Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › NRM замест Поля цудаў

NRM замест Поля цудаў

Тэлеканал ОНТ рыхтуе прэм'еру каляднага тэлепраекту «Нашы песьні. Вэрсія 2007» з удзелам гурта «Крама» і Зьмітра Вайцюшкевіча. Генэральны прадусар ОНТ Ягор Хрусталёў у інтэрвію ТГ наконт удзелу іншых прадстаўнікоў альтэрнатыўнай сцэны: «Гэта мусіць адказваць шырокаму спэктру інтарэсаў. Я, напрыклад, сам даўно не гляджу праграму „Поле чудес“, але ці замяніць яе канцэртам N.R.M.? Пэўна, што будуць людзі, якія скажуць вялізны дзякуй за гэта, але большасьць будуць прагнуць пабачыць „Мою прекрасную няню“ ці нешта падобнае».

Першая частка праекту «Нашы песьні. Вэрсія 2007» выйдзе ў этэр ОНТ ужо на наступным тыдні – 24 сьнежня ў 18:25. У ёй беларускія выканаўцы прасьпяваюць наноў вядомыя беларускамоўныя гіты. Ягор Хрусталёў апавядае, што на здымкі гэтага шоў натхніў посьпех восеньскага канцэрту ў межах акцыі «Вялікія гастролі ОНТ»: «Для таго канцэрта на нашую замову беларускія музыкі зрабілі новыя аранжыроўкі вядомых беларускіх песень. І выйшла вельмі ўдала. Прычым па зьвестках рэйтынга ён апярэдзіў усе іншыя канцэрты ОНТ – і Тота Кутуньё і „Дыскатэку 80-х“».

Сярод плоймы поп-выканаўцаў, якія зазвычай бяруць удзел у праектах беларускага тэлебачаньня, гэтым разам свае песьні засьпявалі гурт «Крама» ды Зьміцер Вайцюшкевіч. Ягор Хрусталёў кажа, што гэтых выканаўцаў ня вельмі проста было схіліць да ўдзелу ў тэлешоў: «Як я адразу прапанаваў Вайцюшкевічу, той кажа: толькі за грошы! А Ігар Варашкевіч некалькі разоў нават адмаўляўся. Казаў: я вось выступлю, а мне пачынаюць гаварыць, што ідэю прадаў… Урэшце рэшт Дзіма пагадзіўся і сьпяваў „Зорку Вэнэру“ на Багдановіча, а Ігар з „Крамай“ – новую вэрсыю „Стэфкі“».

Плянуецца, што другая частка гэтага праекту выйдзе ў этэр налета – 7 студзеня. У ёй беларускія выканаўцы будуць выконваць свае песьні, пераважна прэм'ерныя. Так, «Крама» выканае «Жыцьцё – дзіўны сон» – загалоўны трэк з свайго апошняга альбома, а Вайцюшкевіч засьпявае песьню на верш Някляева – «У нашых снах».

Зьміцер Вайцюшкевіч кажа, што сапраўды на ОНТ ганарару ня плоцяць. Але ён вырашыў даць згоду, бо праграма беларуская і даўненька падобных праектаў на беларускім ТБ не было. Зьміцер кажа, што ўжо амаль пяць год ён ня ўдзельнічаў у тэлепраектах: «Тое, што запрасілі мяне і „Краму“ – можна лічыць нейкім крокам насустрач, станоўчым зрухам. Але ж гэта сытуацыя, якая склалася ў Беларусі, вельмі дзіўная», - зазначаў сьпявак у інтэрвію ТГ.

Ігар Варашкевіч згадвае, як з год дзесяць таму «Крама» брала ўдзел у здымках для праграмы Ядзьвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, якія праводзіліся ў Палацы спорту. «Тады мы гралі жыўцом, а цяпер у тэлепраектах магчыма ўдзельнічаць толькі пад фанаграму. Вось галоўная праблема. А ў астатнім – два мільёна гледачоў убачаць такі гурт „Крама“. Думаю, што шмат хто зь іх і ня ведае, што ён існуе»…

Генэральны прадусар ОНТ Ягор Хрусталёў кажа, што зь цягам часу ў тэлепраектах каналу могуць зьявіцца іншыя прадстаўнікі беларускай альтэрнатыўнай сцэны. Ня выключыў прадусар нават зьяўленьня на ОНТ Лявона Вольскага: «Гэта пытаньне часу і яго стаўленьня да нашых праектаў».

Але пры гэтым Ягор падкрэсьліў, што такое магчыма толькі ў межах тэлефармату: «Гарык Сукачоў жа на ОРТ зьяўляецца таксама толькі ў нейкіх спэцыяльных праектах ці позна ўвечары. Ёсьць пэўныя стандарты агульнанацыянальнага каналу, які мусіць адказваць шырокаму спэктру інтарэсаў. Я, напрыклад, сам даўно не гляджу праграму „Поле чудес“, але ці замяніць яе канцэртам N.R.M.? Пэўна, што будуць людзі, якія скажуць вялізны дзякуй за гэта, але большасьць будуць прагнуць пабачыць „Мою прекрасную няню“ ці нешта падобнае. А тое пра што мы кажам – добра ў пэўных межах разуменьня, калі гэта набліжаецца да больш шырокай аўдыторыі».

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

Апублікавана 19.12.2007 by  Андрэй.