Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Піт Паўлаў: у беларускім этэры засільле папсы

Піт Паўлаў: у беларускім этэры засільле папсы

На беларускіх FM-станцыях — засілле беларускай папсы, што капіруе расійскіх выканаўцаў. Такое меркаванне выказаў музыкант гурта "N.R.M." Піт Паўлаў на круглым стале "Сучасная музычная індустрыя. Спосабы выжывання", што прайшоў 16 лістапада ў рэдакцыі газеты "Советская Белоруссия".

"На мой погляд, узровень папулярнай музыкі, што гучыць у эфіры беларускіх FM-станцый, вельмі нізкі, — сказаў вядомы выканаўца. — Прычын для гэтага некалькі. Па-першае, беларускія FM-станцыі абавязаныя згодна з рашэннем Міністэрства культуры ўключаць у свой эфір не менш за 75% беларускай музыкі. Якаснай музыкі, што адпавядае патрабаванням радыйшчыкаў, не дастаткова. Па-другое, яўна недастатковая кампетэнтнасць людзей, якія адказваюць за эфір FM-станцый".

Гаворачы пра квоту для беларускіх выканаўцаў, Аляксей Набееў, лідэр гурта "Атлантыка", зазначыў, што "яна неабходна, але павінна быць разумнай, гэта значыць меншай, чым цяпер".

Аляксандра Гайдук, генеральны прадзюсер канала "МузТВ" у Беларусі наконт гэтага сказала, што бачыць у квоце для беларускай музыкі сродак падтрымкі айчыннай культуры. Праблема, на яе погляд, у тым, што "ў нашых умовах беларускія музыканты не гатовы запоўніць эфір якаснай папулярнай музыкай у такой вялікай колькасці. Эфір часта запоўнены кампазіцыямі непрафесіяналаў і нагадвае самадзейнасць. Магчыма, музычнай грамадскасці варта выйсці з прапановай паменшыць квоту беларускіх выканаўцаў у эфіры. У такім выпадку ў эфір будзе трапляць найлепшае".

БелаПАН

Апублікавана 18.11.2007 by  Андрэй.