Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Тое, што нам здавалася калісьці абсурдам, цяпер падаецца натуральнай рэчаіснасьцю

Тое, што нам здавалася калісьці абсурдам, цяпер падаецца натуральнай рэчаіснасьцю

Лявон Вольскі будзе нашым галоўным ньюсмэйкерам на гэтым тыдні. Чытайце чарговыя разважаньні на Свабодзе.

Працягваем знаёміць нашых чытачоў з поглядамі грамадзкага рэдактара тыдня – вядомага рок-музыкі, літаратара, мастака Лявона Вольскага.

Уліцёнак: “Што думае літаратар Лявон Вольскі пра сытуацыю зь пісьменьніцкімі саюзамі?”

Вольскі: “Яна зусім абсурдовая! З афіцыйным дык наагул… Бо там такія, пардон, сабраліся людзі, якія раней заўсёды былі на трэціх ролях”.

Уліцёнак: “Калі ня “як”, то хоць “пра што” варта пісаць цяпер, каб быць у авангардзе?”

Вольскі: “Цяпер у асноўным людзі чытаюць бэлетрыстыку, таму, на мой погляд, трэба ствараць сваю, беларускую плынь у гэтым кірунку. На тое ў свой час шмат сілаў і часу паклаў, напрыклад, Караткевіч”.

Уліцёнак: “Хто працягвае ягоную справу сёньня?”

Вольскі: “Літаратура – такі жанр, які ўва ўсім сьвеце спансаруецца дзяржавай альбо нейкімі фондамі. А ў нас гэтага нічога няма, на жаль.

Літаратура – мастацтва не зусім элітарнае, але й яго трэба прышчапляць у шырокіх масах. Народ неабходна адукоўваць… Гэта й робіць без усялякай падтрымкі незалежніцкая літаратура. Дзяржава ж дапамагае выключна ляяльным…

Тым ня менш “незалежнікі” ў пэўных колах насуперак усяму папулярныя. Я ведаю, што выдатна разыходзяцца ўсе кнігі Ўладзі Арлова, Глобус з Хадановічам чытаюцца і гэтак далей. У “Нашай ніве” з задавальненьнем сачыў за дэтэктывам Наталкі Бабінай”.

Уліцёнак: “У вас – амаль як у Герцэна: вузкаватае літаратурнае кола…”

Вольскі: “Амбіцыі элітарнасьці трэба пакуль што пакінуць пры сабе, а лепш пакласьці іх далёка-далёка ў шуфляду і ісьці да народу. У нас задужа шмат элітарных мастакоў, паэтаў, празаікаў, якія гавораць, што найперш працуюць на сябе, што ім пляваць на “шырокія масы насельніцтва”, паводле іх – “ідыятычнага”.

Мне падаецца, у нашай сытуацыі гэта ну зусім няправільна! Бо мы жывем не ў Бэрліне, а ў Беларусі, і бяз публікі мала што значым. Трэба бліжэй да народу”.

Уліцёнак: “Ваш бацька не хаваў сваіх дэмакратычных поглядаў. А цяпер ягоных аднагодкаў-дэмакратаў выкідваюць з падручнікаў…”

Вольскі: “Няма чаму зьдзіўляцца – павыкідаюць усіх, пакуль ня зьменіцца час, а ўсьлед за ім – лад. Цяпер усё працуе ў адным кірунку: максымум ляяльнасьці, ніякіх там хістаньняў…

Тое, што нам здавалася калісьці абсурдам, цяпер падаецца натуральнай рэчаіснасьцю”.

Аляксандар Уліцёнак, Менск

Апублікавана 23.10.2007 by  Андрэй.