. Мы спадзяемся, што ўсё ў нас атрымаецца і будзе вялікае свята!”

Віталь Малькевіч

Апублікавана 10.10.2007 by  Андрэй.