Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Здраднікі

Здраднікі

Гэты тэкст узяты з блогу Лявона Вольскага. Перадрукоўваем яго цалкам:

Даўно не бачыў такіх эмоцыяў у нэце. Прычым, з нагоды чаго? Некалькі музыкаў згадзіліся пайсьці на прыём да чыноўніка. І схадзілі. Музыкі гэтыя маглі дамовіцца і нічога не казаць журналістам. Наогул, пра гэты нядоўгі час, праведзены ў адміністрацыі, мог ніхто ня ведаць. Дык не. Усё шчыра распавялі, некаторыя штосьці паблыталі ад залішніх эмоцыяў, ну, людзі імпульсыўныя, што зробіш.

І пачалося! І.Халіп напісала па гарачых сьлядах артыкул. У ім сьцьвярджае, што музыканьцікаў запрашалі на мітынгі, проста з чыстага альтруізму, каб даць ім, бедным і няшчасным, хоць нейкую пляцоўку, бо ў КЗ і іншыя залі не пускаюць.
Маладыя змагары прапануюць прыйсьці на будучы (напрыклад, у той жа КЗ)канцэрт шматлікім натоўпам, пракрычэць “ганьба!” і прыгожа сыйсьці.
Ну, і іншыя рэчы – выкідаюць кампакты, сьціраюць песьні зь вінчэстэраў…
Карацей, зараз будзе забарона зь іншага боку?

А дзе ж былі маладыя змагары цягам гэтых трох гадоў? Чаму ніхто ня зладзіў пікету перад выканкамам, які не давал дазволу на правядзеньне канцэртаў? Чаму не было нават ідэі мітынгу ў падтрымку забароненых музыкаў? Іх жа і забаранілі пасьля ўдзелу ў мітынгу? Чаму з гэтае праблемы не разьдзьмулі шум на ўвесь сьвет? Трэба было чакаць ініцыятывы ад Эўразьвязу?

Хлопчыкі з БНФ хадзілі, зьбіралі подпісы… Ужо за гэта дзякую. Але ці надта дзейсна гэта – у нашай краіне зьбіраць за кагосьці подпісы?

Я, па-шчырасьці, чакаў грамадзкага й моладзевага абурэньня, нейкіх актыўных дзеяньняў. Нуль. Паша Кашырын зь юрыстам цягаўся дзень за днём да Аньціповіча ў гастрольны адзьдзел… Дазвольце канцэрт “Крамы”! Безвынікова. Рэакцыя ў сеціве (ня тое, што зараз!) мінімальная…

І болей за ўсё нэрвавала, што не даказаць гэтую забарону. Хітра, цынічна. Патэлефанавалі дырэктару клюбу: “Хочаш быць дырэктарам? Канцэрт ня мусіць быць”. Адмянілі.

Самае брыдкае – уражаньне, што ўсё гэта ўсіх задавальняла. Як задавальняе ўсіх (і Захад) цяперашняя сытуацыя ў краіне. Вось яны – чыстыя, сьветлыя нашыя забароненыя музыкі. Нашае сумленьне. Сядзяць без канцэртаў. Затое не заплямілі сябе супрацай.

Пачакайце, дык мы ж тры гады таму былі на БТ і ОНТ, і на дзяржрадыё. Значыцца, ужо заплямілі? Ці як? А наогул, правядзеньне канцэрту ў Палацы рэспублікі - гэта нармальна? Ці лепей да гэтага будынку і блізка не падыходзіць? А КЗ “Мінск”? Таксама цалкам дзяржаўная, уладная заля.

Добра быць прафэсійным змагаром. А заадно працаваць праграмэрам. Ці рэклямістам. Удзень папрацаваў у офісе, увечары – змагаесься ў нэце, выкідаеш у сьметніцу дыскі прадажных музыканьцікаў. Дык вы лепей вазьміце дазвол на правядзеньне пікету на Бангалёры і спаліце там дыскі. Будзе болей помпы і розгаласу. Насамрэч! Вось гэта пратэст!

Адмыслова заўжды стараюся нічога кепскага не казаць пра апазыцыю. Проста не ствараць лішні прэцэдэнт. У аднабаковым парадку. Апазыцыйная прэса зь любой нагоды нас, музыкаў, крытыкуе й падначвае. Вось Халіп… Цяжка было пачакаць, пакуль ня ўлягуцца эмоцыі? Пляцоўку нам давалі для выступаў? Давайце шчыра: зусім зь іншае нагоды нас туды, на мітынгі запрашалі і запрашаюць. Зь якой? Ня будзем ствараць прэцэдэнт…

Каб не прызвычаіўся я да наездаў у сеціве, дык кінуў бы гэта ўсё на халеру! Паехаў у іншую краіну, дзе мяне з задавальненьнем прымуць, ці ў вёску, ці яшчэ куды…
Варашкевічу 47. Тры гады без канцэртаў. Перажывае, а як жа ж! Кулінковічу адмянілі прэзэнтацыю “Штазі”. Шок, стрэс. Тут яшчэ лайном паліваюць у нэце… На Сашу цяжка глядзець.

Халіп: “абыйдземся на сваіх мітынгах бяз вашых песень”. А зь якімі застанецеся? Са сваімі?

Вычварнае грамакзтва. Палярызацыя. Ніхто нікога ня слухае. Ня ўмеюць дамаўляцца. Дзейнічаюць аднымі з апанэнтамі ад улады мэтадамі. Лаюцца, б’юцца…
Калі палітыкі пісалі лісты да Пяткевіч і праводзілі супольныя зь дзяржавай акцыі (не заўважаныя дзяржавай) “За Беларусь! За Свабоду!”, змагары не крычэлі “Ганьба!” Яны абклейвалі стыкерамі з гэтымі лёзунгамі дзьверы пад’ездаў. А тут – бачыце! – музыкі пайшлі ў адміністрацыю. Дамаўляцца. І там недзе ціха прадалі радзіму, а зараз ціхараць гэтыя свае дамовы.

Ніколі мы нікому нічога не абяцалі. Ані ўладзе, ані апазыцыі, ані цывілізаванай Эўропе. “N.R.M.выехалі толькі на пратэсьце”… Трызьненьне. У нас шмат фанаў, якія не разумеюць тэкстаў песень. У розных краінах, паверце.

А цяпер можна спакойна выкінуць у фортку нашыя дыскі. Хтосьці там, унізе, іх падыме.

Апублікавана 23.11.2007 by  Андрэй.